У чацвер на заканчэнне актавы Божага Цела, які сёлета прыпадае 10 чэрвеня, дзе-нідзе захаваўся звычай благаслаўлення ў касцёле зёлак і вянкоў з кветак.
Гэта не столькі літургічная, колькі народная традыцыя.
Людзі прыносяць у касцёл на Імшу мяту, шыпшыну, язмін, расходнік, гваздзікі, чабор, рамонкі, падалешнік, канюшыну, півоні, іншыя зёлкі і кветкі: усё тое, што ў гэты час красуе ў палях і на кветніках.
Сплеценыя вянкі благаслаўляе святар, прамаўляючы адмысловую малітву і акрапляючы іх асвячонай вадой. Запрашаючы людзей да малітвы, святар нагадвае, што прынесеныя вянкі і зёлкі з’яўляюцца сімвалам нашай працы, якую асвячае еднасць з эўхарыстычным Езусам. У супольнай малітве людзі просяць Бога захаваць ад знішчэння і ўсялякай шкоды ўсю прыроду, асабліва сёлетні ўраджай.
Благаслаўлёныя ў гэты дзень вянкі і зёлкі — гэта адначасова і сімвал чалавечай працы, і дароў ад Бога, якія служаць на карысць людзям і ўсім зямным стварэнням.
Паводле старога звычаю, на заканчэнне актавы Божага Цела было прынята благаслаўляць палявыя кветкі і зёлкі, якія адыгрывалі важную ролю ў жыцці людзей. Звычай узнік дзякуючы таму, што першапачаткова на ўрачыстасць Божага Цела людзі аздаблялі падрыхтаваныя на працэсію алтары кветкамі і сплеценымі вянкамі. Пасля працэсіі іх пераносілі ў касцёл, а на заканчэнне святочнай актавы забіралі дадому.
Вянкі і зёлкі, абвязаныя стужкай, было прынята вешаць пры ўваходных дзвярах, на верандзе або каля абразоў.
Лічылася, што яны ахоўваюць дом і яго жыхароў ад розных бедстваў: ад пажару, маланак і ад кожнай шкоды злога духа.
Акрамя таго, зёлкі запарвалі, настойвалі і прымалі ў якасці народных лекавых сродкаў. Іх часам клалі ў труну нябожчыку, а таксама давалі ад хваробаў хатняй жывёле. Благаслаўлёныя зёлкі нельга было проста выкінуць. Іх захоўвалі на працягу года, пасля чаго з пашанай спальвалі і замест старога вянку змяшчалі новы.
Сёння гэты звычай там, дзе ён захаваўся, нагадвае вернікам пра блізкасць да прыроды і пра тое, наколькі моцна чалавек звязаны з усім існым стварэннем Божым.
У сучасным літургічным календары больш няма актавы Божага Цела. Папа Пій ХІІ у 1955 годзе вырашыў, што ў Касцёле застануцца актавы толькі двух самых вялікіх літургічных урачыстасцяў: Пасхі і Божага Нараджэння. Аднак шмат дзе захавалася традыцыя Эўхарыстычных працэсій на працягу васьмі дзён, пачынаючы з урачыстасці Божага Цела, а таксама благаслаўленне вянкоў і зёлак на заканчэнне даўняй актавы.
Просячы Бога благаславіць прынесеныя першыя плады зеляніны гэтага года, маладыя парасткі збажыны, травы, зёлак і кветак, святар моліцца такімі словамі:
«Захавай усё ад засухі, граду, паводкі і ўсялякай шкоды, каб, узрастаючы, яно радавала вока, прыносіла як мага большы плён і спрыяла здароўю людзей і жывёлы». Завяршаецца малітва просьбай аб плёне добрых учынкаў на Божую хвалу ў жыцці вернікаў.