Пошук

01.09.2021 16:46   Біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: shutterstock

Эпіграфам для допісу ў сваім блогу ў Дзень ведаў адказны за душпастырства моладзі ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі абраў словы старажытнага мудраца Сакрата: «Ніхто табе не сябра, ніхто табе не вораг: кожны чалавек табе настаўнік.

Дарагія сябры, сёння пасля канікул зноў гучыць школьны званок. Гучыць ён паўсюль аднолькава, аднак па-рознаму адгукаецца ў сэрцы першакласніка і вучня выпускнога класа, студэнта і семінарыста…

Гучыць званок і кліча да заняткаў, а таксама і да працы: настаўніка і катэхета, выкладчыка і бацькоў.

Усіх вас, мае дарагія сябры і калегі, віншую са святам ведаў!

Ілюстрацыйнае фота: yandex.ru

Кажуць, што той, хто, звяртаючыся да мінулага, здольны адшукаць штосьці новае, годны быць настаўнікам.

Шаноўныя калегі, у эпоху глабальных перамен ад нас, як ніколі дагэтуль, залежыць вельмі шмат, і тут без дапамогі Бога — найлепшага Настаўніка — ніяк не абысціся.

Таму сёння скіроўваю вам маю малітоўную падтрымку і кароткі роздум над справай навучання.

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Папа Францішак 12 верасня 2019 года звярнуўся з пасланнем, у якім запрасіў педагогаў, палітыкаў і моладзь на сімпозіум пад назвай Global Compact on Education — «Аднаўленне глабальнага выхаваўчага альянсу», які павінен быў адбыцца 14 мая 2020 года ў Ватыкане.

Мэтай запланаванай сустрэчы была распрацоўка глабальнага альянсу, пакліканага стварыць адзіную выхаваўчую прастору «паміж вучобай і жыццём, паміж пакаленнямі, паміж выкладчыкамі, навучэнцамі, сем’ямі і грамадствам з дапамогаю яго інтэлектуальных, навуковых, мастацкіх, спартовых, палітычных, прадпрымальніцкіх аспектаў і салідарнасці». У згаданным пасланні Папа скіроўвае «запрашэнне да дыялогу аб тым, якім чынам нам будаваць будучыню планеты», і падкрэслівае:

«Любыя перамены маюць патрэбу ў выхаваўчым працэсе, каб магла выспець новая ўніверсальная салідарнасць і больш гасціннае грамадства». На думку Папы, такі альянс нараджае «мір, справядлівасць і ўзаемнае прыняцце паміж усімі народамі чалавечай сям’і, а таксама дыялог паміж рэлігіямі».

Святы Айцец Францішак гаворыць пры гэтым пра «глабальную выхаваўчую вёску», для стварэння якой неабходна зрабіць тры важныя крокі: па-першае, «паставіць у цэнтр чалавечую асобу»; па-другое, «крэатыўна і адказна інвеставаць лепшыя сілы», ствараючы дальнабачныя праекты; па-трэцяе, «выхоўваць людзей, гатовых служыць грамадству».

На жаль, сімпозіум з-за пандэміі не адбыўся. Але ж новы навучальны год распачынаць трэба, і што рабіць?..

Ілюстрацыйнае фота: Кацярына Тырышкіна / kubnews.ru

Дазвольце, калегі, нагадаць некалькі выказванняў людзей розных эпох і народаў, рэлігій і культур на тэму выхавання. Усе яны, як вы і самі заўважыце, маюць агульную заклапочанасць.

Так, святы Ян Боско, заснавальнік супольнасці салезянаў, якая займаецца выхаваннем моладзі, казаў: «Калі мы насамрэч жадаем сапраўднага дабра для нашых выхаванцаў і хочам падрыхтаваць іх да выканання абавязкаў, то павінны перадусім памятаць пра тое, што дарагім нашым выхаванцам <…> мы замяняем бацькоў». Таму святы раіць:

«Глядзіце, каб вас ніхто не абвінавачваў у тым, што вы дзейнічаеце ў гневе. Ніякай пагарды, ніякай крыўды!» І заахвочвае: «На гэты час <…> майце міласэрнасць, на будучыню — надзею, як належыць айцам, якія сапраўды імкнуцца да выпраўлення і адпаведнага выхавання» (гл. Epistolario, Torino 1959, 4, 201–203).

Аднак, як заўважыць пры гэтым амерыканскі фантаст Роберт Хайнлайн, выхаванне не павінна пускацца на самацёк: «Не калечце сваіх дзяцей, робячы іх жыццё надзвычай лёгкім».

Ілюстрацыйнае фота: kabar.kg

Больш за тое, Леанарда да Вінчы, чалавек мастацтва эпохі Адраджэння, скульптар, мастак, філосаф, пісьменнік і вучоны, які дакладна меў што сказаць на тэму выхавання, адзначаў:

«Сумны лёс чакае таго, хто надзелены талентам, але замест таго, каб развіваць і ўдасканальваць свае здольнасці, празмерна ўзвялічваецца і аддаецца гультайству і самалюбаванню. Такі чалавек паступова траціць яснасць і хуткасць розуму, становіцца нягнуткім, лянівым і абрастае іржою невуцтва, што раз’ядае цела і душу».

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Як заўважае ісламскі мудрэц Х стагоддзя з Самарканда Мухамад аль-Аяшы, «у ведах — веліч і прыгажосць; веды даражэйшыя, чым скарб з пярлін, бо час знішчае ўсе багацці, а мудры чалавек заўжды патрэбны».

Наш сучаснік Стыў Джобс, стваральнік сусветна вядомых высокатэхналагічных брэндаў і піянер камп’ютарнай рэвалюцыі, раіў:

«Не выхоўвай сваіх дзяцей так, каб яны былі багатымі. Навучы іх быць шчаслівымі. Так яны, калі вырастуць, будуць ведаць каштоўнасць рэчаў, а не іх кошт».

Разам з тым вялікае значэнне для гарманічнага развіцця асобы мае таксама рэлігійнае выхаванне. Вядомы рускі публіцыст Вісарыён Бялінскі пісаў: «Ёсць шмат родаў адукацыі і развіцця, і кожны з іх важны сам па сабе, але вышэй за ўсё належыць паставіць маральнае выхаванне».

Пры гэтым выхаваўцам варта імкнуцца «быць для маладых апорай, а не перашкодай; настаўнікам, а не супернікам; ставіцца да іх з разуменнем, а не абыякава», як казаў французскі пісьменнік Андрэ Маруа.

Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com

Дарагія сябры, гэта праўда, што не ўсім нам аднолькава лёгка даецца вучоба. Але прыслухаемся да закліку вядомага афраамерыканскага прапаведніка і змагара за правы чалавека Марціна Лютэра Кінга:

«Калі не можаш ляцець — бяжы. Калі не можаш бегчы — ідзі. Калі не можаш ісці — паўзі. Але, што б ты ні рабіў, рухайся наперад».

Шаноўныя калегі, сярод вас ёсць настаўнікі са стажам, лепшыя настаўнікі года, лаўрэаты прэмій, якія выхавалі не адно пакаленне вучняў і студэнтаў. Аднак усім нам трэба памятаць словы Хрыста, які ў адказ на пытанне: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» заўважыў: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог» (пар Мк 10, 17–18).

Таму заахвочваю ўсіх, хто навучае і вучыцца, да пакорнай паставы і малітвы да Бога аб ласцы спазнання праўды, якая здольная нас вызваліць (гл. Ян 8, 32).

Езус сярод настаўнікаў. Фрагмент. Мастак Дучо дзі Буонінсэнья / flickr.com

Малітва перад навукай

О Добры Божа, прасвятлі нас Духам Тваім Святым, які дае розум і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы ўважліва спасцігалі ўсе навукі і раслі Табе, Творцу нашаму, на славу, бацькам і настаўнікам нашым на радасць і ўцеху, Касцёлу і Бацькаўшчыне на дабро і славу. Амэн.

Малітва перад працай

Пане і мой Божа, найлепшы Ойча! Ты паклікаў мяне, каб я сваёю працаю ўдасканальваў свет. Дзякую Табе за даручэнні, магчымасці і здольнасці. Дапамажы мне кожны дзень служыць Табе добрасумленнаю працаю, зычлівасцю да супрацоўнікаў, разуменнем і добрым словам. Добрым настроем і прыкладам я хацеў бы ўлагодзіць сваркі, непаразуменні і падазронасць. Дапамажы мне такім чынам спрыяць дабру маіх бліжніх і ўдасканаленню свету. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця