Пошук

26.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
«Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Езуса». Фрагмент. Мастак Джэймс Цісо

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 10, 31–42

У сённяшнім Евангеллі апавядаецца пра варожыя настроі юдэяў у адказ на вучэнне Хрыста, якое яны палічылі блюзнерствам. Узялі (ἐβάστασαν — «пачалі адбіраць») камяні, каб пакараць Езуса (пар. Ян 10, 31), бо лічылі, што так прадпісвае іх закон (пар. Лев 24, 15 і наст.).

Такое стаўленне і рэакцыя юдэяў не здзіўляе Настаўніка з Назарэта, Ён працягвае сваё вучэнне, звяртаючыся да іх з пытаннем: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?» (Ян 10, 32).

Езус дакладна ведаў іх матывы, як і тое, што яны дасканала і дакладна ведаюць прадпісанні права, вельмі скрупулёзна і педантычна нагадваюць пра іх іншым, звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам іх крануць (пар. Мц 23, 4), свядома ігнаруюць словы Хрыста і Яго вучэнне, застаюцца сляпымі да шматлікіх здзейсненых Ім цудаў і ўчынкаў.

Езус неаднаразова крытыкаваў такое стаўленне: «Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?» (Мц 7, 3). Узгадаем і словы прарока Ісаі:

«Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне» (Мц 15, 8).

Ведаў Хрыстус і тое, што фарысеям і кніжнікам для прыняцця Яго вучэння не хапае элементарнай веры: «Вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!» (Мц 23, 27).

У сваім вучэнні Езус, называючы сябе «Сынам Божым», выразна пацвярджае: Ён той, «каго Айцец асвяціў і паслаў у свет». У чацвёртым Евангеллі толькі ў гэтым месцы згадваецца пра асвячэнне Езуса (пар. Ян 17, 17. 19, дзе гаворка ідзе пра асвячэнне вучняў). Аднак у евангеліста Яна пастаянным элементам вучэння Хрыста пра Яго ўласную ідэнтычнасць з’яўляецца згадка пра Яго «пасланніцтва».

Гэтыя аргументы не пераконваюць праціўнікаў Езуса, і тады Ён звяртае ўвагу на ўласныя ўчынкі і справы. Хрыстус вызваляе юдэяў ад прыняцця свайго вучэння пры ўмове, калі ёсць разыходжанне і неадпаведнасць паміж Яго верай і справамі: «Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне». Да такой веры заклікае Хрыстус і нас, «каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».

Хрыстус не бароніць сябе ў палеміцы з юдэямі, але імкнецца накіраваць іх думкі да глыбокага ўнутранага аналізу: ці адпаведаюць іх учынкі веры іхняй.

У час Вялікага посту і нам важна прыслухацца да вучэння Хрыста, звяртаючы ўвагу на еднасць нашай веры з нашымі штодзённымі ўчынкамі.

Святы Якуб у сваім пасланні развівае тэму еднасці паміж верай і ўчынкамі, задаючы паслядоўнікам Хрыста прамое пытанне:

«Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае?» (Як 2, 14).

На тэме еднасці засяроджвае сваю ўвагу і апостал Павел у пасланні да Галатаў: «Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся... усе вы адно ў Хрысце Езусе» (Гал 3, 27-28).

Клопат пра тоеснасць веры і ўчынкаў — важнае заданне для кожнага з нас. Таму будзем жа клапаціцца пра сваю веру, збіраць на зямлі добрыя ўчынкі і праслаўляць Хрыста, бо «як цела мёртвае без душы, так і вера без учынкаў мёртвая» (Як 2, 26).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.