Пошук

17.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Езус Хрыстус — суддзя і Збаўца. Фрагмент фрэскі. Мастак Леапольд Купэльвізэр

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 5, 17–30

Слухаючы сённяшняе Евангелле мы можам заўважыць пэўную ўзаемасувязь аповеда з папярэднім аздараўленнем хворага, якое Хрыстус здзейсніў ля купальні Бэтэзда ў Ерузалеме.

Езус напярэдадні аздараўляе хворага ў шабат, чым выклікае абурэнне Яго праціўнікаў. Сёння ж Ён адмыслова выкарыстоўвае гэтую сітуацыю, каб прыадкрыць нам таямніцу свайго Богасыноўства: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю» (Ян 5, 17).

Гэтыя словы Хрыста з’яўляюцца выразным спасыланнем да апісання шасцідзённай справы стварэння Богам Айцом. Яго нябачныя рысы, адвечная моц і Боскасць выяўлены праз спасціжэнне Ягоных спраў сёння ў дзейнасці Сына.

Езус выразна падкрэслівае, што справа стварэння надалей працягваецца, што Божы дзень адпачынку яшчэ не настаў.

Мы можам здагадацца, што Божы адпачынак настане ў Апошні дзень, калі Бог адпачне ў еднасці з усімі збаўленымі.

«Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю» (Ян 5, 17) — Езус называе сябе супрацоўнікам Божай справы стварэння. Гаворка ідзе пра тую самую праўду, якую мы знаходзім у іншых месцах Новага Запавету: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго» (Ян 1, 1–5). Таксама: «У Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана» (Клс 1, 16).

Праціўнікі Хрыста добра разумелі, што Ён кажа пра роўнасць Богу. Добра разумелі Яго, але ўспрынялі гэта як блюзнерства. Фарысеі і кніжнікі прызнавалі, што Бог няспынна дзейнічае ад часу стварэння, падтрымліваючы існаванне свету. Яго справа не мае спачынку нават у шабат.

Чаму ж яны запярэчылі Езусу і раскрытыкавалі Яго чын аздараўлення ў шабат? Чаму не ўспрынялі радасць чалавека, які змог устаць і хадзіць пасля трыццаці васьмі гадоў хваробы і немачы? Таму што яны прыўласцілі Божую справу, а Божы дзень шабату ўчынілі днём сваёй уласнай перавагі і ўзвялічвання.

Яны адмовілі Богу ў праве дзейнічаць у гэты дзень на карысць свайго народа, бо адабралі і прыўласцілі гэты дзень.

Езус, аднак, не адступае, але яшчэ больш выразна і дакладна навучае свайму адзінству і роўнасці з Нябесным Айцом. Ён прыйшоў да нас як дасканалы вобраз Айца: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога не можа рабіць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць падобным чынам. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя, чым гэта, каб вы дзівіліся» (Ян 5, 19-20).

Айцец Нябесны хоча, каб Яго Сын рабіў усе справы Божай усемагутнасці — уваскрашаў і ажыўляў памерлых і вяршыў канчатковы суд: «Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну» (Ян 5, 21–22).

Больш за тое, Езус выразна кажа, што пакланенне Яму з’яўляецца ўмовай сапраўднага пакланення Айцу Нябеснаму: «Каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго» (Ян 5, 23).

Езус — праўдзівы і сапраўдны Божы Сын, Месія, праз якога створаны свет; жыццё і ўваскрашэнне нашае; Ён будзе Суддзёю ўсіх людзей і анёлаў у Апошні дзень.

«Не здзіўляйцеся гэтаму, таму што надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны. І тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння. Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне» (Ян 5, 28–30).

Абноўлена 17.03.2021 09:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця