Пошук

02.04.2021 12:39   Тэкст: Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by

Прапануем разважанне ксяндза Кірыла Бардонава на Вялікую пятніцу.

Вялікая пятніца — гэта ўспамін пра выратавальную ахвяру Хрыста, прянесеную Ім на крыжы. Вялікая пятніца — гэта час асаблівай цішыні і разважанняў над сэнсам цярпення. У гэты дзень у Каталіцкім Касцёле не цэлебруецца святая Імша, а яе месца займае Літургія Мукі Пана.

Мы шчыра верым, што ўсе нашы справы і справы ўсяго свету знойдуць вырашэнне пад крыжам Хрыста; што мы знойдзем святло, дзякуючы якому будзем больш трывалымі ў хвіліны засмучэння і адчаю.

Няпросты час пандэміі няўхільна набліжае нас да Хрыстовага крыжа, на якім праявілася самая дасканалая любоў — Божая любоў да чалавека. Таму духоўная еднасць з крыжам Хрыста дапамагае нам з верай перажываць цярпенні, хваробы і смерць, і, насуперак нашым грахоўным слабасцям, дапамагае прыпадабняцца ў цярпеннях да Хрыста, ахвяруючы свой боль і страх за грэшнікаў, за Касцёл, за самых блізкіх, якім найбольш патрэбна Божая ласка.

Кардынал Ёзэф Ратцынгер, у наступстве — Папа Бэнэдыкт XVI — у кнізе «Уводзіны ў хрысціянства» напісаў пра цярпенне такія радкі: «У крыжы істотным з’яўляецца не сума фізічных цярпенняў, нібы збаўчая вартасць мукі заключалася б у максімальна магчымых муках. Ці мог цешыцца Бог мукай свайго стварэння або нават свайго Сына, або бачыць у ёй нейкую каштоўнасць?.. Ні Біблія, ані хрысціянская вера не нясуць у сабе такой думкі. Важна не само па сабе цярпенне, а сіла любові <…> Толькі любоў надае мукам правільны кірунак і сэнс».

Мы часта хочам атрымаць адназначны і просты адказ на кожнае пытанне. Таксама на пытанне аб цярпенні.

Бог не дае нам адназначнага адказу, чаму мы церпім. Досвед цярпення прасякнуты Божай таямніцай, якая пераўзыходзіць нас.

У кнізе Ёва, калі прачытаць яе ўсю, мы ўбачым гісторыю чалавека, які быў пазбаўлены не проста матэрыяльных дабротаў — у яго загінулі дзеці, а сам ён страціў здароўе. Ёў разумее, што яму больш няма чаго губляць, і таму хоча спасцігнуць прынамсі адно — сэнс таго, што з ім здарылася. Ён хацеў зразумець: чаму і за што з ім адбылося тое, што адбылося.

Да яго прыходзяць сябры са спробай даць сваё тлумачэнне няпростай сітуацыі. Яны разважаюць падобна большасці сучаснікаў Ёва: з табой здарылася бяда з-за таго, што ты грэшны. Ёў пратэстуе супраць такой сувязі цярпення і граху. Ён інтуіцыйна разумее, што адказ на пытанне пра цярпенне схаваны нашмат глыбей. Паступова Ёў прыходзіць да думкі, што цярпенне можна перажыць годна, і што яно мае сэнс у перспектыве вечнасці. Ёў разумее, што цярпенне калісьці скончыцца перамогай Бога над ім.

Бог паступова аб’яўляў сябе людзям. Сучаснікі Езуса перасталі думаць як сучаснікі Ёва. Цярпенне для іх усё менш асацыявалася з пакараннем за грахі. І калі Езус пакутаваў — а Ён не меў ніякага граху! — то рэч была ў чымсьці іншым. Для старажытных юдэяў цярпенне — гэта спроба злога духа пасварыць чалавека з Богам, прымусіць чалавека апусціць рукі і наракаць.

Менавіта таму, калі Езус аздараўляў ад хваробы, то адначасова выганяў і злога духа з чалавека. У нейкай меры злы дух прысутнічае ў кожным з нас, калі мы перастаем кантраляваць нейкую сферу свайго жыцця. Колькі сярод нас залежных ад чаго-небудзь ці зацыкленых на чымсьці?..

Дык чаму Езус, будучы бязгрэшным, мусіў зведаць смяротныя мукі? Гэта было неабходна для таго, каб праявіўся клопат Хрыста пра кожнага чалавека.

Таму, гледзячы на крыж, мы павінны задумацца: ці не абмінуў я патрабуючага, ці заўважаю патрэбы бліжніх, ці не думаю, што нехта іншы абавязкова дапаможа гэтаму хвораму ці беднаму, бо я спяшаюся, а таму — проста паспачуваю?..

У час пандэміі, калі хворыя вымушаны знаходзіцца ў жорсткай ізаляцыі і самоце, будзем падтрымліваць адзін аднаго словам, справай і малітвай, каб не паддавацца роспачы. Не варта таксама спакушаць Бога: кожны павінен рабіць усё магчымае, каб знізіць рызыку захворвання. Дзякуй вялікі ўсяму медыцынскаму персаналу і ўсім, хто апякуецца і лечыць хворых. Мы ведаем пра вашую стомленасць у гэтыя дні.

Даверым жа Богу свой лёс, і Ён дакладна нас не пакіне ў нашых цярпеннях.

Абноўлена 02.04.2021 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.