Пошук

30.08.2022 10:51   Іаланта Валуевіч / Catholic.by
Фота кс. Адама Вайцяхоўскага з сямейнага архіву Зоф’і Шапель

Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння святара, лекара, пакутніка Адама Вайцяхоўскага, а таксама 85 гадоў з пачатку яго служэння ў касцёле ў Клюшчанах.

З гэтай нагоды ў нядзелю 28 жніўня пробашч парафіі святога Яўхіма ў Клюшчанах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) ксёндз Анатоль Захарэўскі цэлебраваў святую Імшу за душу светлай памяці ксяндза Адама Вайцяхоўскага, які 11 гадоў нёс служэнне ў клюшчанскім касцёле, знішчаным пажарам пяць гадоў таму.

У светлай капліцы, дзе некалі ксёндз Адам вучыў праўдам веры тутэйшых парафіянаў, развучваў з імі новыя песні, прымаў і абнадзейваў хворых, натхнёна маліліся нашчадкі тых людзей. Сярод прысутных не было чалавека, які б не ведаў альбо прынамсі не чуў пра гэтага святара.

Памяць пра яго адданасць Богу і Касцёлу, пра яго добрыя справы жыве ў пакаленнях.

Нарадзіўся Адам Вайцяхоўскі ў Вільні ў 1902 годзе. Ён з дзяцінства марыў дапамагаць людзям і напачатку паступіў у медыцынскі ўніверсітэт. Як расказвалі старэйшыя, у сілу свайго добрага характару ён не мог адважыцца «рэзаць» людзей і вырашыў лячыць людскія душы.

Пасля заканчэння Віленскай духоўнай скмінарыі новапасвячаны святар нядоўгі час служыў у Начы, Мэйшаголе, Адуцішках, а ў 1937 годзе, 85 гадоў таму, быў скіраваны на пастаяннае месца душпастырскага служэння ў Клюшчаны.

Тут прайшоў самы доўгі — 19 гадоў, — самы шчаслівы і адначасова трагічны перыяд яго святарскага жыцця.

Шчаслівы, таму што яго адразу палюбілі тутэйшыя парафіяне: гарнуліся і моладзь, і дзеці, і старэйшыя; нават бяздольным было месца у плябаніі. Створаны ім разам з арганістам В. Тэрмёнам духавы аркестр з дванаццаці інструментаў граў на фэстах, святах, суправаджаў пілігрымкі ў Вільню і пашыраў славу Клюшчанскай парафіі. Пры касцёльным доме «Агеньчык» працавалі дзіцячы гурток і земляробчая школа для моладзі.

Ксяндза Адама Бог адарыў шматлікімі талентамі: ён граў на раялі, спяваў, ведаў, па аповедах сучаснікаў, дванаццаць моваў: англійскую, нямецкую, французскую, лаціну, польскую, літоўскую, рускую — гэта тое, што дакладна вядома, бо людзі да яго прыходзілі па пераклады.

Не толькі ў Клюшчанскай парафіі, але і далёка за яе межамі быў вядомы як лекар травамі.

У плябаніі быў адведзены вялікі пакой, застаўлены стэлажамі, дзе захоўваліся розныя зёлкі, збіраць якія заахвочваў і парафіянаў. Веды, атрыманыя ў медуніверсітэце, ён цудоўна спалучаў з малітвай і верай і вылечваў нават самыя цяжкія і невылечныя, на погляд дактароў, хваробы. Пра гэта сведчаць многія прыклады, расказаныя відавочцамі, або самімі аздароўленымі. Малітвы, добрыя адносіны, веды і лекавыя травы рабілі цуды.

Яго любілі за шчырую прамяністую усмешку, за тое, што вельмі любіў людзей: і старым, і малым, і здаровым, і хворым удзяляў належную ўвагу; для кожнага знаходзіў добрае, ласкавае слова, умеў у складаных сітуацыях абнадзеіць і падтрымаць. Так, гэта былі сапраўды «залатыя гады», як назвалі іх парфіяне: гады іх маладосці з Богам у сэрцы, з ксяндзом Вайцяхоўскім і з клюшчанскім касцёлам.

Трагічнаыя гады прыйшлі з усталяваннем на тэрыторыі Заходняй Беларусі бязбожнага савецкага рэжыму. Адносіны новых апантаных уладаў да святароў і святыняў у пасляваенныя гады былі напоўнены хваравітай, д’ябальскай нянавісцю.

З 1947 па 1956 год ксёндз Адам, каб пазбегнуць расправы па надуманых абвінавачваннях, быў вымушаны хавацца на хутары Ружаполле ў адданага касцёлу і Богу чалавека Пілімона.

Яму не раз даводзілася хавацца за падвойнай сцяной, якую гаспадар падрыхтваў на такія выпадкі. Або, калі не паспяваў, то хаваўся ў куфар, а на яго накідвалі дываны і ручнікі. І так, амаль без паветра, суняўшы дыханне, яму, бывала, даводзілася сядзець гадзінамі.

Мучалі святара і мясцовыя «адмарозкі». Аднойчы ўзімку, запрасіўшы быццам да хворага, завезлі ў лес, прывязалі бервяно на плечы і сказалі: «Насі, калі ты наступнік Хрыста!» — а самі сядзелі ў санях, пілі гарэлку і пацяшаліся. Толькі на раніцу, ледзь жывога, конь прывёз святара дадому.

У 1956 годзе былі знятыя абвінавачванні, і ксёндз Адам выйшаў з падполля. Але гэта ўжо быў не той святар, якога ўсе памяталі: ён быў падобны на цень, і з твару знікла тая прамяністая, прыязная ўсмешка, якая так сагравала людскія сэрцы.

Клюшчанскі касцёл быў зачынены, і ксяндза Вайцяхоўскага скіравалі на працу ў Гудагай, дзе ён адразу ж апынуўся пад пільным наглядам. Людзей ўжо не лячыў, бо з-за гэтага не толькі ён сам меў непрыемнасці, але савцкія ўлады ўчынялі допыты тым, хто да яго прыходзіў.

У 1968 годзе ксяндза Адама моцна збілі невядомыя мужчыны, адзін з якіх быў пераапрануты ў жанчыну з лялькай, нібыта хворым дзіцем на руках, проста ў яго доме. Пасля гэтага стан яго здароўя рэзка пагоршыўся, але да апошніх дзён жыцця ён прапаведваў Божае слова, лячыў людскія душы.

Памёр ксёндз Адам Вайцяхоўскі ў 1973 годзе, 15 ліпеня — напярэдадні парафіяльнага фэсту Маці Божай Шкаплернай.

Святара моцна любілі яго парафіяне, яшчэ пры жыцці называлі святым; любяць і памятаюць яго і іх нашчадкі.

Да 120-годдзя з дня яго нараджэння адна з парафіянак, якой дарагая памяць пра гэтага надзвычайнага святара і чалавека, а таксама гісторыя клюшчанскага касцёла, падаравала касцёлу партрэт ксяндза Вайцяхоўскага, з якога ён ўжо некалькі месяцаў сустракае прамяністай усмешкай усіх, хто прыходзіць у святыню: так, як некалі іх бацькоў і дзядоў.

…Пасля святой Імшы прагучалі ўспаміны пра святара, лекара і пакутніка ксяндза Вайцяхоўскага. У мяне было некалькі фотаздымкаў, якія я прапанавала ўзяць людзям. Кранула тое, што юная дзяўчынка Даша Балюцкіс узяла фота святара ад бабулі і сказала: «Я буду насіць яго ў партфелі; гэта будзе мой заступнік».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.