Пошук

07.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 14

«І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў» (Мк 3, 14–15).

Менавіта гэтыя словы навучаюць пра асновы і прынцыпы духоўнага жыцця. Быць з Панам — гэта першаснае пакліканне Хрыстовага вучня. Евангеліст Марк невыпадкова робіць тут акцэнт, бо на першым месцы заўсёды павінна быць прабыванне з Богам, на другім — прапаведванне, на трэцім — выгнанне злых духаў і аздараўленне.

Ці раней звяртаў увагу на гэтыя словы Пісання? Што для цябе азначае «быць з Ім»?

Перш за ўсё, гэта азначае наяўнасць асабістай малітвы, блізкія адносіны з Панам. Евангеліст ставіць дзейнасць на другое месца, бо калі няма ніякай сувязі з Езусам, то пропаведзь не атрымаецца, а служэнне стане прэсным. Быць з Богам — гэта распазнаваць сваё пакліканне, якое перадусім азначае быць з Ім, інакш кажучы, быць Ягоным умілаваным, дазволіць палюбіць сябе.

Вучні тры гады былі з Хрыстом, каб Яго больш пазнаць, мацней палюбіць і руплівей наследаваць. За ўвесь гэты час яны нічога вялікага не здзейснілі. Час ад часу Езус даваў ім нейкія заданні. Былі выпадкі, калі ім удавалася выганяць дэманаў: тады вучні радаваліся, але часам не ўдавалася, і яны прыходзілі да Хрыста са спушчанымі галовамі. Вось жа, найгалоўнейшым для іх было проста навучыцца быць з Панам.

Ілюстрацыйная выява: Antonio Calanni/AP file photo

У першую чаргу, мы зважаем на запаведзь любові да бліжняга. Нас упарта вучаць служыць і дарыць любоў. Аднак, не прыняўшы любові, мы не зможам палюбіць бліжняга.

Не прыняўшы любові Бога, мы не зможам, не здолеем і не захочам любіць Бога, які ёсць Духам.

Калі дзіця ў маленстве не адчула любові, яно з цягам часу не зможа і не пажадае выяўляць любоў да іншых, бо няма крыніцы любові. Бог ёсць любоў (1 Ян 4, 16) і толькі ў Ім знаходзіцца крыніца любові. Езус звяртаецца да апосталаў: «дзеці».

Прызначэнне дзіцяці — атрымліваць любоў, бо яно напоўніцу залежыць ад яе. Паразважай над тым, што ты — дзіця, якое Пан жадае адарыць сваёй любоўю.

Быць з Богам — значыць усведамляць, што ты створаны на Яго вобраз і падабенства.

Быць з Ім — тое месца, дзе нараджаецца сапраўдная місія, жывая пропаведзь, а таксама вялікае сэрца, гатовае да барацьбы.

Быць з Панам азначае даверыцца Яму, быць у Яго абдымках, больш пазнаваць Яго, але таксама і сябе, умілаванае дзіця.

Быць з Панам азначае, што Ён заўсёды перад табой і поруч з табой.

Быць з Панам — значыць проста слухаць, захоўваць цішыню, прымаць Яго слова.

Быць з Панам у час небяспекі — не толькі пытанне выжывання, але і вялікая магчымасць паглыбіць адносіны з Богам, з бліжнімі і з сабой. Можа, хтосьці ўпершыню здабудзе досвед блізкасці Хрыста?

Сёння проста ўважліва слухай Божае слова і старайся быць з Ім.

Няхай гэтае Яго слова дапаможа табе распазнаць галоўнае і першаснае пакліканне: як быць з Панам. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа