Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 3
Дарагія сябры, зноў запрашаю вас на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення!
«Для дасягнення мэты абсалютна неабходна штодзённая кантэмпляцыйная малітва. Гэта дыханне жыцця нашай душы, без яе немагчыма дасягнуць святасці» (св. Маці Тэрэза).
Кантэмпляцыйная малітва (або малітва сузірання) — гэта прабыванне ў прысутнасці Бога і Яго любові, якая напаўняе сэрца. Ты створаны, каб цябе любілі. Тваё галоўнае пакліканне — быць любімым! Толькі тады ты зможаш і, галоўнае, захочаш дарыць любоў! «Цэлага свету замала, каб любіць, калі Пан жыве ў тваім сэрцы» (св. Ігнацый Лаёла). Чалавек атрымлівае сілу любові ад Бога, які з’яўляецца крыніцай любові.
О, Пане, калі Ты жадаеш, каб я любіў Цябе, дай мне любоў. Калі Ты жадаеш, каб я любіў бліжняга і самога сябе, дай мне любоў.
Каб любіць, мне спачатку трэба атрымліваць любоў. Святасць — гэта перадусім пагружэнне ў любоў Бога, які з’яўляецца яе крыніцай. Наколькі я ўсведамляю сваю залежнасць ад Божай любові?
Езус паказвае вучням дзіця і ягоную залежнасць ад любові. «Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго» (Мк 10, 15).
Веліч дзіцяці — у абсалютнай залежнасці ад любові.
Пане, навучы мяне прызнаваць і прымаць сваю залежнасць ад Тваёй любові, як немаўлятка! У той час Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям» (Мц 11, 25). Езу, маю яшчэ адзін дзень, каб навучыцца любіць так, як буду любіць Цябе ў небе.
Старайся сёння з любоўю ставіцца да людзей і рэчаў, асабліва да тых, якія, магчыма, табе не надта даспадобы.