Пошук

30.06.2021 09:40   Catholic.by
Фота Аляксандра Алісейкі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з’яўляецца старшынёй камісіі па справах агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дае маральную ацэнку нядаўнім пастановам Еўрапарламенту, якія прызнаюць аборт «правам чалавека».

24 чэрвеня Еўрапейскі парламент прыняў супярэчнае маральным нормам рашэнне, у якім сцявярджаецца, што права на здароў’е, а асабліва права на сексуальнае і рэпрадукцыйнае здароў’е, з’яўляецца фундаментальнай апорай правоў жанчын і роўнасці палоў, якога нельга паменшыць ці адмяніць.

Гэта азначае, што аборт прызнаецца «правам чалавека».

Еўрапарламант заклікае краіны Еўрасаюзу забяспечыць паўсюдны доступ да аборту і даць гарантыю, што аборт па патрабаванні з’яўляецца легальным на раннім тэрміне цяжарнасці, а таксама і пазней, калі здароў’е цяжарнай знаходзіцца пад пагрозай. Прыняты дакумент разам з тым сцвярджае, што парушэнне здароў’я і сексуальных правоў жанчын з’яўляецца формай іх насілля. Такім чынам, адкідаецца так званая «клаўзула сумлення», калі лекар, паводле свайго сумлення і прытрымліваючыся маральных нормаў, можа адмовіцца праводзіць аборт, які з’яўляецца не чым іншым, як забойствам.

Як бачым, секулярызм у Еўропе не запавольваецца, але набірае абароты. Ідэалогія маральнага рэлятывізму пераважае над нязменнымі маральнымі нормамі і здаровым розумам. Культура жыцця, аб якой марылі айцы-заснавальнікі Еўрасаюзу, на нашых вачах перараджаецца ў культуру смерці.

Вядома, што ў Беларусі штогод здзяйсняецца каля 29 тыс. абортаў. Наша краіна перажывае глыбокі дэмаграфічны крызіс. Так, напрыклад, у мінулым годзе насельніцтва Беларусі зменшылася на 60 тыс. чалавек. Прымаўка кажа, што кепскі прыклад — заразны.

Таму нельга дапусціць у нас прынятага ў Еўрасаюзе падыходу да абортаў, які стане генацыдам нашага народа.

Заклікаю ўсіх неабыякавых да будучыні нашай Бацькаўшчыны, асабліва заканадаўцаў, да разважлівасці ў дыскусіях і прыняцці рэпрадукцыйнага заканадаўства, каб яно перадусім адпавядала Божай запаведзі «не забівай». Няхай літасцівы Бог праз заступніцтва нашай нябеснай Апякункі Маці Божай Будслаўскай, Навэнну да якой мы молімся перад Будслаўскім фэстам, дапаможа нам у гэтым змаганні, каб мы жылі паводле прынцыпу: «Не» культуры смерці. «Так» культуры жыцця.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі па справах агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 чэрвеня 2021 г.

Абноўлена 30.06.2021 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця