Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 13
«Тады Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як той ганчар? Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ» (Ер 18, 5–6).
Барацьба святла з цемрай працягваецца. Кожны чалавек у нейкім сэнсе адчувае на сабе цяжар гэтага ліха. Пагроза вайны лунае над усім светам. Дзе сёння ты можаш шукаць і знаходзіць дапамогу, абарону і суцяшэнне? «Устань і пайдзі ў дом ганчара, і там пачуеш словы Мае» (Ер 18, 2). Ужо цяпер бяры свой збаночак і вырушай у дарогу!
«Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маёй руцэ», дом беларускі, — кажа Пан.
Прыняць запрашэнне. Прыйсці да ганчара са збаном свайго жыцця, каб даверліва аддаць яго ў Божыя рукі, аддаць сябе ў Божыя абдымкі! Мабыць, гэта і ёсць найбольшы выклік для чалавека, які не ведае ганчара і няздольны прызнаць сваю слабасць.
«Той чалавек дасканалы, які дасканала ведае сваю слабасць», — вучаць айцы пустыні. Бог руйнуе перашкоды, каб знайсці чалавека і прывесці яго да святла. Толькі святло Хрыста можа перамагчы нашую цемру. Прыняць Яго святло азначае змяніць сваё жыццё: дазволіць Богу змяніць яго. Прыняць Яго волю і поўнасцю ёй даверыцца. Але сёння трэба рушыць у дарогу.
Час Вялікага посту — гэта час падарожжа ў «дом ганчара».

«Калі б чалавек ведаў, які шэдэўр Пан можа з яго стварыць, ён бы даверыўся Яму без рэшты» (св. Ігнацый Лаёла).
Пане, дазволь даверыцца Табе без рэшты! Дазволь трываць «у працэсе»… Дакраніся, прашу, да «гліны» майго нутра і ўчыні яго святлейшым. Дакраніся ног, каб сталі носьбітамі еднасці. Дакраніся да рук маіх. Дакраніся да вуснаў, каб абвяшчалі праўду Тваю. Учыні маё сэрца спагадлівым — «на Твой вобраз і падабенства».
Езу, пакорна аддаюся у Твае творчыя рукі.
Ты, як ганчар, старанна выбраў матэрыял, ачысціў ад каменьчыкаў, дадаў вады, і ўсё гэта сведчыць пра Тваю бязмежную ласку, якой Ты мяне адорваеш. Пачынаеш ствараць з донца — дзеля таго, каб я лепш мог пазнаць самога сябе. Выкругляеш сценкі, падтрымліваючы гліну звонку і знутры на знак таго, што Ты ёсць апораю для мяне ўвесь час. Штодня творыш гэтае дзіва, фармуючы мяне.
Давер Езусу сваё жыццё, а Ён злепіць з цябе дасканалага чалавека.