Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 6
«Калі часам здаецца, што Бог быццам бы аддаліўся, то ці не таму, што я цураюся нейкай сястры? Толькі адна рэч можа бясспрэчна гарантаваць нам нябёсы: любоў і дабрыня, якія асвятляюць нашае жыццё. Мы нават не ўяўляем, якую карысць можа прынесці простая ўсмешка. Мы гаворым людзям, які добры Бог, як Ён можа прабачаць і разумець усіх, а ці з’яўляемся мы жывым прыкладам гэтага? Ці сапраўды яны бачаць у нас гэтую дабрыню, прабачэнне і разуменне?» (св. Маці Тэрэза).
Праслаўленнем Бога можа быць тваё ўважлівае і цярплівае слуханне Яго Слова, пошук Яго прысутнасці, засяроджанасць на Яго Асобе і адкрытасць на Яго волю! Праслаўленнем з’яўляецца твая ўсмешка!
Усмешка можа быць вясёлай, лагоднай. Насмешка, ухмылка — паблажлівая, іранічная, з’едлівая. Гэтыя словы часам блытаюць. Памылкова будзе лічыць іх сінонімамі.
Твой твар распавядае штосьці пра стан душы, пра яе святло і цень. Твар адлюстроўвае гісторыю жыцця. Распавядае пра тваіх продкаў. Усмешка на тваім твары кажа пра тое, што ў тваім сэрцы тут і цяпер, ці вольнае яно і гатовае да палёту, ці зняволенае.
Сэрца, напоўненае Богам, выпраменьвае ласкі. Шчырая ўсмешка і ёсць Ягонай ласкай, якая кранае сэрца чалавека. Усмешка поўніцца ласкай і дорыць яе, стварае мікракосмас святла. Шчырая дзіцячая ўсмешка здольная вярнуць сумнага чалавека да жыцця. Глыбокая ўсмешка можа «ўваскрасіць» сэрца чалавека да адносінаў.
Езус зірнуў на багатага юнака з любоўю, усміхнуўся яму. Багаты юнак, здаецца, не ўбачыў гэтай усмешкі, не адчуў яе глыбіні. Менавіта таму багаты юнак, «засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць» (Мк 10, 22). Багаты юнак быў моцна прывязаны да нейкага багацця, да пусткі, якая ніяк не магла наталіць яго сэрца. Што заўгодна можа стаць нагодай для кпінаў, але не можа нарадзіць сапраўднай усмешкі, якая запальвае веру, надзею і любоў! Юнак аддаляўся ад крыніцы сапраўднай радасці, таму быў асуджаны на маркоту і смутак. Юда таксама не спазнаў усмешкі і сэрца Хрыста…
Усмешка Бога дае сілы да жыцця ў час крызісаў. Усмешка Бога напаўняе жыццё сэнсам, нават калі навокал пануе цемра і бясконцая вайна, бо Бог ёсць любоў (1 Ян 4, 18).
«Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі» (Мц 6, 16). Шукаць усмешку Бога няпроста. Духоўнае жыццё патрабуе ведаў і дысцыпліны, вялікіх высілкаў і шчырага посту.
«Каб не плакаць, я смяялася», — пісала Леся Украінка. Смехам можна (а часам трэба) абараніцца. Аднак смяяцца, калі ўсё плача, вельмі цяжка, дзесьці немагчыма, і такі смех вельмі каштоўны!
Каб усміхацца і не знясільвацца, я мушу знайсці сувязь з крыніцай любові, якая жывіць маё сэрца. Вялікая сіла ўсмешкі месціцца ў цішыні і маўчанні, у прыгажосці прыроды, у самым Сэрцы Бога. Калі Пан — надзейная аснова маёй усмешкі, тады мая душа смяецца, увесь час…
Усмешка — вялікі дар з неба, які моцна ўплывае на жыццё чалавека.
У змроку маіх крыўдаў бывае цяжка на душы. Тым не менш, у свой час надыходзіць світанне і ты абавязкова ўсміхаешся. І нібы горы падаюць, смерць знікае і жыццё вяртаецца ў сваё рэчышча, як глыбокая рака… Адкрыты позірк і ўсмешка — гэта ўжо новае жыццё. Табе хочацца быць з людзьмі. Ты пачынаеш зноў верыць у людскую зычлівасць.
Праслаў сёння Бога сваёй успешкай. А найперш шукай Яго прысутнасці, якая напоўніць тваё сэрца радасцю, каб засмяялася душа. Шукай Яго ўсмешкі на старонках Святога Пісання.
Шукай усмешкі Нябеснага Айца ў прыродзе, у вясне, якая ўжо блізка, у спеве птушак, у пралесках. Ці бачыў ты ўжо пралескі? Я лічу, што іх, нягледзячы ні на што, трэба шукаць, і гэта таксама паспрыяе перамозе святла над цемрай!
Шукай і радуйся ўсмешцы кожнага чалавека, які побач. Пазнаёмся з ім!
Шукай чыстай усмешкі дзіцяці. Сузірай таямніцу ўсмешкі, каб яна пранікла ў тваё сэрца, укаранілася, стала часцінкай цябе і ззяла вонкі — у бясконцасць.
Ідзем за Езусам кожны па-свойму, хто як умее і як любіць. Няўжо вучні сумавалі ў прысутнасці Хрыста? Паглядзім на жыццё святых — яны радаваліся ў Богу. Езус вучыў не хадзіць панурымі, і сапраўды: сэрца як святыня Бога, напоўненае шчыраю любоўю да Езуса, не мае месца для смутку, зайздрасці, нянавісці. Тады чаму мы, наследуючы Хрыста, не павінны радавацца? Радуемся, весялімся на знак шчырай любові да Езуса. Адчуй, як усміхаецца табе Езус.
Вялікі пост — гэта інструмент для духоўнага ўзрастання. Усмешка штосьці кажа пра добрыя плады духоўнай барацьбы, мабыць, посту таксама…
Пане, навучы мяне маліцца ўсмешкай!
Пражыві гэты дзень з усмешкай, «заражаючы» сваёй радасцю іншых. Абвясці бітву смутку і цяжкасцям з пачуццём гумару. Усміхайся, бо ўсмешка здатная адкрыць найбольш зачыненае сэрца.