Пошук

04.10.2021 16:42   а. Яўген Голуб OFMConv / Catholic.by
Святы Францішак. Фрагмент фрэскі ХІІI ст. з кляштара Сакра-Спэка ў Суб’яка / Pinterest

4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага, які сваім жыццём і дзейнасцю даў пачатак існаванню цэлай манаскай сям’і, беларускія францішкане распавядаюць пра свае асабістыя адносіны да святога Бедняка з Асізі.

«Францішак, чаму за табой, чаму за табой, чаму за табой?.. Чаму ўвесь свет бяжыць за табой, і кожны, здаецца, жадае цябе бачыць, і чуць, і слухаць?

Ты не прыгожы целам, не вельмі адукаваны, не шляхецкага роду: чаму ж за табой бяжыць увесь свет?»

Гэта пытанне, якое задаў святому Францішку брат Мацей, адзін з першых яго паслядоўнікаў, актуальнае і сёння. Францішак — адзін з найбольш вядомых і любімых святых Касцёла, які мае прыхільнікаў нават сярод няверуючых. Паэт, ваяр і манах, бедны сын найбагацейшага чалавека ў сваёй мясцовасці, місіянер, містык, сузіральнік і прапаведнік. Чалавек-малітва, чалавек-Евангелле, падобны да Хрыста нават знешне праз дар стыгматаў.

«Зацікаўленне гэтай асобай не толькі не аслабла з цягам часу, але глыбей пранікла ў душы і яшчэ больш распаўсюдзілася», — заўважыў Папа Ян Павел ІІ у сваім пасланні на васьмісоты дзень народзінаў святога Францішка. Сведчанні розных людзей, якія на шляху свайго жыцця сустрэлі святога Бедняка з Асізі і пайшлі за ім, няхай дапамогуць і нам адкрыць гэтага радаснага, дасціпнага, шматпакутнага і з’яднанага з Богам чалавека, брата кожнаму з нас.

Хрысціна Любко, Францішканскі Ордэн Свецкіх:

«Святы Францішак для мяне — гэта прыклад таго, як варта глядзець на жыццё: заўсёды бачыць істотнае і адкідаць пустое. Прыклад стаўлення да жыцця — цалкам аддаваць сябе таму, у што верыш. Францішак — гэта сябра, які нагадвае мне, што свету патрэбныя не прыхільнікі Хрыста, а паслядоўнікі. Калі я разважаю над яго жыццём, часам становіцца вельмі балюча ўсведамляць, які недасяжны для мяне яго прыклад. Але тады я, прынамсі, хачу жыць так, як ён жыў».

Сястра Мірыям Анна Дудэк, кларыска:

«Святы Францішак — гэта мой айцец, брат, сябра, настаўнік і правадыр на шляху майго жыцця і паклікання. Хтосьці блізкі і сапраўдны. Ён усцяж падтрымлівае мяне малітвай і дае настаўленні — заўсёды трапныя і поўныя свежасці Божага Духа».

Айцец Павел Раманчук, францішканін:

«Для мяне святы Францішак з’яўляецца старэйшым братам, які паказвае мне, як любіць Езуса ўсім сэрцам, і дае мне прыклад жыцця Евангеллем у сучасным свеце».

Айцец Яраслаў Банасяк, францішканін:

«Хто для мяне святы Францішак? Перадусім здзіўленне. Чаму? Бо дагэтуль задаю сабе пытанне: „Святы Францішак, як жа ты гэта зрабіў? Як у цябе атрымалася так моцна і бязмежна палюбіць Хрыста і бліжняга? Я не магу так зрабіць, хоць я да гэтага пакліканы“. Па-другое, ён для мяне прыклад таго, як выходзіць насустрач людзям і станавіцца ўсё больш бедным для бедных».

Ксёндз Кірыл Бардонаў, Францішканскі Ордэн Свецкіх

«Святы Францішак для мяне — гэта той, хто вучыць радаснаму пакаянню, малітве і таму, што нам патрэбна супольнасць, нават тады, калі быць з іншымі цяжка».

Айцец Яўген Голуб, францішканін:

«Дзве рысы Францішка і сёння працягваюць мяне здзіўляць: ягонае братэрства і непераўзыдзеная блізкасць з Богам. Тая, што перамяняе ў Хрыста. Спачуванне і суперажыванне.

Брат і „другі Хрыстус“, блізкі і адначасова недасяжны — такі „мой“ Францішак».

Айцец Валерый Шэйгерэвіч, францішканін:

«Святы Францішак з’яўляецца для мяне апекуном у вельмі цяжкіх справах. Спачатку ён дапамог мне распазнаць пакліканне і адказаць на яго. Францішак сказаў: „Мой сапраўдны Айцец — гэта Айцец, які ёсць у небе“. Гэтыя словы вельмі дапамаглі загаіцца майму сэрцу, калі нечакана адышоў у вечнасць мой тата. Я вельмі шчаслівы, што маю магчымасць жыць і несці служэнне ў францішканскім ордэне».

Cв. Францішак прамаўляе казанне птушкам. Фрагмент фрэскі ў базыліцы святога Францішка ў Асізі. Джота і яго школа (паміж 1296 і 1304 гг.) / Wikipedia.org

Айцец Юзаф Макарчык, францішканін:

«Святы Францішак для мяне з’яўляецца адкрыццём нанава Божага плану ў Стварэнні. Пан Бог стварыў свет і чалавека, а святы Францішак нанава гэта адкрыў. Гледзячы на жыццё гэтага святога, я знаходжу ў ім Бога, а таксама знаходжу шмат адказаў на мяне пытанні, што мяне непакояць. Ён з’яўляецца новым натхненнем, каб змяняць маё наваколле да лепшага ў духу Супакою і Дабра».

Айцец Вальдэмар Куява, францішканін:

«Святы Францішак з’яўляецца для мяне недасяжным прыкладам любові да кожнага сустрэтага чалавека. Я дзіўлюся ягонай „дасканалай радасці“. Захапляе мяне ягоная пакора і прастата. Францішак заўсёды бескарысліва дапамагае мне ў патрэбах. Ён памятае пра сваё „дзіця“, хоць я пра яго часамі забываюся».

Айцец Антоні Пажэцкі, францішканін:

«Святы Францішак з’яўляецаа для мяне чалавекам шчырай глыбокай веры, які цалкам даверыў сябе і ўсё сваё жыццё Богу. Адкрыў для сябе і паказаў іншым людзям на ўласным прыкладзе прыгажосць жыцця паводле Евангелля».

Айцец Сяргей Мігун, францішканін:

«Святы Францішак для мяне з’яўляецца прыкладам свабоднага чалавека. Яго нішто не абмяжоўвала ў любові да іншых. Ён казаў: „Бог мой, і ўсё маё», — і такім чынам глядзеў на ўсё навокал, як на штосьці добрае, створанае Добрым Богам. У кожным бачыў брата ці сястру, заўважаючы адбітак самога Стварыцеля. Ягоная любоў здзіўляла многіх і няспынна здзіўляе таксама мяне».

Брат Павел Расілевіч, францішканін:

«Для мяне святы Францішак з’яўляецца духоўным настаўнікам, прыкладам манаскага жыцця, якое грунтуецца на евангельскіх цнотах. Мяне прыцягвае яго радыкалізм у штодзённых справах і бясконцы давер Божаму Провіду».

Святы Францішак атрымлівае стыгматы. Эль Грэка (1567-70). Музей Акадэміі Каррара, Бергамо, Італія/pinterest.ru

Айцец Аляксей Юхневіч, францішканін:

«Святы Францішак — гэта той, за кім я вырушыў у дарогу манаскага жыцця. З першага знаёмства з яго гісторыяй мяне захапіла любоў, якую ён меў да нашага Збаўцы Езуса Хрыста і кожнага стварэння. Францішак — гэта той, хто сапраўды жыў Евангеллем.

Ён мой брат, які прымушае мяне адчуваць сорам, калі я параўноўваю сябе з ім. Але ён на гэта не глядзіць, працягвае мне руку і мы ідзем разам за Езусам».

Айцец Віктар Мялешка, францішканін:

«Святы манах, які не словам, а прыкладам свайго жыцця правакуе мяне на тое, каб жыць паводле Евангелля і быць меншым братам у францішканскай сям’і».

Айцец Віталій Манцэвіч, францішканін:

«Напэўна, святы Францішак — гэта той, хто, нягледзячы на складанае становішча свайго наваколля, паказаў, што можна і трэба спадзявацца, што можна і трэба прабачаць, што ў роспачы можна і трэба марыць, што ў сумневах можна і трэба верыць».

Абноўлена 05.10.2021 10:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа