Пошук

02.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 9

Усё мае свой адпаведны час,
свой час мае кожная справа пад небам:
час нараджацца і час паміраць;
час саджаць і час збіраць, што пасадзілі;
час забіваць і час лячыць;
час руйнаваць і час будаваць;
час плакаць і час смяяцца;
час смуткаваць і час скакаць;
час раскідваць камяні і час іх збіраць;
час абдымацца і час ухіляцца ад абдымкаў;
час шукаць і час губляць;
час зберагаць і час выкідаць;
час разрываць адзенне і час зашываць;
час маўчаць і час гаварыць;
час любіць і час ненавідзець;
час ваяваць і час мірыцца.

(Экл 3, 1–8).

Праслаўленнем Бога можа стацца тваё жыццё. Праслаўленне — твая шчырая падзяка за ЎСЁ без выключэння, што Бог дае і дапускае. Праслаўленнем з’яўляецца твая малітва як расповед сваімі словамі пра кожнае імгненне жыцця.

Не кажы, што не маеш часу: толькі памерлыя на самай справе не маюць часу! Ты заўсёды маеш час і гэта тваё багацце. Час — гэта той дар, якім Пан шчодра цябе адорвае. Магчыма, ты пакутуеш ад крыўдаў мінулага ці баішся будучыні, але сапраўднае жыццё — толькі «сёння».

Пан прысутны ў табе таксама толькі «сёння». Ён «сёння» жадае перамагаць твой і мой страх. Паспрабуй спыніцца і, занурыўшыся ў «сёння», распазнаваць любячую прысутнасць Бога…

«Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі» (Лк 4, 21). Пан заўсёды жыве ў «сённяшнім» часе.

Праслаўляю Бога за сёння — яшчэ адзін дзень жыцця. За тое, што я зноў прачнуўся. Дзякую за святую Літургію і за снеданне. Адчуваю, што цяпер адзін дзень жыцця азначае значна больш, чым раней. Адзін дзень жыцця сёння — гэта сапраўды вялікі падарунак! Пане, дзякую за 2 сакавіка 2023 Твайго года.

Сёння ўсё яшчэ маем час лепш разгледзець колеры неба над галавой і першыя пупышкі на дрэвах, маленькія парасткі вясны. Мы на парозе новай і цудоўнай пары году. Дзякую Табе, Пане, за незнішчальную тугу па вясне!

Дзякую, Пане, за час цішыні і спакою, але таксама і за ўсе выпрабаванні, якія я прымаю і ахвярую Табе ў малітве. Праслаўляю Бога за людзей навокал мяне. Так добра, што яны са мной сёння, а я маю для іх час. Праслаўляю Бога за тых, хто «губляе сваё жыццё» дзеля мяне.

Дзякую Табе, Пане, за час, дадзены сёння, каб плакаць, сумаваць і маўчаць дзеля таго, каб аднойчы настаў час смяяцца, спяваць, танцаваць і з вялікай радасцю абдымаць адно аднаго.

Сёння ёсць час, каб любіць і ненавідзець. І ты ўсё яшчэ маеш час, каб выбраць. Сёння ёсць час на войны. Некалі настане мірны час…

А яшчэ ёсць час, каб шчыра дзякаваць і праслаўляць Бога за Яго прысутнасць. Вельмі важна, каб заўсёды было дастаткова часу на праслаўленне.

Бог дзейнічае і прыходзіць, каб ратаваць…

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

«Бо Ён кажа: „У час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень збаўлення дапамог табе“. Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення» (2 Кар 6, 2). Пане, навучы мяне з любоўю глядзець і ўважліва слухаць, каб распазнаваць час спрыяльны і дзень збаўлення!

«Усё мае свой адпаведны час». О, мой Пане, дзякую Табе за гэты неацэнны дар!

Кожнае імгненне пражываецца ў часе. Запрасі Езуса спадарожнічаць табе цяпер.

Бо калі кажаш пра мінулае, то ў прызме часу гэтага ўжо не існуе, бо стала ўсяго толькі ўспамінамі; калі разважаеш над будучыняй — маеш толькі спадзяванні. Існуе адзінае неймавернае і непаўторнае імгненне «цяпер».

Езу, мне хочацца ўсё запланаваць, умела распарадзіцца часам, прымаць гэты дар, Пане, ад Цябе, але не заўсёды хочацца аддаваць яго іншым. Ці не раблюся я эгаістам? Пане, навучы мяне з любові да Цябе ўмець аддаваць часткі дня Табе, а таксама ўмець аддаваць свой час для іншых, як Ты гэта рабіў.

Зважай, каб так часта не казаць «няма часу»…  Старайся знаходзіць час для патрабуючых, для тых, хто просіць дапамогі, бо давярае табе; для тых, хто просіць сяброўскай размовы, бо ты для яго надзейная апора, і час для Езуса, бо гэта Ён — Святло твайго жыцця. Намагайся запланаваць дзень па гадзінах і трымацца гэтага. Важна ў сваёй штодзённасці ўмець аддаваць свой час Богу і бліжнім, знаходзячы час і для адпачынку.

Абноўлена 02.03.2023 06:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа