Пошук

25.02.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 4

Сёння зноў запрашаю на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення.

Пан і сёння годны твайго праслаўлення. Нагадаю, што асабістая малітва слухання мае большае значэнне, чым звычайнае чытанне нават найлепшага тэксту.

Больш істотна тое, што сэрцу кажа Пан праз сваё Слова. Лепш сустрэцца з Ім цераз слуханне: Ягоныя вусны, якія прамаўляюць, спатыкаюць тваё вуха, тваё сэрца, якое слухае і прымае Слова.

«Усе раны вылечваюцца, а рана ад языка не мае вылячэння. <…> Вось жа, пазбягайце асуджэння іншых і намагайцеся маўчаць» (св. Антоній Вялікі).

«Хлусня не пасуе нам ні ў судах, ні ў іншых справах — нам, якія выбралі просты шлях і праўду ў жыцці» (св. Базыль Вялікі).

«Язык — палова ўсіх чалавечых грахоў» (св. Грыгорый Багаслоў).

Сёння жыццё і малітва ў цішыні не вельмі папулярныя. Сёння аўтарытэт не здабываецца маўчаннем. Маўклівы чалавек выклікае падазрэнне. Кожны намагаецца штосьці казаць, балбатаць, крычаць і перакрыкваць іншага. Людзі часта ідуць за пустаслоўем. Кожны ведае штосьці сваё, мае нейкую ідэю, план выратавання, уласную філасофію… Мала хто хоча слухаць, каб прыняць. Слухаць, каб палюбіць, суцешыць словам. Падчас малітвы мы толькі гаворым, шмат гаворым, загаворваем Пана ўшчэнт…

Аднак слуханне заўсёды было і застаецца прыкметай пакоры, пачаткам мудрасці і яскравым учынкам любові Бога, які слухае… Бог прыходзіць у Езусе, каб выслухаць цябе, прыняць. Калі Бог гаворыць, Ён ацаляе сваім Словам. І ўсё ж перадусім Ён слухае.

Не ўсё, што мы называем малітвай, сапраўды нават падобна на малітву.

Езус маліўся ў святыні, іншымі словамі, прымаў удзел у літургічнай малітве, але таксама штодня прабываў у самотным або пустынным месцы, каб слухаць свайго Айца, нярэдка ноччу. Першыя трыццаць гадоў схаванага жыцця Езуса былі часам малітвы і пакорнага жыцця Бога. Падаецца, такой малітвы — у адзіноце — у Яго зямным жыцці было вельмі шмат. Жыццё Езуса — гэта жыццё ў глыбокай еднасці з Айцом! Колькі ж там любові!..

Гэтаксама і мы павінны знаходзіць і шанаваць час, які можам правесці сам-насам з Богам.

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Езус распачаў сваю дзейнасць у пустыні, у посце і малітве, каб Яго місія дала вялікія плады. Каб нашае слова апранулася ў сілу, яно павінна таксама выплываць з цішыні і маўчання — з крыніцы Жыцця; з Бога, які ёсць любоўю. У малітве вельмі важна сустрэцца з Езусам, які ўважліва слухае свайго Айца. Ён таксама прагне выслухаць і ацаліць чалавечае сэрца. Менавіта тады сэрца чалавека пачынае слухаць сэрца Бога і прамаўляць: сэрца да Сэрца. Выслухаўшы Бога, чалавек можа штосьці сказаць іншым, не асудзіць, але стварыць, як Бог. Чалавечае слова, прасякнутае Божым словам і Божай прысутнасцю, становіцца здольным ствараць жыццё. Толькі Божая іскра, ласка здольная запаліць агонь любові ў нашых сэрцах.

Маўчанне — асноўная сіла для малітвы, таму што сустрэча з Богам, які гаворыць у ціхім лагодным ветрыку (пар. 1 Вал 19, 12), можа адбыцца толькі ў цішыні.

Езус прагне, каб сцішылася, супакоілася чалавечае сэрца, зраненае страхам і болем. Ён супакоіў шум мора і ветру, каб настала «вялікая ціша» (Мк 4, 39) — усё гэта дзеля сустрэчы з табой.

Пане, я дзякую Табе за «вялікую цішу», якую Ты ствараеш і дорыш мне і ўсім патрабуючым, асабліва сёння, калі навокал столькі цярпення і няшчасця!

Бог і я — гэта час для сустрэчы, сёння!
Час для Неба ў тваім сэрцы!
Час для Неба на зямлі!
Супраціў змроку!
Пане мой…

Падумай, ці бываюць моманты наракання? Не ідзе гаворка аб прыкрым выпадку і адпаведнай эмоцыі, але аб паўсядзённасці — ці маеш звычку марудзіць, наракаць, быць незадаволеным? Паспрабуй адсачыць на працягу дня, як часта ты ўпадаеш у нараканні. Спытай Езуса, ці Яму даспадобы твае скаргі? Збяры іх і аддай у Яго рукі, дазволь дзейнічаць Езусу ў тваім жыцці!

Абноўлена 25.02.2023 16:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.