Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
Купальня Бэтэзда ў Ерузалеме каля Авечай Брамы, пра якую мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі (Ян 5, 1–3а. 5–16), была месцам, ля якога, чакаючы аздараўлення, збіралася мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных. Усе гэтыя людзі месціліся ў пяці навакольных крытых бабінцах. Той з іх, хто першым спускаўся ў купальню падчас руху вады, вылечваўся, незалежна ад цяжкасці сваёй хваробы.
Можна толькі ўявіць, як паводзілі сябе гэтыя няшчасныя, як аблеплівалі бераг купальні, прагна гледзячы на ваду, як адпіхвалі адзін аднаго локцямі, бо кожны стараўся ступіць у ваду раней за іншых.
Відавочна, вада вылечвала толькі цела, але не душу, бо нават тыя, хто ўжо атрымаў аздараўленне, ачуняў ад сваёй немачы, не здагадваліся дапамагчы іншаму. Моцнае жаданне ўласнага аздараўлення было найважнейшым, яно пераважала над усімі жаданнямі і патрэбамі гэтых людзей, абмяжоўвала іх выключна сабой і сваёй праблемай.
Такі досвед людской безуважнасці і безудзельнасці Езус сустрэў у асобе хворага. На пытанне Хрыста, ці хоча той быць аздароўленым, хворы не адказвае лаканічна і ясна, але скардзіцца на адсутнасць чалавечай дапамогі і ўвагі: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною» (Ян 5, 7). У іншых ёсць таварышы, сябры, што не пакідаюць у самоце і хваробе.
Ён — самы бездапаможны з усіх: ён нічога не можа сам, і яму няма адкуль чакаць дапамогі. Вось чаму Езус падыходзіць менавіта да яго.
Хрыстус аздараўляе гэтага хворага чалавека: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі» (Ян 5, 8). Езус не стаў тым, хто павёў хворага да купальні і дапамог у яе апусціцца. Ён стаў тым, хто ў гэты момант звярнуў увагу на самотнага і пакінутага ўсімі чалавека, выслухаў яго і аздаравіў праз сваю міласэрнасць.
І калі хворы доўгі час заставаўся без увагі іншых (ён хварэў трыццаць восем гадоў!), то ўчынак Езуса выклікаў імгненную крытычную рэакцыю: «Сёння шабат, нельга табе насіць тваё ложа» (Ян 5, 10).
У нашыя дні, як і ў часы Хрыста, абавязкова знойдуцца тыя, хто самую добрую справу зганяць, асудзяць і паставяць пад сумнеў.
Прычына, каб запярэчыць дабру, заўсёды знойдзецца. Горш з жаданнем дапамагчы бліжняму. Магчыма, падобнае стаўленне людзей да хворага з сённяшняга Евангелля і стала прычынай яго немачы. Гэты чалавек наракаў і абвінавачваў іншых, страціў надзею, не чакаў любові, бо быў хворым на роспач, а гэта значыць жыў без веры.
Верыць у Езуса Хрыста азначае прымаць сваё жыццё такім, якім яно ёсць, і ісці наперад з радасцю і без нараканняў, не дазваляючы граху роспачы паралізаваць сябе. Езус не папракае самотнага чалавека з сённяшняга Евангелля. Ён прыходзіць адмыслова да яго — адзінага з мноства тых, хто мае ўнутраныя сілы змагацца са сваімі хваробамі і грахом альбо дапамогу іншых на шляху свайго аздараўлення.
Хворы з сённяшняга Евангелля не ведаў, кім быў Езус, бо пасля аздараўлення Езус знік у натоўпе, сабраным у тым месцы (пар. Ян 5, 13).
Калі Хрыстус знаходзіць аздароўленага ў святыні, Ён прамаўляе да яго: «Вось ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага» (Ян 5, 14).
Боская педагогіка грунтуецца на тым, што Бог пачынае не з выкрыцця граху і абвінавачванняў; Ён не папракае чалавека за роспач і крыўду. Езус спачатку вызваляе чалавека з кайданоў граху. І толькі тады, калі той сам здольны апусціцца не ў купальню, а скіравацца ў духоўнае месца, — глыбіню сэрца, сімвалам якога з’яўляецца святыня, — Езус заклікае да яднання з Богам дзеля не толькі поўнага фізічнага аздараўлення, але і аднаўлення празрыстых стасункаў з Богам, з іншым людзьмі, з самім сабой.