Пошук

18.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 5, 31–47

У 1963 годзе з нагоды каранацыі Папы Паўла VI, які працягнуў і завяршыў працу Другога Ватыканскага Сабору, быў адчаканены адмысловы медаль. З аднаго боку медаля змешчана выява Святога Айца, з другога — яго герб і словы дэвіза: In nomine Domini. Прамінуць стагоддзі, зменяцца пакаленні — застанецца сімвалічны напамін аб дзейнасці таго, хто ішоў шляхам Збавіцеля, выконваючы Яго волю і наказ, хто вёў людзей да нябеснай прыстані згодна са сваім дэвізам — «У імя Пана».

«У імя Айца Нябеснага» на гэты свет прыйшоў Сын Божы, Езус Хрыстус. Аб гэтым сведчыць Бог Айцец. Гэта падкрэслівае і Езус у сваім вучэнні: «Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне. І Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім ён сведчыць пра Мяне» (Ян 5, 31–32).

Бог Айцец пацвярджае Богасыноўства і месіянскае прызначэнне Хрыста, каб чалавецтва паверыла і прыняло абвешчаную праўду Хрыстом: «Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне» (Ян 5, 37).

Людзі з сённяшняга Евангелля, якія слухаюць прамову Езуса, памятаюць словы пасля хросту Хрыста ў Ярдане. Калі Езус маліўся, на Яго сышоў Дух Святы, і Айцец засведчыў, што Езус — гэта Сын Яго ўмілаваны (пар. Мц 3, 17; Мк 1, 10; Лк 3, 21). Напэўна, не забыліся яны і пра сведчанне Яна Хрысціцеля: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю» (Ян 1, 29–31).

Езус пацвярджае сваю Боскасць не толькі словам, але і праз учынкі ў імя Бога Айца: «Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне» (Ян 5, 36).

Сын Божы прыйшоў у гэты свет, каб у імя Бога адрадзіць нас да Божага жыцця.

Ён сведчыць перад людзьмі: «Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго» (Ян 5, 43). Езус навучаў, здзяйсняў цуды, суцяшаў і вылечваў людзей «у імя Айца». Благаславіў і перамяніў хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю «ў імя Айца». З малітвай да Яго Езус распачынаў справу збаўлення свету (пар. Лк 22, 41–45). Ён выконваў волю Айца, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай (пар. Флп 2, 6–11).

Папа Францішак падчас цэлебрацыі ранішняй святой Імшы 20 лютага 2020 года падкрэсліў: «Не дастаткова толькі ведаць, што Ён — Бог, трэба прыняць Яго шлях. Дзеля адкуплення Езус “прынізіў самога сябе, стаў слугой, аж да смерці і смерці крыжовай”, і калі мы не прымаем гэтага шляху, то “не з’яўляемся хрысціянамі і заслугоўваем таго, што Езус сказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, сатана”. <...>

Калі Касцёл не ідзе гэтым шляхам, то памыляецца, становіцца свецкім».

«У імя Айца Нябеснага» мы прымаем шлях Хрыста і ў гэтае ж імя пачынаецца нашае жыццё ў Богу. У гэтае імя кіруе намі Касцёл, каб сваім жыццём мы сведчылі пра Хрыста, якому цалкам належым. Імем Пана мы распачынаем штодзённую малітву, кожны свой дзень, кожную сваю працу і справу. У гэтае імя мы ахвяруем Богу ўсе нашыя дасягненні і перамогі, кожны момант нашага існавання. У імя Бога Айца мы сведчым пра нашага Збаўцу, Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і Чалавека.

Абноўлена 18.03.2021 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця