Пошук

05.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 12

Дарагія сябры, запрашаю вас зноў на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення!

Час ліхалецця вучыць зусім па-іншаму глядзець на жыццё, падштурхоўвае чалавека задумвацца пра найвышэйшыя каштоўнасці і найбольшыя таямніцы. Раптам дзень жыцця набывае зусім іншую, значна большую вагу. Чалавек пачынае больш выразна бачыць і цешыцца дарам жыцця. Нібы ўпершыню прачнуўся!

Дзённае святло, моманты звычайнай цішыні, простае снеданне, вось гэтая маленькая пралесачка, усмешка незнаёмага чалавека — усё ўспрымаецца як сапраўдныя скарбы. Усмешка становіцца роднай, а незнаёмец — блізкім. Вельмі хочацца дзякаваць і ўсіх абдымаць, не баючыся вірусу. Марка машыны, памеры жылля, іншае — усё нібыта страціла сваё значэнне. Быццам губляеш права ўласнасці і гэта табе не баліць. Тваё — толькі тое, што змяшчаецца ў далоні і ў сэрцы. Ты вымушаны шукаць чагосьці вышняга. У табе пасяляюцца чысцейшыя думкі і глыбейшыя прагненні. Ты радуешся гэтаму.

У апраметнай цемры вакол сябе ты шукаеш больш святла! Чаму? Таму што ты створаны, каб быць любімым.

Ты крок па кроку адкрываешся на Стварыцеля свету. Ты пачынаеш шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім. Пачатак працэсу ачышчэння пакладзены. Ты аб ім нават не прасіў і не марыў, але ён настаў і нясе ў сабе безліч ласкаў. Збаўленне завітала да цябе. Яно — тут, на парозе твайго жыцця і цудоўнай хацінкі твайго сэрца. І цяпер…

Цяпер трэба толькі зрабіць добры выбар — дзеля ачышчэння. Цяпер трэба толькі даверыцца Яму — дзеля большай свабоды! Трэба распазнаваць і прымаць добрыя рашэнні — дзеля любові! Трэба больш паддавацца Яго волі і давяраць Яму ў бліжніх.

«Аддацца азначае ахвяраваць Яму з чыстай верай сваю свабодную волю, свой розум, сваё жыццё. Мая душа можа быць спавіта прыцемкамі. Выпрабаванні і цярпенні — гэта найбольш пэўная мера маёй сляпой адданасці. Адданасць — гэта таксама сапраўдная любоў. Чым большая нашая адданасць, тым большая нашая любоў да Бога і людзей.

Калі мы сапраўды любім людзей, то павінны быць гатовымі стаць на іх месца, узяць на сябе іх грахі і адкупіць іх правіны нашай пакутай і пастаяннай аскезай. Мы павінны быць жывой ахвярай, бо гэта патрэбна людзям» (св. Маці Тэрэза).

Наколькі я ўмею дарыць сябе бліжнім? Наколькі магу стаць Эўхарыстыяй, як Езус, для многіх? Наколькі прагну ахвяраваць сябе «дзеля большай хвалы Божай»?

Ілюстрацыйная выява: Pinterest

Пане, без Тваёй ласкі не магу нават вымавіць «Божа, Ты Бог мой! Цябе шукаю» (Пс 63 (62), 2). Аднак няспынна паўтараю, што Ты, Пане, мяне стварыў з прагай любові і таму «Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць». Гэтая праўда напаўняе мяне надзеяй, што Ты пакажаш мне добры шлях і канчаткова пераможаш, у першую чаргу, ува мне… Ты ачышчаеш мяне…

Мой Пане, аддаючы Адзінага Сына на смерць, Ты паказаў свету дарогу збаўлення.

Няма нічога важнейшага, чым досвед Тваёй любові, чым спасцігнуць тое, што пісала святая Тэрэза ад Езуса: «Дастаткова толькі Бога».

Бо ўсё іншае на зямлі разам з маім целам ператворыцца ў прах. Збаў мяне, Езу, ад ілюзіі першаснасці матэрыялізму гэтага свету. Спалі ўсё гэта полымем сваёй любові і напоўні сваёй прысутнасцю маё сэрца.

Задумайся, без чаго ты мог бы абысціся? Што насамрэч лішняе ў жыцці і перашкаджае табе прывітаць Езуса ўсім сэрцам? Праслаўляй Бога за тое, што твая душа Яго прагне, няхай нават недасканала…

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.