Пошук


80 гадоў таму, у вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1942 года, у створаным нацыстамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі канцлагеры «Трасцянец», быў забіты беларускі рэлігійны і палітычны дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які перакладаў Евангелле на беларускую мову і змагаўся за незалежнасць Беларусі.

Будучы святар прыйшлў на свет 16 лістапада 1888 года. Дагэтуль ёсць дзве версіі, дзе нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі — у вёсцы Шурычы ці ў вёсцы Поразава Ваўкавыскага павета. Няма дадзеных і пра яго сям'ю і юнацтва.

Вядома, што ў 24 гады ён скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю і яшчэ чатыры гады вучыўся ў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі. У Пецярбургу ён далучыўся да беларускага гуртка студэнтаў акадэміі. Тады да гуртка належалі 11 сяброў з 70 студэнтаў акадэміі, а галоўнай мэтай гуртка было пашырэнне ведаў пра гісторыю Беларусі, вывучэнне літаратуры і музыкі.

Прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне Вінцэнт Гадлеўскі 3 чэрвеня 1914 года. З 1916 года служыў вікарыем у катэдральным касцёле ў Мінску, дзе і пачаў актыўную душпастырскую дзейнасць.

Тут на жыццё маладога святара вельмі паўплывалі гістарычныя падзеі — ужо ў лютым 1917 года ў Расіі зрынаюць цара, адбываецца хваля стыхійнай дэмакратызацыі, упершыню з часоў Вялікага Княства Літоўскага ў Беларусь вяртаецца палітычная свабода і свабода слова.

У Мінску 24–25 мая 1917 года ксёндз Гадлеўскі выступае на з'езде беларускага каталіцкага духавенства з дакладам аб стварэнні беларускай каталіцкай партыі ў духу шматлікіх каталіцкіх палітычных арганізацый, якія існавалі тады ў Еўропе з дазволу Пантыфіка. На гэтым жа з'ездзе было прынята рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі.

Беларусь склікае ў Мінску Усебеларускі кангрэс, дэлегатам на які быў абраны разам са шматлікімі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, афіцэраў, сялян і працоўных ксёндз Гадлеўскі. Бальшавікі разагналі кангрэс, аднак засталася працаваць абраная ім Рада, якая 25 сакавіка 1918 года і абвясціла незалежнасць нашай краіны.

У склад гэтай Рады — першага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі — быў абраны і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, абавязкам якога была апека над беларускімі ўцекачамі ад жахаў Першай сусветнай вайны.

Пасля падзелу Беларусі на Усходнюю і Заходнюю ксёндз Гадлеўскі працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць у вольнай ад бальшавікоў частцы краіны, выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі, рэдагаваў газету «Крыніца».

З 1924 года святар быў пробашчам касцёла ў Жодзішках, дзе двойчы за пашырэнне ідэй беларускай незалежнасці арыштоўваўся польскімі ўладамі, а ў 1927 годзе быў асуджаны на два гады турмы.

З 1929 года ксёндз Вінцэнт працаваў у Вільні, дзе быў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бэрнардынак, быў заснавальнікам Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні.

Тут ён пераклаў на беларускую мову Новы Запавет, які быў выдадзены беларускай лацінкай у 1939 годзе.

Адначасова ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі выступае як публіцыст і палітык спачатку ў складзе партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, а потым на старонках газеты «Беларускі фронт».

Падчас Другой сусветнай вайны нястомны святар як мог апекаваўся беларускімі школамі, намагаўся стварыць сетку беларускай узаемадапамогі ахвярам вайны. У часы нямецкай акупацыі служыў у Чырвоным касцёле ў Мінску.

Ксёндз Гадлеўскі прамаўляе гамілію ў касцёле.

Пра тое, у якіх умовах прыходзілася дзейнічаць ксяндзу Гадлеўскаму і іншым беларускім святарам, сведчаць успаміны іншага беларускага нацыянальнага і каталіцкага дзеяча Язэпа Малецкага:

«Ксёндз Гадлеўскі атрымаў жорсткую вымову ад немцаў, і яму забаранілі казаць казанні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін ксёндз Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў па-лацінску і чытаў толькі Святое Евангелле па-беларуску, народ жа ў час набажэнства спяваў беларускія рэлігійныя песні. Перад заканчэннем вайны немцы далі дазвол на пераезд у Мінск ксяндзу В. Шутовічу, які на сваім становішчы святара для беларусаў-католікаў сустрэў у Мінску і бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны, пасля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве».

Праз крытыку не толькі бальшавіцкай, але і нацысцкай акупацыі Беларусі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны нямецкай Службай бяспекі ў ноч на 24 снежня 1942 года. Нацысты прапанавалі яму пакінуць Беларусь, але святар адмовіўся пакінуць свой народ і быў таемна забіты ў Трасцянцы.

Пра дзейнасць зацятага патрыёта і хрысціяніна невядома яшчэ шмат — з ім звязваюць, напрыклад, заснаванне Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая мела за мэту ваяваць падпольна, а потым і адкрыта адначасова супраць нацысцкага Рэйха і СССР. Шматлікія пытанні беларускай гісторыі змагання за волю пакуль застаюцца без адказу і патрабуюць сваіх даследчыкаў.

Аднак бясспрэчна адно — усё жыццё адданага Богу і сваёй краіне святара сведчыць пра тое, наколькі глыбока ён разумеў свой святарскі абавязак.

Беларусь шчаслівая мець такога сына, шанаваць памяць якога — наш агульны абавязак як хрысціянаў і беларусаў.

Абноўлена 24.12.2022 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа