Пошук

12.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Выява: katolici.mk

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мк 12, 28b–34

Сённяшняе Евангелле сведчыць пра сур’ёзныя дыскусіі на тэму першынства запаведзяў, якія вяліся ў часы Езуса паміж кніжнікамі і фарысеямі. Гэта не здзіўляе, бо ўпершыню падлічаныя і ўзгаданыя ў габрэйскім Талмудзе запаведзі Торы складалі лічбу 613. Яны мелі і свой падзел: 248 запаведзяў «па колькасці органаў чалавечага цела», якія абавязвалі да выканання пэўных рэчаў, і 365 запаведзяў «паводле ліку дзён сонечнага года», якія забаранялі пэўныя дзеянні.

Тым не менш, на зададзенае Езусу пытанне — «якая запаведзь першая з усіх?» (Мк 12, 28b) — Настаўнік дае імгненны адказ і пацвярджае яго цытатамі з кніг Старога Запавету, якія для габрэяў у часы Хрыста з’яўляліся найважнейшай формай дзейнасці і жыцця.

Кожны дзень прававернага габрэя распачынаўся і завяршаўся словамі малітвы: «Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй» (Дрг 6, 5 і наст.).

Менавіта гэтыя словы становяцца першымі ў адказе Езуса кніжніку і абвяшчаюцца першай запаведдзю.

Але Настаўнік вылучае і другую запаведзь любові, з кнігі Левіта: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Лев 19, 18).

Першынство дзвюх запаведзяў любові, якія назваў Езус, не выклікае ў кніжніка ніякага сумнення: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні» (Мк 12, 32–33).

Праз спалучэнне двух добра вядомых кніжнікам біблійных тэкстаў, што складалі асобныя запаведзі і былі дадзены Богам свайму народу праз Майсея, Езус павучае таксама і нас: сапраўдная любоў да Бога бярэ свае вытокі выключна з любові да бліжняга, а сапраўдная любоў да бліжняга нараджаецца з нашых адносін з Богам.

Любоў, да якой заклікае Езус, — гэта не абстрактны ідэал, а канкрэтны досвед Хрыста.

Жыццё Божага Сына — гэта сведчанне шчырай любові да Айца. Яна праявілася падчас малітвы Хрыста ў Гетсэманіі: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36). Сыноўняя любоў Хрыста праявілася таксама падчас укаранавання цернем (пар. Мк 15, 17) і ўкрыжавання (пар. Мк 15, 24).

Любоў Хрыста праявілася праз Яго сэрца, адкрытае кожнаму чалавеку пасля таго, як яно было прабітае дзідаю на крыжы (пар. Ян 19, 34 і наст.); яна праявілася ў праліцці крыві, якая за многіх праліваецца (пар. Мк 14, 24), і ў шчырай малітве: «Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (Лк 23, 34).

Запаведзь любові Хрыста выразна ўтрымлівае ў сабе дзве праўды аб любові да Бога і да бліжняга, пра ўзаемасувязь якіх яшчэ раз нагадвае апостал Ян: «Калі б хто сказаў: „Я люблю Бога“, а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20). Кожны наш бліжні носіць у сабе вобраз нябачнага Бога.

Праява любові да бліжняга — наш шанц даць сведчанне сваёй любові да Айца.

Перад малітвай «Анёл Панскі» 25 кастрычніка 2020 года Святы Айцец Францішак скіраваў да вернікаў словы, якія мы можам пераасэнсаваць у кантэксце сённяшняга разважання: «Пакуль ёсць брат ці сястра, перад якімі мы закрываем сэрца, мы ўсё яшчэ далёкія ад таго, каб называцца вучнямі, якімі хоча бачыць нас Езус. Але Яго Боская міласэрнасць не дазваляе нам падаць духам, наадварот, Ён заклікае нас пачынаць нанова кожны дзень, каб паслядоўна жыць Евангеллем. <…>

Няхай заступніцтва Найсвяцейшай Марыі адкрые нашыя сэрцы на „найбольшую запаведзь“, падвойную запаведзь любові, якая абагульняе ўвесь закон Божы і ад якой залежыць наша збаўленне», — сказаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.