Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 15
«Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага» (Мк 2, 3).
Зноў запрашаю вас на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення. Праслаўленнем Бога можа быць тваё жыццё, нават калі ў ім ёсць паралюш! Большым праслаўленнем з’яўляецца прызнанне гэтага паралюшу і запрашэнне Бога, каб дакрануўся да твайго жыцця.
Чалавек ёсць пілігрымам, ён створаны для руху. Жыццё — гэта рух і пастаяннае змаганне.
Пілігрым заўсёды ідзе да мэты, пакліканы шукаць і знаходзіць супольнасць са сваім Стварыцелем, з іншай асобай і з самім сабою.
Біблія вучыць, што чалавека спаралізавалі страх і няведанне, куды ісці (гл. Быц 3). Чалавек разгублены. Ён паверыў хлусні і ў выніку страціў лучнасць з Богам і арыенцір жыцця. Чалавек страціў траістую супольнасць. Паралюш закранае ўсяго чалавека, цалкам, у сэнсе розуму, волі, адносін…
Вялікі пост — гэта час для ўсведамлення свайго паралюшу. Няма руху! Няма жыцця!
Прызнанне схаванага паралюшу — ужо перамога, палова шляху да ацалення. Ці адчуваеш паралюш у сабе? Можа, табе цяжка камунікаваць з кімсьці. Можа, не зносіш прысутнасці той ці іншай асобы. Табе панічна сорамна за свае ўчынкі або ўчынкі іншага чалавека. Ты спаралізаваны навінамі. Не можаш прабачыць…
Паралітыка прынеслі чацвёра чалавек, якія сімвалізуць касмічную лічбу: чатыры элементы свету (вада, паветра, зямля, агонь), а таксама чатыры бакі і вымярэнні свету. Для Айцоў Касцёла чатыры асобы, якія нясуць паралізаванага, — гэта таксама чатыры евангелісты, чыя місія — весці ўсіх да Хрыста. За хворага можна парадавацца, таму што ён мае неабыякавых памочнікаў, сяброў. Ты можаш убачыць сябе сярод тых чатырох, якія нясуць, суправаджаюць многіх іншых людзей да Хрыста.
Ці распазнаеш пакліканне да апостальскага служэння — насіць паралітыкаў да Хрыста? Цудоўная місія!
Для таго, каб насіць іншых, спачатку трэба дазволіць Хрысту зрушыць тваё жыццё. Важней распазнаць свой паралюш і запрасіць туды Хрыста.
Жывеш, бегаеш, размаўляеш, знаёмішся з новымі людзьмі, адных называеш сябрамі, іншых найлепшымі сябрамі, іншых — проста знаёмымі… Але, па шчырасці, хто для цябе ўсе гэтыя людзі? Хто на самай справе добры прыяцель? Кім ты з’яўляешся для ўсіх гэтых людзей? Якой дарогай яны вядуць цябе? Ці з імі ты сустрэў Езуса? Ці часам ты не застаўся адзін? Найлепшы прыяцель — той, які табе не здрадзіць, які ў тваім падзенні і немачы душы не пакіне цябе, а возьме за руку і павядзе да Хрыста. Не супраціўляйся, не крыўдуй на яго, бо ён можа стаць тваім малым шляхам да збаўлення.
Пане, дазволь убачыць маю спаралізаванасць! Дай мне чатырох сяброў, якія мяне панясуць у Твае абдымкі! Пакліч мяне да служэння найбольш патрабуючым і зраненым людзям…
Зрабі невялікі спіс сяброў і праглядзі, ці ёсць сярод іх той, праз каго Бог да цябе прамаўляе; той, які табе заўсёды пакажа на твой учынак. Патэлефануй яму, сустрэнься і шчыра падзякуй, успамінаючы гэтыя яскравыя моманты. Будзь сам для іншых сябрам — шляхам да Хрыста.