Пошук

23.02.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 2

Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы,
Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне,
Ён душу маю пажыўляе.
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці
дзеля Імя свайго.
Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,
не буду баяцца зла, бо Ты са мною.
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.
Ты стол для мяне накрываеш
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем,
келіх мой перапоўнены.
Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана
на доўгія дні.

Пс 23 (22)

Дарагія браты і сёстры, дарагія сябры, запрашаю вас знайсці 15–30 хвілін часу для праслаўлення Бога!

Вялікі пост — час навяртання, скіравання свайго сэрца да любячага Сэрца Божага і Ягонага Слова. Пост — час адрачэння ад сваёй волі і пошуку Яго святой волі.

Найвышэйшае праслаўленне Бога ёсць там, дзе душа шукае волі свайго Стварыцеля і засяроджваецца на Ім!

Таму я імкнуся знайсці і аддаць 15 хвілін свайго часу на тое, каб Пан на самай справе атрымаў магчымасць стаць маім Пастырам.

Аднак ці сапраўды я гэтага хачу? Тых некалькі хвілін — своеасаблівы момант праўды, рахунак сумлення: ці дазволю Яму стаць маім пастырам, прынамсі на 15 хвілін, падчас малітвы? Не здзіўляйся і не наракай, калі чагосьці не хапае: спакою, радасці жыцця і ўдзячнасці! Магчыма, гэта таму, што Пан усё яшчэ не твой Пастыр, а дадатак… Ён настолькі прагне быць маім Пастырам, што гатовы аддаваць свайго Адзінароднага Сына зноў і зноў дзеля мяне, але мне ўсё яшчэ цяжка знайсці час для Яго… Не ўмею, не магу, а можа, і не хачу засяроджваць на Ім усю ўвагу нават на 5–10 хвілін падчас каралеўскага піра святой Літургіі… І мяне гэта нават не палохае! Я вырашаю ў думках свае праблемы, ратую свет, быццам я адзіны пастыр і «збаўца»!

Прабач мне, Пане, што я адмаўляюся ад Цябе і ад Тваёй любові, а Ты так цярпліва заўсёды гатовы чакаць майго навяртання!

Чаго мне / нам больш за ўсё не хапае сёння?

Чалавеку заўсёды больш за ўсё не хапае любові. Чалавек створаны, каб яго любілі! Сёння ўсім нам не хапае спакою і вяртання да нармальнага жыцця! Аднак чаго жадае для нас Пан? Ён хоча толькі аднаго: чагосьці большага, чым звычайны спакой! Ён прагне быць нашым Пастырам. Яшчэ не раз давядзецца прайсці «далінай смяротнага ценю». Колькі ўжо іх было?.. Аднак «не буду баяцца зла, бо Ты са мною». Я ніколі не буду баяцца зла, калі Пан сапраўды стане маім Пастырам — назаўсёды!

Для жыцця чалавека неістотна, ці існуюць праблемы, якія яны і як іх вырашаць. Вельмі важна, каб Пан быў маім Пастырам, які суправаджае мяне па жыцці, таксама і па цёмных далінах. Хіба не самай вялікай «алінай смяротнага ценю» з’яўляецца стан чалавечай душы, якая не ведае, не шукае і не імкнецца шукаць свайго Пастыра? Пякельная адзінота — вось найглыбейшая «даліна смяротнага ценю», здольная спарадзіць вайну. Вайна ў душы спараджае вайну вакол сябе. Аднак Ён прывядзе мяне да «зялёных пашаў» і да «спакойных водаў» свайго спакою, сапраўднага і непрамінальнага, які мае смак вечнасці.

Дык хто твой пастыр сёння?

Не стамляйся пытацца ў сябе, чаго ты баішся і ці не з’яўляюцца страхі тваімі фальшывымі пастырамі. Страх азначае недавер, нават адсутнасць Пастыра. Распазнавай гэта на працягу ўсяго жыцця!

Добры Пастыр «душу маю пажыўляе. Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці дзеля Імя свайго». Ён накрывае стол «на вачах маіх ворагаў», намашчвае «галаву маю алеем, келіх мой перапоўнены». «Дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною ва ўсе дні жыцця майго, і пасялюся я ў доме Пана на доўгія дні».

Хвала Табе, Пане! Будзь Добрым Пастырам для нашай краіны! Дай нам, Пане, пастыраў мудрых і ахвярных у час выпрабаванняў і, асабліва, пасля!

Езус спадарожнічае табе ў гэтай вандроўцы; пакінь неспакой і страх, а старайся сапраўды клапаціцца пра стан сваёй душы. Даверся Яму. Дзякуй Богу сёння за ўсё, што адбываецца з табой, што б гэта ні было. Напрыканцы дня запішы 10 рэчаў, за якія хочаш падзякаваць Любячаму Айцу.

Абноўлена 23.02.2023 07:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця