Пошук

24.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Езус Хрыстус. Мастак Эль Грэка. Фрагмент

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 8, 31–42

У сённяшнім Евангеллі мы становімся сведкамі апошняга настаўлення Хрыста, скіраванага да юдэяў. Гэта словы, якія Збавіцель адрасуе тым супляменнікам, якія паверылі Настаўніку з Назарэта:

«Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32).

За Хрыстом ішло шмат людзей, якія шукалі праўду. Фарысейская сінагога павучала аб праўдзе, але яе прадстаўнікі не заўсёды кіраваліся праўдай у сваім жыцці. Людзям было патрэбна сведчанне жыцця той праўдай, якая абвяшчалася; ім патрэбны быў той, хто скажа пра сябе самога: «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6). Гэтыя словы Хрыстус рэалізоўваў не толькі праз іх абвяшчэнне, але і ў канкрэтных паводзінах.

Нават тыя, хто паверыў у Хрыста і Яго вучэнне, не да канца разумелі, пра якую праўду і вызваленне, пра якую свабоду кажа ім Настаўнік: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?» (Ян 8, 33).

Езус ведаў дакладна, што праўда пра Бога і пра чалавека зможа вызваліць чалавека і прывесці яго на дарогу новага жыцця: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 33). Жыццё ў праўдзе адкрывае перспектывы Божага Валадарства і захавання вернасці Богу: «Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю?» (Мк 8, 36).

Хрыстус разумеў таксама акалічнасці і перашкоды, якія з’явяцца на шляху дасягнення праўды: «Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх. Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мц 10, 21–22).

Вучэнне Хрыста аб праўдзе ў першую чаргу заключаецца ў вызваленні чалавека ад граху.

Грэх з’яўляецца той перашкодай, якая робіць немагчымым вызваленне чалавека: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху» (Ян 8, 34).

Калі грэх пануе над чалавекам, цалкам лагічна, што чалавек ператвараецца ў «нявольніка граху». Гэтыя словы былі зразумелыя слухачам Езуса; з гэтым наўрад ці хто мог спрачацца, таму што пра гэта сведчыла і слова Божае, і вучэнне рабінаў, ахвярапрынашэнні за грахі і ўласны досвед кожнага. Такім чынам усе, хто слухаў Хрыста, мелі патрэбу ў свабодзе.

Кажучы пра вызваленне і пра свабоду, Хрыстус праводзіць наступную думку: «А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна. Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі» (Ян 8, 35–36). Слухачы Хрыста, вядома, зразумелі, што сын — Хрыстус, рабы — яны, а дом айца — Божае Валадарства.

Хрыстус з поўнай адданасцю і любоўю выконвае волю Айца Нябеснага, і Ён у сілах выратаваць, накіраваць на праўдзівы шлях нявольнікаў, якія служаць Богу цалкам па-рабску, з-за страху пакарання і часта крывадушна.

Ён можа даць ім моц аддана і свабодна выконваць волю Божую, стаўшыся ўжо не нявольнікамі, а дзецьмі любячага Айца, бо «дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі» (Гал 5, 1).

Апраўданне слухачоў Езуса, якое асноўваецца на сцвярджэнні «Абрагам наш айцец» (Ян 8, 39), яшчэ раз паказвае, што яны надалей абіраюць быццё ў няпраўдзе і няволі. Калі Абрагам іх айцец па крыві, то ў духу і свабодзе яны з’яўляюцца сіротамі і, нават паверыўшы Хрысту і Яго слову, не гатовыя да сапраўднага вызвалення і свабоды, бо, як дадае Езус, «калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне» (Ян 8, 42).

Чалавек заўсёды шукае праўду, але не заўсёды гатовы праўду прыняць, бо праўда патрабуе не толькі знешняй праявы — пачуць, але і ўнутранай змены — прыняцця яе сэрцам, жыцця адпаведна ёй, выканання яе на працягу ўсяго свайго жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця