Пошук

26.02.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 5

«Можа, нехта зраніў тваю славу? Тады падумай пра славу, якая чакае цябе ў Небе за цярплівасць! Цябе пакрыўдзілі? Зірні на нябесныя багацці і скарбы, якія добрымі справамі сабе рыхтуеш! Цябе выгналі з радзімы? Але нябесны Ерузалем — твая айчына» (св. Базыль Вялікі, «Пра падзяку»).

«Дапамажы нам ва ўціску (Пс 69 (68), 13). Не будзем шукаць дапамогі ні ў сіле, ні ў добрым стане цела. Не будзем шукаць яе ні ў кім, хто знакаміты і шляхетны ў людскіх вачах. Ані ў лішку грошай, ані ў пыхлівасці ўласнай моцай, ані ў велічнай славе — бо ў вялікіх цярпеннях Пан прыходзіць на дапамогу тым, хто Яго шукае» (св. Базыль Вялікі, Гамілія).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё ўважлівае і цярплівае слуханне Яго слова, пошук Яго прысутнасці, засяроджанасць на Ім і адкрытасць на Ягоную волю!

Цярплівасць — цнота штодзённага жыцця. Цярплівасць дае стратэгію барацьбы і ключ да перамогі.

Яна патрэбная для таго, каб выслухаць крык зраненай нягодамі ды вайной душы, але таксама каб дачакацца завяршэння вайны ў галавах і сэрцах людзей, якім пашчасціла выжыць фізічна. Цярплівасць неабходная, каб канчаткова перамагчы. Без цярплівасці немагчымыя ніякія адносіны: не будзе супольнасці ні з Богам, ні з іншай асобай, ні з самім сабой. Адносіны непазбежна ўскладняюцца, становяцца невыноснымі, нават смяротна небяспечнымі. Нам трэба шмат духоўна практыкавацца ў школе ўзаемнага прыняцця і цярплівасці. Патрэбны час Вялікага посту, патрэбны больш працяглы час, нават пакаленне!

Для першых хрысціянаў цярплівасць была шчыльна спалучана з загартоўкай у веры ў час пераследу. Таму казаць пра цярплівасць азначае таксама казаць пра выпрабаванні, пра пакуты, праз якія мы сёння пакліканы праходзіць. Цярплівасць — цнота і знак пэўнай дасканаласці, але таксама магчымасць, запрашэнне да яшчэ большага ўзрастання ў ёй дзеля Божага Валадарства — дзеля нас саміх і — праз нас — для свету. Святы Павел кажа: «Уціск нараджае цярплівасць, цярплівасць — вытрываласць, вытрываласць — надзею, а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 3–5).

Цярплівасць ёсць улітым дарам Святога Духа, дадзенага нам. Ці мы сёння на самай справе ўсведамляем гэты дар Святога Духа, шукаем яго найперш і ва ўсім, прагнем большага і знаходзім яго? Ці мы прагнем стаць людзьмі надзеі, якая не асароміць?

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

«Гімн любові», які святы Павел спявае ў сваім першым Пасланні да Карынцянаў у пачатку 13-а раздзела, сёння з’яўляецца для нас пэўным указальнікам, праграмай хрысціянскага жыцця і рахункам сумлення, дзякуючы якому мы можам праверыць, ці нашая любоў застаецца пустымі словамі, ці ўвасабляецца ў канкрэтным штодзённым жыцці. Святы Павел вучыць сапраўднай любові, якая ахоплівае шматлікія праявы цярплівасці

Сапраўдная любоў «доўгацярплівая». Узброеныя канфлікты і ўціск некалі скончацца. Аднак наступствы іх знішчальнай сілы будуць яшчэ доўга трываць у сэрцах і галовах многіх людзей. Ці мы гатовыя да трывалай барацьбы? Увогуле, ці ўспрымаем выпрабаванні як выклік і дапушчэнне Божае, каб таксама нам ачысціцца, адрадзіцца ды яшчэ і спрыяць узрастанню ўсяго свету ў хрысціянскіх каштоўнасцях і еднасці чалавека з Богам? Ці гатовыя ўсвядоміць свае правіны і пакаяцца? Ужо сёння нам трэба над гэтым разважаць.

Сапраўдная любоў «усё церпіць». А колькі сёння гатовы выцерпець я, калі сутыкаюся з наступствамі трагедый, з няшчасцем іншых людзей, калі гляджу ім у вочы?

Сапраўдная любоў «ласкавая» Яна «не ганарыцца» і «не памятае зла». Колькі ўва мне крыўдаў за дробязі?!

Цярплівасць — неад’емная складаная стрыжня хрысціянскай веры.

Выпрабаванне, безумоўна, патрабуе цярплівай любові ў адносінах з нашымі бліжнімі, дальнабачнай цярплівасці ў барацьбе з наступствамі канфліктаў. Ці хопіць у нас цярплівасці змагацца з сабой: з уласным гневам, непрабачэннем, непрызнаннем памылак?

Пасланне да Габрэяў заклікае нас у час выпрабавання скіраваць позірк на Езуса як на ўзор цярплівасці і трываласці. Езус праходзіць праз свае выпрабаванні ў адзінстве з Айцом, які быў Ягонай падтрымкай. Ён просіць аб міласэрнасці для сваіх крыўдзіцеляў. Ён і сваім вучням прадказвае выпрабаванні, падбадзёрвае і настаўляе аб важнасці цярплівасці як сродка іхняй і нашай перамогі, паратунку для ўсяго свету. «Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя» (Лк 21, 19).

Дарагія сябры, сёння нам патрэбна цнота цярплівасці больш, чым калі-небудзь раней. Нам патрэбна «ласкавая» і «доўгацярплівая» любоў, якая перамагае ўсялякае зло.

Мы хочам прасіць Вялікага Бога аб вялікіх дарах! Мы просім Яго аб святой і нязломнай цярплівасці ў нашай духоўнай барацьбе за любячае Сэрца Бога!

Жывем на вялікай хуткасці, спяшаемся ўвесь час, хочам атрымаць усё адразу, не ўмеем проста чакаць. Бо мы нецярплівыя да сяброў, да бліжніх, да пэўных абставін. Нецярплівыя, бо аддаляемся ад асноўнай Крыніцы Любові — нашага Айца. Чым больш мы ўмеем цярпліва чакаць, тым больш блізкімі становімся да Любячага Айца.

Пражыві гэты дзень, памятаючы, што Езус прабывае ў табе. Пастарайся цярпліва ставіцца да абставін, якія цябе спаткаюць, будзь цярплівым да блізкіх, сяброў і ўсіх, хто трапіцца на шляху. Прасі аб гэтай ласцы ў Пана, бо Ён вельмі цярплівы і міласэрны да цябе кожнае імгненне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа