Пошук

02.12.2022 14:27   Падрыхтаваў: Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

Сёлета адзначалася 30-годдзе з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, які прадстаўляе ў нашай краіне Апостальскі нунцый. З гэтай нагоды Камісія па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала катэхезу, прысвечаную дзейнасці Апостальскай нунцыятуры.

1. Хто такі апостальскі нунцый?

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Фота Віталія Палінеўскага

Апостальскі нунцый — гэта прадстаўнік Папы ў нейкай канкрэтнай краіне ці пры міжнароднай арганізацыі, напрыклад, ААН. Місія нунцыя падвойная: яна датычыць мясцовага Касцёла ў дадзенай краіне і адносін са свецкімі уладамі. Перад свецкімі ўладамі нунцый прадстаўляе Папу як кіраўніка Каталіцкага Касцёла.

2. Ці Святы Пасад і Ватыкан гэта тое ж самае?

Ілюстрацыйнае фота: Bohumil Petrik / CNA

Святы Пасад (іншыя варыянты назвы на беларускай мове — Апостальская Сталіца, Святая Сталіца, Святы Прастол) і горад-дзяржава Ватыкан з’яўляюцца рознымі суб’ектамі міжнароднага права, але імі абодвума кіруе Папа. У вырашэнні спраў усяго Каталіцкага Касцёла Папу дапамагае Рымская Курыя, якая складаецца са шматлікіх структур. У вырашэнні спраў горада-дзяржавы Ватыкан яму дапамагае апарат губернатарату Ватыкана. У Ватыкане, які геаграфічна размешчаны ў Рыме, знаходзяцца сядзіба Папы і структур Рымскай Курыі. Святы Пасад і Ватыкан функцыянальна звязаны паміж сабой настолькі, што часта гэтыя два тэрміны ўжываюцца як поўныя сінонімы. Адным з сімвалаў Ватыкана з’яўляецца базіліка святога Пятра.

3. Чаму нунцыя называюць папскім легатам?

Cпецыяльны пасланнік Папы Францішка на ўрачыстасцях у Будславе ў 2016 годзе арцыбіскуп Венcкі кардынал Крыстаф Шонбарн ОР сустракаецца з афіцыйнымі асобамі Беларусі. Фота з сайта Савета міністраў РБ

Папскі легат — гэта больш шырокае паняцце, чым нунцый. Папскі легат — гэта прадстаўнік Святога Пасаду, дэлегаваны Папам для выканання ўскладзеных на яго функцый. Легат можа прадстаўляць Папу ў мясцовых Касцёлах, міжнародных арганізацыях, краінах і ўрадах, да якіх скіраваны.

4. Ці нунцый з’яўляецца дыпламатычным супрацоўнікам?

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч з Аляксандрам Лукашэнкам. Фота: president.gov.by

Нунцый з’яўляецца дыпламатам, паколькі ўзначальвае пастаянную дыпламатычную місію ў канкрэтнай краіне. Проста кажучы, у міжнародных адносінах ён мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла і яму належаць імунітэт і прывілеі, якія з гэтым звязаны. У некаторых краінах гістарычна склалася, што нунцый з’яўляецца дуаенам (дэканам, або старэйшынам) дыпламатычнага корпусу — ганаровым галавою ўсіх дыпламатычных місій у краіне. У Беларусі такім ганаровым галавою з’яўляецца старэйшы пасол па часе пачатку выканання сваіх функцый. На цяперашні момант Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны прыкладна са 179-ю краінамі свету.

5. Што такое нунцыятура?

Апостальская нунцыятура ў Мінску. Фота: Wikipedia.org

Гэта сядзіба нунцыя, месца яго жыхарства і выканання дыпламатычнай місіі,  эквівалент пасольства ў выпадку іншых краін. Падчас Апостальскіх візітаў у розныя краіны Папа спыняецца менавіта ў нунцыятуры. У Беларусі напачатку Апостальская нунцыятура ажыццяўляла сваю дзейнасць пераважна ў Ватыкане, а з 18 мая 1994 года на пастаяннай аснове стала дзейнічаць у сталіцы Беларусі. Цяпер дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду размяшчаецца ў спецыяльна пабудаваным асобным будынку ў гістарычным раёне Залатой Горкі ў Мінску (пр. Незалежнасці, 46 Д).

6. Што значыць слова «нунцый»?

Памятны канверт з маркай у гонар 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Фота: Інфармацыйны ліст пошты Беларусі № 42 (971)

Гэта слова паходзіць ад лацінскага nuntius — пасланнік. Практыка высылаць сваіх пасланнікаў Папамі Рымскімі сягае IV стагоддзя. Напачатку яна датычылася толькі ўнутраных адносін Касцёла, а з цягам часу стала датычыцца і адносін Касцёла з дзяржавамі.

7. Ці нунцый належыць да духавенства?

Нунцый Ёзіч ускладае на арцыбіскупа Станеўскага палій Мітрапаліта. Фота Міколы Новікава

Звычайна нунцый з’яўляецца арцыбіскупам, але ён не кіруе якой-небудзь дыяцэзіяй і не ўваходзіць у склад мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, але можа ўдзельнічаць у яе пасяджэннях. Таму нельга сказаць, што нунцый — гэта галоўны іерарх мясцовага Касцёла. Нунцыі рэгулярна ўзначальваюць святую Імшу на тэрыторыі нунцыятуры: там у Эўхарыстычнай малітве як імя біскупа ўзгадваецца імя нунцыя. Нунцыі могуць выконваць літургічныя функцыі на тэрыторыі, даверанай іх дыпламатычнай місіі, па магчымасці загадзя папярэджваючы пра гэта мясцовых іерархаў. Нунцыі і нунцыятура не падпадаюць пад юрысдыкцыю біскупаў мясцовага Касцёла.

8. Якія яшчэ заданні нунцыя?

Нунцый Ёзіч моліцца за палеглых у Трасцянцы. Фота кс. Юрыя Ясевіча

У сферу абавязкаў нунцыя ўваходзіць падтрымка адносін паміж Святым Пасадам і дзяржаўнымі органамі канкрэтнай краіны, абмеркаванне з уладамі становішча Каталіцкага Касцёла ў краіне, падтрымка дзейнасці мясцовага Касцёла і інфармаванне Святога Пасаду аб яго дзейнасці, умацаванне еднасці паміж мясцовымі Касцёламі і Святым Пасадам, спрыянне міру і ўзаемаразуменню паміж народамі, умацаванне сяброўскіх сувязяў з некаталіцкімі хрысціянскімі Цэрквамі і дэнамінацыямі, а таксама з нехрысціянскімі рэлігіямі. Нунцыю належыць права пасля неабходных кансультацый прапаноўваць Святому Пасаду кандыдатаў на біскупаў, а таксама выказваць меркаванне адносна неабходнасці стварэння новых касцёльных структур, напрыклад, дыяцэзій.

9. Якія нунцыі ажыццяўлялі місію ў Рэспубліцы Беларусь?

Першы Апостальскі нунцый у Беларусі Габрыэле Мантальва Ігера. Фота: Alamy

11 лістапада 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. 17 красавіка 1993 года, арцыбіскуп Габрыэле Мантальва Ігера быў прызначаны першым Апостальскім Нунцыем у Беларусі. У розны час з гэтай місіяй у нашай краіне знаходзіліся арцыбіскуп Агасціно Маркэта, арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, арцыбіскуп Іван Юркавіч, арцыбіскуп Марцін Відавіч, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, арцыбіскуп Габар Пінтэр.

10. Хто цяпер з’яўляецца нунцыем у Рэспубліцы Беларусь?

Нунцый Ёзіч і пасол Алейнік. Фота кс. Аляксандра Уласа

21 мая 2020 года Папа Францішак прызначыў Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Антэ Ёзіча. Арцыбіскуп Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 у Харватыі. Апостальскі нунцый валодае акрамя роднай, харвацкай, таксама італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай, партугальскай, нямецкай, кітайскай, рускай і польскай мовамі. Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе ужо пятнаццаты год з’яўляецца Сяргей Алейнік.

Абноўлена 02.12.2022 14:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця