Пошук

22.02.2023 09:36   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

У Папяльцовую сераду разам з «Прасторай малітвы» распачынаем велікапосныя анлайн-рэкалекцыі, у якіх нас будзе суправаджаць дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Пачатак

Існуе мноства шляхоў для плённага перажывання Вялікага посту. Вельмі часта пост для хрысціянаў становіцца цялеснай практыкай адмаўлення ад чагосьці, але без дакладнага вызначэння мэты і глыбейшага разумення сэнсу. У Вялікім посце можна цалкам адмовіцца ад нейкай ежы, а можна абраць іншы шлях: толькі крыху абмежаваць сябе, захоўваючы вялікую ўдзячнасць за дар ежы, і гэта прынясе большы плён! Уяві, што ты адмаўляешся, але за ўсё дзякуеш, дзякуеш усім сэрцам: за кожны кавалак смачна прыгатаванага мяса, за хлеб ці нават глыток вады… Удзячнасць і ёсць малітвай, праслаўленнем!

Вялікі пост — гэта запрашэнне і магчымасць духоўнага абнаўлення, рэформы жыцця. Вялікі пост можа стаць часам вялікіх рэкалекцый.

Гэты час не абавязкова патрабуе вялікіх рашэнняў, але ён, безумоўна, азначае большыя намаганні і дае магчымасці для вялікіх перамен у жыцці, асабліва ў адносінах з Богам, бліжнім і самім сабой.

Вялікі пост — гэта перадусім твая адкрытасць на вялікую справу Бога.

Вялікі пост — гэта любоў Бога да цябе!

Можна на час Вялікага посту зрабіць пастанову часцей размаўляць са сваімі роднымі, прысвячаць больш увагі дарагой асобе, сваім бацькам, дзеткам, сябрам. Дапамагчы патрабуючаму, бяздомнаму ў сваім горадзе. Можна паспрабаваць прымірыцца са сваім крыўдзіцелем. Шмат чаго можна зрабіць «дзеля большай хвалы Божай»…

Адным з асаблівых шляхоў духоўнага ўзрастання падчас Вялікага посту з’яўляецца малітва праслаўлення.

Праслаўленне як спосаб жыцця — гэта святкаванне дароў, якія ты кожны дзень і нават кожнае імгненне няспынна шчодра атрымліваеш з любячага Сэрца Бога. Чалавек праслаўлення — чалавек відушчы і ўдзячны. Чалавек праслаўлення — па-сапраўднаму жывы чалавек! Праслаўленнем жыве той, хто прагне ўбачыць дары, а яшчэ больш — пазнаваць Таго, хто дорыць іх.

Таму ў Вялікім посце ты можаш духоўна практыкавацца ў праслаўленні Бога. Пастанаві штодня прысвячаць 15–30 хвілін малітве праслаўлення. Магчыма, лепш маліцца раніцай, калі ты адчуваеш сябе больш бадзёрым, альбо ўвечары, калі нікуды не спяшаешся. Шукаючы духоўнага ўзрастання, у Вялікім посце ты можаш:

  • праслаўляць Бога за яшчэ адзін дзень жыцця. Ты мог сёння не прачнуцца! Цябе магло ўвогуле не быць! Проста паразважай над гэтым і шчыра падзякуй…
  • праслаўляць Бога за сваіх дзяцей, мужа, жонку, сяброў… Іх таксама магло не быць!
  • праслаўляць Бога за свой народ. У час посту ты можаш прачытаць прынамсі адну кнігу па гісторыі краіны. Ты можаш зачытацца, закахацца ў творчасць аднаго з паэтаў, узяць тыя ці іншыя вершы для малітвы. Я перакананы, што праслаўлення Бога стане больш, калі вырасце твая любоў да роднага краю.
  • праслаўляць Бога за Яго стварэнні: за сонца і месяц, нябесныя зоркі, дажджы і росы, усе вятры, агонь і холад, святло і цемру, дні і ночы, маланкі і хмары, пагоркі і нізіны, расліны і жывёлы, пушчы і рэкі… Праслаўляць Бога за «зямлю пад белымі крыламі» і яе прыгожую прыроду.
  • праслаўляць Бога чытаннем Бібліі (Пс 23 (22); 63 (62); 91 (90); Дан 3; Лк 11, 1–4 і інш.): павольным, уважлівым, разважаючы над кожным словам, нібы размаўляючы і слухаючы іншую асобу — найдаражэйшага Сябра.
  • праслаўляць, проста шукаючы больш нагодаў сабрацца пры адным стале са сваімі блізкімі і сябрамі. Евангелле паводле Яна паказвае нам Езуса, які любіць разам з вучнямі спажываць пасілкі, пачынаючы з Каны Галілейскай і заканчваючы Апошняй вячэрай… Езус кожны раз запрашае цябе да надзвычай урачыстага Эўхарыстычнага стала Яго любові. Прымі Яго запрашэнне на Пір! Час Вялікага посту — гэта падрыхтоўка менавіта да гэтай Гасціны Жыцця і Любові!
  • праслаўляць Бога можна…

А як бы ты хацеў / хацела праславіць Бога ў гэтым Вялікім посце?

Езус адыходзіў ад сваіх сяброў у самотнае, поўнае глыбокай цішыні месца дзеля размовы з Айцом. Наследуючы Хрыста, пастарайся рабіць гэтаксама і заставацца прынамсі з дзясятак хвілін у поўнай цішыні і самоце дзеля сустрэчы з Ім. Запрасі Хрыста спадарожнічаць табе ў гэтай вандроўцы; запытайся, чаго менавіта Ён чакае ад цябе?

Не бойся спытаць Пана аб мэце гэтага Вялікага посту і ўслухайся ў адказ Любячага Айца.

Няхай Вялікі пост стане магчымасцю па-сапраўднаму ўзрастаць у веры, надзеі і любові. Няхай прынясе досвед большай радасці, сэнсу жыцця праз блізкасць іншых людзей. Няхай Вялікі пост стане праслаўленнем Бога, нягледзячы ні на што! Няхай Пан дакранецца да твайго жыцця, розуму, волі, сэрца і цела, і няхай будзе праслаўлена Яго Святое Імя!

Жадаю шмат плёну Вялікага посту 2023 года Божага!

Падзякуем Богу вечнага жыцця!

Абноўлена 22.02.2023 09:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа