Пошук

23.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Езус і фарысеі. Мастак Джэймс Цісо

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 8, 21–30

У сённяшнім евангельскім урыўку апісваецца працяг дыскусіі Езуса з фарысеямі. Падчас спрэчкі Езус прадвяшчае свой адыход: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці» (Ян 8, 21).

Езус кажа: «вы будзеце шукаць Мяне», але не знойдзеце «і памрэце ў граху вашым».

Гэтыя словы нагадваюць грознае прароцтва, якое некалі прамовіў сваім супляменнікам прарок Захарыя: «На дом Давіда і на жыхароў Ерузалема пралью Дух пабожнасці. І будуць яны глядзець на таго, якога прабілі, і будуць галасіць па ім, як галосяць па адзіным дзіцяці, і будуць аплакваць яго, як аплакваюць першынца» (пар. Зах 12, 10).

Фарысеі пачынаюць разважаць пра самагубства Езуса альбо нейкую іншую форму Яго ўцёкаў: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: „Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці“» (Ян 8, 22). Самагубства ў габрэяў лічылася страшным грахом, але не гэта мае на ўвазе Езус. Хрыстус не адказвае фарысеям на іх кпіну наўпрост, але ўказвае на супрацьлегласць паміж сабою і імі: «Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці. І сказаў ім: вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету» (Ян 8, 22b–23).

Хрыстус тлумачыць сваім праціўнікам, чаму Ён папярэджвае іх, што яны памруць у грахах сваіх: толькі вера ў Езуса можа выратаваць чалавека ад пагібелі: «Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых» (Ян 8, 24).

«Я ёсць» — так акрэслівае сябе Езус.

Грэчаскі выраз ἐγώ εἰμι (Дрг 32, 39; Іс 43, 10) на старонках Сэптуагінты і Новага Запавету — не што іншае, як сутнасць самога Бога. Хрыстус, выкарыстоўваючы гэты выраз, хоча сказаць, што толькі Ён — жыццё, святло, дарога, праўда... У Ім знаходзіцца ўся сутнасць новазапаветнай веры: «Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету» (Ян 8, 26).

Хрыстус указвае на марнасць і безвыніковасць сваіх зваротаў да фарысеяў: што б Ён ні казаў ім, яны ўсё роўна неўспрымальныя і косныя, і праз закрытасць сваіх сэрцаў і розуму падлягаюць суду. Гэтыя словы Хрыста незразумелыя фарысеям, падобна як «яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца» (Ян 8, 27).

Але місія Хрыста і выкананне волі Айца Нябеснага ў гэты час засноўваецца не на судзе. Яго мэта цяпер зусім іншая: «Не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17; пар. 8, 15). Ён прыйшоў ратаваць свет і нават сваіх ворагаў, «але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё» (Ян 5, 40).

Езус, ведаючы намеры і задуму забіць Яго, кажа пра ўзвышэнне Сына Чалавечага: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу» (Ян 8, 28).

Нягледзячы на тое, што ў ворагаў Хрыста атрымаецца забіць Яго, Ён выказвае цвёрдую ўпэўненасць у тым, што Айцец пастаянна знаходзіцца з Ім як магутны абаронца.

«І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца» (Ян 8, 29). Езус тут падкрэслівае, што да гэтага часу ворагі Хрыста, нягледзячы на ўсе свае намаганні, не змаглі прычыніць Яму істотнай шкоды. Адсюль натуральна зрабіць выснову, што ў будучыні, калі Хрыста асудзяць на крыжовую смерць, Бог усё ж такі не пакіне Яго.

«Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго» (Ян 8, 3). Наша вера ў Хрыста не можа быць адарванай ад Яго крыжа. Такая вера будзе пазбаўлена магчымасці акунуцца ў сэрца Збавіцеля, у Яго аздараўленчую ласку. Прага ж Евангелля без крыжа, Евангелля, пазбаўленага хрысціянскага разумення цярпення альбо забруджанага язычаскімі ці натуралістычнымі ўплывамі, робіць немагчымым разуменне выратавальнай каштоўнасці ахвяры Езуса, ставіць пад сумнеў місію Хрыста і выкананне Ім Божага плану збаўлення.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа