Пошук

03.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 10

«Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці» (Пс 139 (138), 13).

Жыццё — неацэнны дар і нагода для штодзённага праслаўлення Бога. Вялікім праслаўленнем з’яўляецца ўдзячнасць за бацькоў. Праслаўляй сёння Пана Бога за сваіх бацькоў, якія прынялі тваё жыццё з рук Яго — адзінага Даўцы ўсяго жывога. Хвалі Яго за тое, што твае бацькі адкрыліся на новае жыццё. Не запярэчылі! Прымаючы тваё жыццё, бацькі сталі ўдзельнікамі вялікай таямніцы Божай задумы.

Чалавек — гэта плод «вялікага Божага плану». Чалавек нараджаецца з Божай мары. Тата і мама з’яўляюцца першымі суаўтарамі творчай ініцыятывы Бога, які любіць кожнае жыццё.

Праслаўляй Пана за дабрыню тваіх бацькоў, за іх клопат. Узгадай, як тата насіў цябе на руках і як моцна цябе абдымала мама. Прыгадай, як разам снедалі і падарожнічалі. Няхай ажываюць самыя светлыя ўспаміны…Маліся ўспамінамі пра сваіх бацькоў.

Без бацькавых надзей,
без ціхай ласкі маці,
Куды б ані заехалі,
вы будзеце адны...

Рыгор Барадулін

Бацькі ў вялікай ступені фармуюць вобраз Бога свайго дзіцяці і свет яго каштоўнасцяў. Цяпло бацькоў — гэта цяпло Бога. Дзіця глядзіць на тату і маму, як на Бога! Успомні, хто вучыў цябе маліцца.

Ілюстрацыйная выява: Рinterest

Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю. Здалёк разумееш мае думкі, Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, і ўсе мае шляхі вядомыя Табе (Пс 139 (138), 1–3).

Дзякую Табе, Пане, што Ты ўсё пра мяне ведаеш. Радасць напаўняе сэрца, калі Хтосьці магутны і любячы ведае пра цябе ўсё. Тады быццам знікае патрэба аб нечым Цябе прасіць, бо Ты і так усё ведаеш. Калі прашу, а Ты маўчыш, мае просьбы ачышчаюцца. Ты маўчыш, каб я прасіў пра большае. Ты маўчыш, каб я шукаў Цябе — больш, чым любых Тваіх дароў. Ты маўчыш, каб я навучыўся знаходзіць Тваё аблічча і праз Твае вочы ўглядацца ў Тваё Сэрца… Ты маўчыш, каб я навучыўся слухаць і бачыць Цябе ва ўсім. Ты маўчыш, каб я сціх і ўсвядоміў, што Ты любіш мяне і асыпаеш дарамі. Ты маўчыш, каб я навучыўся слухаць і шчыра маліцца Табе. Ты маўчыш, бо «ўсе мае шляхі вядомыя Табе»…

Ты ахінаеш мяне, турбуешся пра мяне… Пане, Табе давяраю маю будучыню.

Прашу толькі мудрасці, каб шукаць «большай хвалы Твайго Сына» і знаходзіць адпаведныя шляхі. Дай мне сілы і адвагі! Вядзі і натхняй!

«Кладзі на мяне сваю руку»: на мае вушы, каб умелі цярпліва слухаць і пачуць Твой голас у знядоленых людскіх сэрцах. Кладзі руку сваю на мае вусны, каб яны ведалі, калі маўчаць, а калі прамаўляць. Кладзі сваю руку на мае вочы, каб яны сапраўды шукалі і бачылі Тваю прысутнасць. Кладзі руку на мой розум, каб мог распазнаваць Тваю святую волю і каб мая душа яе шукала і спаўняла. Кладзі сваю руку на маё сэрца, каб яно спачувала і шукала прабачэння. Кладзі сваю руку на мае рукі і ногі, каб яны сталі цалкам Тваімі. Прамаўляй, Пане, як раней, а галоўнае, «дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць» (св. Ігнацый Лаёла).

Пане, вось, я прайшоў чвэрць нашага непаўторнага падарожжа. Дай мне ласку глянуць шчырым вокам на свой унутраны свет, убачыць глыбіню сэрца так, як Ты бачыш.

Ты ведаеш мяне лепш за ўсіх, бо гэта Ты мяне стварыў. Ты любіш мяне дасканалай любоўю, не зважаючы на мае ўчынкі і падзенні. Любіш мяне такім, які я ёсць. Ты ідзеш гэтым шляхам поруч са мною, падзяляючы мае перажыванні, страхі, праблемы. Ты адзіны, хто ніколі мяне не пакідае, хоць я столькі разоў адыходзіў ад Цябе. Ты так блізка, а я так часта адмаўляюся прыйсці, калі Ты клічаш.

Езу, прашу, падчас гэтага велікапоснага падарожжа перамяні маё сэрца, укладзі ў яго новы дух. Бо толькі Ты адзіны можаш паказаць шлях да сапраўднага жыцця. Навучы мяне пазбягаць усяго, што мае хоць кроплю зла.

Паглядзі на сябе вачыма міласэрнага Езуса. Каго Ён бачыць? Каго Ён мог угледзець у табе? Жыві, не звяртаючы ўвагі на тое, што думаюць пра цябе іншыя. Жыві для Езуса і ідзі за Ім. Тваё жыццё ўнікальнае, бо табе яго даў Пан, а не блізкія. Не прывязвайся да свету, бо рызыкуеш пражыць чужое жыццё, а не свае. Будзь сабой, слухай голас Езуса.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця