Пошук

01.11.2022 00:07   біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB прапануе даступны катэхетычны выклад каталіцкага вучэння пра чысцец і значэнне малітвы з памерлых у Касцёле.

Касцёл мае звычай асаблівым чынам спалучаць малітву за душы ў чыстцы з урачыстасцю Усіх Святых. Сапраўды, з сённяшняга вечара Касцёл просіць нас маліцца за душы ў чыстцы, а ўвесь заўтрашні дзень прысвечаны ім.

Святары заўтра могуць цэлебраваць тры Імшы, каб прасіць Пана аб вызваленні душаў з чыстца.

Вось чаму я хацеў бы звярнуць нашую ўвагу і запрасіць нас паразважаць над рэчаіснасцю чыстца і над тым, якую пабожнасць мы павінны мець у адносінах да душаў, якія пакутуюць у гэтым месцы ачышчэння.

Па-першае, ці існуе чысцец?

Калі верыць усяму, што пішуць сёння, у веруючага чалавека можа ўзнікнуць спакуса паверыць у тое, што чысцец  — гэта сярэднявечная байка. Не, чысцец — гэта догмат, догмат нашай веры. Той, хто не верыць у чысцец, з’яўляецца ерэтыком. Сапраўды, ужо ў XIII стагоддзі Ліёнскі Сабор урачыста пацвердзіў існаванне чыстца. Потым таксама Латэранскі сабор у XV стагоддзі зноў пацвердзіў рэальнасць чыстца. І, нарэшце, Трыдэнцкі сабор, насуперак адмаўленню пратэстантаў, урачыста зацвердзіў, што, каб захаваць веру, трэба верыць у існаванне чыстца.

Таму цалкам упэўнена можна сцвердзіць, што гэта догмат нашай веры.

Догмат нашай веры, які перш за ўсё сцверджаны і заснаваны на Традыцыі, а не на Святым Пісанні. Тым не менш, Святое Пісанне змяшчае ўрыўкі, якія настолькі пэўна, наколькі гэта магчыма, гавораць пра існаванне чыстца.

У Святым Пісанні мы маем апавяданне пра Макабэяў і Юду Макабэя, які паслаў у Ерузалем суму ў 12 тысяч талантаў з просьбаю да святароў прынесці ахвяру за ваяроў, якія загінулі ў бітве, каб яны былі вызваленыя ад пакарання і маглі дасягнуць Неба. І Святое Пісанне дадае: Гэта збаўчая думка  — маліцца за нашых памерлых.

Таксама Святы Павел гаворыць пра душы ў чыстцы, кажучы, што некаторыя душы адразу дасягаюць неба, іншыя таксама дасягаюць Неба, але як праз агонь, маючы на ўвазе, безумоўна, неабходнае ачышчэнне для душаў, якія не зусім падрыхтаваныя, каб увайсці ў Рай. Менавіта на гэтых біблійных тэкстах і асабліва на Традыцыі, перададзенай нам апосталамі і Айцамі Касцёла, Касцёл заснаваў сваю веру ў існаванне і рэальнасць чыстца.

Чаму існуе чысцец?

Таму што мы павінны ўвайсці на Неба ў найдасканалейшай чысціні. Немагчыма ўявіць, каб душы маглі ўвайсці ў бачанне Бога, увайсці ў еднасць з Богам — у еднасць, якая пераўзыходзіць усё, што можа прыдумаць наша ўяўленне; усё, што мы можам сабе ўявіць; увайсці ў саму боскасць; удзельнічаць у Святле Божым — са сваімі схільнасцямі, якія супярэчылі б гэтаму Святлу, гэтай хвале Божай, гэтай чысціні Бога, гэтай святасці Бога. Гэта немагчыма.

Вось чаму тыя, хто памёр у стане ласкі, але хто не ачысціўся дасканала праз пакаранне, якое належыць граху, пасля таго, як грэх быў прабачаны, і таксама тыя, хто памёр з даравальнымі грахамі, павінны прайсці праз гэтае месца ачышчэнне, якое зробіць іх больш годнымі прысутнасці перад Богам у Яго Святой Тройцы.

Гэта цалкам натуральная рэч.

Мы не павінны забывацца пра тое, што калі грэх нам прабачаны, то ў нас застаецца ўтвораны грахом беспарадак. Несумненна, маральнай віны ўжо не існуе, таму што яна была прабачана праз сакрамэнт пакаяння, але, тым не менш, фактам застаецца тое, што наша душа была параненая, наша душа прыйшла ў беспарадак, які трэба выправіць.

Гэта можна параўнаць з чалавекам, які зграшыў, скраўшы ў свайго бліжняга — ён не толькі павінен вызнаць грэх у сакрамэнце пакаяння нашаму Пану і атрымаць адпушчэнне грахоў, але ён павінен кампенсаваць скрадзеную суму. І мы можам параўнаць гэты крадзеж з усімі грахамі, якія мы здзейснілі. Мы стварылі беспарадак; мы стварылі несправядлівасць. Мы павінны выправіць гэтую несправядлівасць, нават пасля таго, як грэх быў прабачаны. Вось чаму душы застаюцца ў чыстцы да той хвіліны, пакуль праз гэтае пакаранне за грэх, які быў прабачаны, яны не будуць дасканала ачышчаны.

Заканчэнне ТУТ>>>

Абноўлена 02.11.2022 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.