Пошук

18.02.2022 18:01   с. Рэната (Анатоля) Зялінская ОР / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Прапануем вашай увазе жыццярыс сястры Тэрэзы Складоўскай з Трэцяга Францішканскага Ордэна, апрацаваны сястрой Рэнатай (Анатоляй) Зялінскай з супольнасці Сясцёр Святога Дамініка.

Тэрэза Складоўская нарадзілася 8 ліпеня 1936 года ў вёсцы Міхалова, што непадалёк ад Івянца. Яе тата, Станіслаў Складоўскі, паходзіў з Апочна (Польшча), а мама, Марыя Складоўская (у дзявоцтве Ахрэм), паходзіла з Міхалова.

Маці была выхавецелькай дзяцей сям’і Канашэўскіх у маёнтку непадалёк. У сям’і Складоўскіх было чацвёра дзяцей: старэйшы Стэфан, Зоф’я, Яніна і малодшая Тэрэза.

З маленства дзеці выхоўваліся ў рэлігійнай атмасферы: штодзённа маліліся ўсёй сям’ёй і рэгулярна ўдзельнічалі ў набажэнствах у францішканскім касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы, які знаходзіўся за чатыры кіламетры ад іх дома.

Першую святую Камунію Тэрэза прыняла ў івянецкім касцёле падчас Другой сусветнай вайны 13 чэрвеня 1943 годза. Пасля вайны Тэрэза са сваёй сястрой Янінай пачалі вучыцца ў дзеясцігадовай рускамоўнай школе ў Івянцы. З-за складанага матэрыяльнага становішча старэйшыя дзеці не маглі хадзіць у школу, таму што вымушаны былі дапамагаць бацькам дома па гаспадарцы.

Касцёл святога Міхала Арханёла ў Івянцы. Фота: Radzima.net

Пасля заканчэння школы дзве малодшыя сястры, Яніна і Тэрэза, працягнулі вучобу ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага (сёння — імя Максіма Танка). Яніна скончыла інстытут у 1959 годзе, пасля чаго была скіравана на працу ў школу ў Волме (15 км ад Івянца), а Тэрэза, якая скончыла вучобу ў наступным, 1960 годзе, была размеркавана ў Мінск.

На працягу 25-і гадоў яна працавала ў розных мінскіх школах настаўніцай фізікі.

Між тым у Савецкім Саюзе адбываўся жорсткі пераслед веры і Касцёла. У 1948 годзе касцёл святога Міхала Арханёла ў Івянцы быў зачынены, а праз два гады такі ж лёс напаткаў і другую івянецкую святыню — касцёл святога Аляксея, які ў народзе называлі «Чырвоным». Найбліжэйшыя касцёлы дзейнічалі ў 24-х км ад Івянца ў Дзераўной і ў 26-і км у Рубяжэвічах. У Мінску ўсе касцёлы ў пасляваенны час былі зачынены, і католікі са сталіцы савецкай Беларусі вымушаны былі ездзіць на Імшу ў Краснае, што непадалёк ад Маладзечна.

Пасля заканчэння інстытуту Тэрэза пасялілася у Марыі і Юзэфы Пятроўскіх, разам з якімі ездзіла на Імшу ў Краснае. Там яна пазнаёмілася з вернікамі з розных мясцін і з многімі пасябравала. Пробашчам парафіі ў Красным быў ксёндз Юзаф Марсангер, езуіт, які застаўся са сваімі вернікамі ў цяжкія часы. Як добрыя пастыр, да якога збіраліся шматлікія вернікі, ён асабліва клапаціўся пра моладзь.

Касцёл у Красным. Фота: Poshyk.info

Святар убачыў у маладой настаўніцы з Мінска асобу глыбока веруючую і адданую справе Касцёла і пачаў паступова ўключаць яе ў парафіяльнае жыццё. Разам з тым таксама пробашч парафіі ў Дзераўной ксёндз Люцыян Хмялёвец запрашаў яе дапамагаць у касцёле. Тут яна, выкарыстоўваючы свае веды ў галіне фізікі, правяла электрычнае асвятленне ў касцёльны жырандоль, у якім да гэтага трэба было запальваць свечы. Яе веды і здольнасці прыдаліся таксама для асвятлення дэкарацый у касцёлах, якія рабіліся на Божае Нараджэнне: ясляў, ялінак, а таксама на Пасху і з іншыя касцёльных нагод.

Сама Тэрэза так пра гэта распавядала:

«Пачынаем з Божага Нараджэння: на Каляды — адна дэкарацыя, на Вялікі Пост — другая, на май — трэцяя, на чэрвень — чацвертая, на ружанцовы месяц — пятая. Усё было: адно здымаецца, наступнае ставіцца…»

Калі ў часы атэістычнага пераследу ў касцёлах не было належнага забеспячэння і дэкарацый, а людзі былі шмат дзе пазбаўлены магчымасці часта бываць у святыні і ўдзельнічаць у набажэнствах, праца і прысвячэнне Тэрэзы былі асабліва каштоўнымі. Такім чынам маладая настаўніца набліжала да людзей Бога. Дэкарацыі былі своеасаблівай катэхезай, якія паказвалі прыгажосць Бога ў Яго доме.

Дзераўная. Фота: Wikipedia.org

Яна часта ездзіла ў Вільню, дзе купляла для касцёлаў тое, чаго немагчыма было набыць у БССР, каб падрыхтаваць прыгожыя дэкарацыі. Часта яна выдаткоўвала на гэта свае ўласныя грошы з заробку, які атрымлівала ў школе, і ніколі нічога не брала за прысвечаны час і працу. Усе дэкарацыі яна рабіла ў сціплым пакойчыку на гарышчы плябаніі ў Красным, або ў сваім пакоі ў Мінску. Стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагі, адвозіла элементы дэкарацый у валізках.

Бескарыслівае адданне Тэрэзы стала вядомым сярод святароў у яшчэ не зачыненых на тэрыторыі Беларусі касцёлах. Акрамя святынь у Красным і Дзераўной, Тэрэза дапамагала таксама ў касцёле ў Рубяжэвічах і іншых на працягу 28-і гадоў.

«Я дапамагала ў дванаццаці касцёлах», — прызнавалася яна сама, хоць не заўсёды бачыла плён сваёй працы на месцах. Святары скіроўвалі да яе давераных асоб з просьбамі, і яна рабіла тыя ці іншыя элементы асвятлення дэкарацый. «Многіх касцёлаў, для якіх рабіла, я не бачыла. Уладак мяне прасіў, прасіў ружанец, я зрабіла з электрычнасці, лямпачкі, таксама крыжык; усё свяцілася», — распавядала Тэрэза.

Касцёл у Дзераўной. Фота: Vedaj.by

Акрамя працы, звязанай з асвятленнем і дэкарацыямі, Тэрэза выконвала і асаблівыя таемныя заданні. Час ад часу ксёндз Юзаф Марсангер высылаў яе ў Польшчу, да сваіх сабратоў езуітаў у Свентай Ліпцы. Паехаць за мяжу Тэрэза магла дзякуючы таму, што ў суседняй краіне жылі яе родныя з боку таты. Паколькі сам святар, які застаўся ў Савецкім Саюзе, быў пазбаўлены такой магчымасці, дзякуючы Тэрэзе ён мог падтрымліваць кантакт з сабратамі. Праз яе ён атрымліваў неабходную рэлігійную літаратуру, у тым ліку і новы Імшал, які ўвайшоў у літургічнае жыццё Касцёла пасля Другога Ватыканскага сабору.

Ксёндз Юзаф Марсангер SI, ксёндз Люцыян Хмялёвец і ксёндз Пётр Пупін з Рубяжэвічаў сталі для Тэрэзы духоўнымі настаўнікамі і кіраўнікамі. Заўважыўшы ў ёй вялкае ўнутранае багацце, ксёндз Люцыян Хмялёвец пачаў яе духоўную фармацыю, заахвочваючы чытаць Святое Пісанне. З таго часу Тэрэза рэгулярна чытала Біблію і разважала над Святым Пісаннем. Святар даваў ёй таксама іншую рэлігійную літаратуру, у тым ліку і Катэхізіс, які Тэрэза вельмі добра ведала і ім жыла, але цяпер яна рыхтавалася яшчэ да аднаго задання, якому прысвяціла рэшту свайго жыцця — катэхізацыі.

«Аднойчы, — узгадвала Тэрэза, — ксёндз Люцыян узяў мяне ў сакрыстыю, а сакрыстыя маленькая, а там група людзей стаіць да споведзі, і ксёндз кажа мне: „Калі ласка, растлумачце людзям пяць умоў сакрамэнту споведзі“. Ксёндз сядзіць і спавядае, а я кажу: „Дык я ж буду ксяндзу перашкаджаць“. — „Нічога, мне не перашкаджае“, — сказаў ксёндз Люцыян. Потым ксёндз бярэ наступнага чалавека і спавядае, а папярэдні адыходзіць.

Такая была мая першая навука ў Дзераўной, у сакрыстыі пры святары», — распавядала Тэрэза пра свой першы вопыт у якасці катэхеткі.

У тыя часы не было іншай магчымасці атрымаць рэлігійныя веды. Адчуваючы патрэбу ў абвяшчэнні Божага слова і служэння людзям, Тэрэза сама пачала шмат чытаць, каб паглыбіць свае ўласныя веды і потым дзяліцца імі з іншымі. Яна таксама вельмі шмат малілася.

«Яшчэ ў студэнцкія гады, калі прыязджала на лета на канікулы, я пасвіла кароў у таты. Пасвіла кароў, і заўсёды з „Рыцарам Беззаганнай“…» — узгадвала яна пра сваю рэлігійную адукацыю.

Касцёл у Рубяжэвічах. Фота: Poshyk.info

Праз пэўны час дасведчаны святар ксёндз Пётр Пупін распазнаў у Тэрэзе асблівыя духоўныя дары, якія яна атрымала ад Бога, і якія былі тады так патрэбныя падчас пераследу Касцёла. Пасля споведзі ён параіў Тэрэзе задумацца над выкананнем у жыцці евангельскіх парад. Тэрэза ўжо думала пра гэта, сама адчувала ў сэрцы такую патрэбу, калі вырашыла, што не выйдзе замуж, а сваім жыццём будзе служыць Богу і людзям.

Ксёндз Юзаф Марсангер растлумачыў ёй, што існуюць такія формы жыцця, праз якія можна служыць Богу, і адна з іх — Францішканскі Ордэн Свецкіх.

У 1960 годзе Тэрэза ўступіла ў яго, а праз два гады прынесла таемна вечныя абяцанні ў прысутнасці ксяндза Марсангера ў Красным.

У глыбіні душы сястра Тэрэза не была звычайнай свецкай тэрцыяркай, але сваё пакліканне бачыла як поўнае адданне і прысвячэнне сябе Богу праз жыццё евангельскімі радамі, уласцівае манахам. Усё яе жыццё складалася толькі з працы ў школе і са служэння Касцёлу, якое было заўсёды на першым месцы. Выконваючы параду ўбоства, яна жыла вельмі сціпла, а рэшту сваіх невялікіх сродкаў прысвячала на касцёльныя патрэбы.

Акрамя дапамогі з асвятленнем і дэкарацыямі, адным з абавязкаў Тэрэзы была падрыхтоўка дзяцей да працэсій. Для гэтага яна разам з іншымі дзяўчатамі шыла адпаведныя строі і харугвы, матэрыял для якіх трэба было прывозіць з Вільні. Але самым важным заданнем Тэрэзы была катэхізацыя.

У часы перабудовы яна актыўна ўдзельнічала ў малітвах аб вяртанні забраных святынь вернікам. У вернутым касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску яна на працягу дзевяці месяцаў дапамагала з асвятленнем і дэкарацыямі, а таксама рыхтавала дарослых да прыняцця святых сакрамэнтаў. У 1991 годзе, калі аднавіліся набажэнствы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, яна пачала дапамагаць і там.

З моманту адраджэння Залатагорскай парафіі яна праводзіла ў святыні малітвы з людзьмі, рыхтавала да сакрамэнтаў і рабіла дэкарацыі.

Кссцёл на Залатой Горцы. Фота vedaj.by

Паколькі доўгія гады ў святыні на Залатой Горцы працягвала дзейнічаць зала камернай музыкі філармоніі, і кожны дзень у касцёле праходзілі рэпетыцыі і канцэрты, яна праводзіла катэхезы ў свёй кватэры. Да яе прыходзіла мноства людзей з розным узроўнем ведаў і адукацыі, і да кожнага сястра Тэрэза як добры педагог знаходзіла індывідуальны падыход, каб данесці сутнасць Хрыстовага вучэння.

Яе заняткі былі не проста катэхізацыяй, а духоўным выхаваннем людзей, якія часта жылі ў нязгодзе з вучэннем Касцёла і з уласным сумленнем. Рыхтуючы іх прыняць Бога ў сваё асабістае, сужэнскае і сямейнае жыццё, яна такім чынам закладала падмурак многіх каталіцкіх сем’яў, а таксама вялікай сям’і Касцёла ў Беларусі, які перажываў вясну свайго адраджэння.

Яна гасцінна дазваляла жыць у сваёй кватэры святарам, якія прыязджалі ў Мінск, а таксама сёстрам законным, а сама на гэты час пераходзіла да сваёй хворай пляменніцы, якой апекавалася. Амаль два гады ў яе кватэры жылі сёстры з супольнасці Сясцёр Святога Дамініка, якія прыбылі ў Мінск і распачалі служэнне ў Залатагорскай парафіі. Прычым сястра Тэрэза сама аплочвала іх пражыванне, кажучы, што гэта яе ахвяра для Касцёла.

Сястра Тэрэза Сладоўская да апошняга служыла Касцёлу і сваім бліжнім, чым толькі магла. Яна адышла ў вечнасць 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда. У гэты дзень яна адчувала сябе значна лепш пасля перанесенай хваробы і пажадала выйсці на двор, на сонейка. Адтуль яна ўжо не вярнулася ў сваю кватэру, а скіравалася ў Дом нябеснага Айца, які паклікаў яе на 86-м годзе зямнога жыцця.

Жыццё сястры Тэрэзы — менавіта так называлі яе ўсе на Залатой Горцы, — гэта прыгожае сведчанне прысутнасці Бога там, дзе казалі, што Яго ўжо няма, дзе Яму не давалі месца, дзе Яго імкнуліся выкінуць з асабістага і грамадскага жыцця.

Яна дапамагла сустрэцца з Богам сотням людзей. Для яе на першым месцы заўсёды быў Бог і патрэбы Касцёла, а таксама такія каштоўнасці, як праўда, сумленнасць, вернасць, працавітасць, самаахвярнасць у служэнні Богу і людзям. Ціхаю малітваю, сціплым служэннем і жывым сведчаннем уласнага жыцця сястра Тэрэза Складоўская зрабіла вялізны ўнёсак у духоўнае адраджэнне Касцёла ў Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця