Пошук

11.11.2021 09:59   Алесь Белы / Catholic.by
Святы Марцін Турскі дзеліць плашч з жабраком. Фрагмент вітража / Рinterest.com

Успамін святога Марціна Турскага, які ў Касцёле адзначаецца 11 лістапада, быў калісьці адным з самых прыкметных у каталіцкім календары.

Святкаванні ў гонар гэтага святога біскупа доўжыліся тры дні, з 10 па 12 лістапада, а сам Марцін Турскі быў адным з самых любімых святых у хрысціянскім кульце.

Яго шануюць і праваслаўныя, і нават лютэране, так бы мовіць, «па інэрцыі», хоць афіцыйна культ святых у іх скасаваны.

Калі Вялікае Княства Літоўскае было часткай заходняга свету, лацінская версія гэтага культу, і ў тым ліку яе народнае вымярэнне, былі вельмі пашыраныя і ў нас.

Выява: blog.obitel-minsk.com

Пра звязаныя з культам святога Марціна традыцыі рапавядае гісторык Алесь Белы ў сваім допісе на платформе Patreon.

З даўніх часоў на дзень святога Марціна прынята рэзаць гусей і адзначаць свята рознымі стравамі, асабліва печанай (ці смажанай) гуссю — «птушкай Марціна».

Беларускім каталіцкім вернікам гэтая традыцыя зусім не чужая. Захавалася некалькі прыказак на гэты конт, самая вядомая з якіх: «Марцін святы — губіцель гагаты».

Марцін, адзін з самых славутых хрысціянскіх святых, нарадзіўся каля 316–317 гг. (або ў 336 г.) у рымскай правінцыі Панонія (сучасная Венгрыя). Яго бацька быў легіянерам і перакананым прыхільнікам паганства. Таму і назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны. Kалі пазней бацьку перавялі служыць у італьянскую Павію, Марцін пазнаёміўся з тамтэйшымі хрысціянамі і стаў катэхуменам, але да хрышчэння не дайшло, бо біскуп пабаяўся хрысціць 10-гадовага хлапчука, каб не наклікаць на сябе гнеў уплывовага бацькі. З волі апошняга Марцін быў вымушаны ў 15-гадовым узросце паступіць на вайсковую службу.

Святы Марцін. Фрагмент вітража / flickr.com

Толькі больш як праз 10 гадоў здарыўся выпадак, які канчаткова вызначыў выбар Марціна, на той час ужо легіянера.

Падчас знаходжання ў гарнізоне Ам’ена (тады ў рымскай Галіі, а сёння ў Францыі) ён у лютую зімовую сцюжу спаткаў жабрака і аддаў яму палову свайго плашча.

Уначы ён сасніў Хрыста, апранутага ў ягоны плашч, які казаў анёлам: «Глядзіце, як мяне Марцін-катэхумен апрануў!» На Вялікдзень Марцін хрысціўся. Пасля звальнення з вайсковай службы ён з групай паплечнікаў пасяліўся ў пустэльні і нястомна абвяшчаў Евангелле сярод паганаў. Найбольшай папулярнасцю Марцін карыстаўся сярод простага люду і дзякуючы гэтаму быў выбраны біскупам французскага горада Тура (падрабязней пра гэта ніжэй).

Ён не пажадаў жыць у біскупскім палацы і застаўся ў сваёй убогай пустэльні непадалёк ад горада. Біскуп Турскі вызначаўся бязмежнай любоўю да ўсіх людзей і, нягледзячы на пераслед з боку нядобразычліўцаў, ніколі нікога не асуджаў. Марцін памёр 8 лістапада 397 года непадалёк ад Тура падчас аднаго са сваіх шматлікіх душпастырскіх падарожжаў. Праз тры дні яго цела перавезлі Луарай у Тур і ўрачыста пахавалі, таму яго ўспамін адзначаецца менавіта 11 лістапада.

Смерць святога Марціна. Фрагмент алтарнага роспісу з касцёла святога Марціна ў Чыі (Іспанія, 1150-1200) / mediastorehouse.com

З цягам часу святы Марцін быў абвешчаны апекуном Францыі. Каля 700 населеных пунктаў ва ўсёй краіне, а таксама больш за 3600 французскіх парафій носяць яго імя. Святы Марцін лічыцца заступнікам вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў, а таксама хатняй жывёлы, асабліва коней і гусей, і пералётных птушак.

На абразах святога Марціна найчасцей можна ўбачыць  у вобразе рыцара на белым кані, што адцінае мячом палову свайго плашча і дорыць яе жабраку.

У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых шанаваных святых, у гонар якога было пасвячана больш за 200 касцёлаў, аднак на тэрыторыі Беларусі парафій з такім тытулам не захавалася. Шмат стагоддзяў «Марціновы дзень» быў абавязковым касцёльным святам. Найбольш руплівыя католікі даўней распачыналі Адвент як аналаг 40-дзённага посту перад Вялікаднем, адразу пасля святога дня Марціна, 12 лістапада. Гэтыя 40 дзён (не лічачы субот і нядзель) называліся Quadragesima Sancti Martini.

Выява: dioceseauxarmees.fr

Свежая гусяціна — толькі адна з прыкмет гэтага першага зімовага свята, хоць, бадай, самая яскравая. У італьянцаў, французаў, іспанцаў, бельгійцаў, швайцарцаў і венграў святы Марцін атаясамліваўся таксама і з заканчэннем вінаградарскага сезону, таму віно новага ўраджаю было абавязковай часткай пачастунку. Нават у Польшчы, не самай багатай на віно краіне, гэтая традыцыя была калісьці адчувальнай, як сведчыць прыказка: Wesele Marcina, gęś i dzban wina.

Адкуль такая трывалая сувязь Марціна з гусямі? У 371 годзе памёр біскуп гальскага горада Тура. Духавенства і свецкія вернікі прагнулі бачыць на турскай катэдры менавіта Марціна, але ён не хацеў пакідаць свой кляштар. Тады яго прыхільнікі ўжылі тактычную хітрасць. Адзін з паважаных грамадзянаў Тура папрасіў, каб Марцін, які славіўся цудоўнымі ацаленнямі, адведаў ягоную хворую жонку. Завабіўшы такім чынам пустэльніка да сябе, турскія мяшчане ледзь не гвалтам зацягнулі яго ў катэдру і пакорна-настойліва ўпрасілі, каб ён прыняў годнасць біскупа. Пасля доўгіх намоваў ён урэшце пагадзіўся і 4 ліпеня 371 года быў пасвячаны на біскупа Тура. Аднак і пасля гэтага Марцін жыў пераважна ў заснаваным ім кляштары Мармуцье за 14 кіламетраў ад горада.

Папулярная традыцыя сцвярджае, што перад пасвячэннем на біскупа Марцін спачатку здолеў уцячы ад сваіх надакучлівых прыхільнікаў і схавацца ў гусятніку, але колішнія выратавальнікі Рыма выдалі яго сваім гергятаннем.

Таму першым учынкам разгневанага пустэльніка на новай пасадзе быў нібыта загад засмажыць адну са «здрадніц». Паводле іншай легенды, гусі аднойчы раптоўна перапынілі казанне Марціна, чым і выклікалі ягоны гнеў. Афіцыйная каталіцкая агіяграфія на гэты конт маўчыць: сапраўды, такі імпульсіўны ды помслівы учынак дрэнна стасуецца з хрысціянскай разважлівасцю і стрыманасцю. Хутчэй за ўсё, гэтая грубаватая народная легенда ўзнікла значна пазней за рэальныя падзеі, праз шмат гадоў па смерці святога.

Сцэны з жыцця святога Марціна. Біскупскае пасвячэнне. Фрэска з касцёла ва Унтэрэсэндорфе, Германія / dreamstime.com

Але такое трывалае атаясамліванне Марціна з гусямі павінна мець нейкія падставы. Магчыма, рэч у тым, што гусі лічыліся ў рымлянаў свяшчэннымі птушкамі Марса, у гонар якога і быў названы будучы святы. На біскупскай пасадзе Марцін праявіў сябе бескампрамісным змагаром з паганствам, руйнуючы капішчы паганскіх багоў і усяляк выкараняючы старыя вераванні. Ці не сімвалізуе прыпісаная яму нянавісць да гусей свядомае ды паслядоўнае адрачэнне ад рымскага паганства, ад традыцыі, у якой намагаліся яго выхаваць бацькі, якіх Марціну, дарэчы, незадоўга да іх смерці ўдалося такі схіліць да хросту?..

Дзень святога Марціна ў Сярэднявеччы і ў ранні Новы час лічыўся пачаткам каляндарнай зімы і падводзіў вынікі гаспадарчага года.

У гэты дзень па ўсёй Еўропе разлічваліся са старымі даўгамі, выплачвалі розныя гадавыя падаткі, наймалі на новы тэрмін працаўнікоў. Паступова гэты заходні звычай распаўсюдзіўся і на Вялікае Княства Літоўскае. Напрыклад, надаючы ў 1586 годзе магдэбургскае права Нясвіжу, кароль Стэфан Баторый вызначыў, што справаздачу перад гаспадаром і гараджанамі пра даходы і выдаткі магістрат павінен трымаць на святога Марціна. Пазней магдэбургскія прывілеі многім нашым гарадам будуць змяшчаць гэты стандартны тэрмін выплаты падаткаў на карысць дзяржаўнага скарбу — ад святога Міхала (29 верасня) да святога Марціна (11 лістапада).

Выява святога Марціна была змешчана на гербах многіх еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку і беларускіх Чавусаў — паводле прывілею Уладзіслава Вазы на магдэбургскае права 1634 года:

«Таму месту нашаму Чаўсаўскаму герб прызначаем св. Марціна на кані мячом узброенага».  На малюнку прадстаўлены адбітак даўняй гарадской пячаткі. Праўда, сучасная Беларусь адкінула гістарычны герб Чавусаў на карысць новага, з савецка-мілітарысцкімі матывамі.

У палякаў налічваецца да 44 прыказак і прымавак, народных метэаралагічных прыкметаў, звязаных з гэтым днём. Некаторыя з іх трапілі і ў беларускую мову. У Мінскай губерні ў 1860-я гады зафіксаваная прыкмета: «Марцінова гусь па вадзе — Божае Нараджэнне на лядзе» (гэта значыць, калі на Марціна рэкі яшчэ не замерзлі, на Божае Нараджэнне трэба чакаць моцных маразоў). І наадварот, калі на Марціна гусь выйдзе на лёд, то, бадай, будзе яшчэ плаваць па вадзе на Божае Нараджэнне. Гадалі ў нас даўней на Марціна не толькі пра зіму, але і пра будучае лета. Вось што зафіксаваў вядомы фалькларыст Павел Шэйн: калі гусі дзікія і іншыя птушкі рана ляцяць у вырай нізка, то, значыць, хутка будзе зіма. Калі на Марціна дождж, то будзе мокрае лета…

Дарэчы, тое што гусей даўней масава рэзалі менавіта ў гэты час, паміж Усімі Святымі і святым Марцінам, мае натуральныя каляндарна-эканамічныя прычыны.

Гусі робяцца найбольш тлустымі менавіта на пачатку лістапада — далей зіма ўжо не дае ім назапашваць тлушч. Дакладней, корму бракуе, каб пракарміць зімой усіх птушак, таму лішніх забіваюць. Тое самае, дарэчы, адбываецца і з авечкамі.

Святы Марцін з яго «атрыбутамі». Герб Брэзавічкі ў Славакіі / viasanctimartini.eu

Наша даўняя кулінарыя ведала нямала страў з гусяціны.Нашы продкі вельмі любілі гусь, засмажаную ці запечаную цалкам — адзін з відаў «пячыстага». Печаную гусь часта фаршыравалі («надзявалі») грэчневай кашай са смажанымі грыбамі.

Аўтар ананімнага беларускага памфлета пачатку XVІІ стагоддзя «Прамова Мялешкі», уздыхаючы пра незваротна страчаныя далюблінскія часы, прыгадваў:

«Добрая была гуска з грыбкамі, кашка з перчыкам». Што гуска з грыбкамі яшчэ доўга ўспрымалася як нацыянальная страва, сведчыць і пісьменнік Альгерд Абуховіч-Бандзінэлі, прыгадваючы парыжскае здарэнне каля 1860 года — таксама на пачатку лістапада, хоць не на Марціна, а на Дзяды: «Было гэта ў Францыі, дзе паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі печаныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае le vіn chaud» («грэтае віно, або глінтвейн»).

Традыцыйны рэцэпт стравы з гусі можна знайсці на старонцы Алеся Белага на платформе Patreon>>>

Выява: art.rmngp.fr

Абноўлена 11.11.2021 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа