Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
У сённяшнім Евангеллі Лука апавядае пра выгнанне злога духа нематы. Апісанне гэтай падзеі вельмі лаканічнае, змешчана ў адным вершы:
«Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся» (Лк 11, 14).
У папярэдніх апісаннях евангеліст Лука надае большую ўвагу аналагічным падрабязнасцям і дэталям: звышнатуральны гучны крык апантанага ў сінагозе і дыялог з нячыстым духам (пар. Лк 4, 33–37), аголенасць чалавека, апанаванага злым духам, які з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах (пар. Лк 8, 26–39), аздараўленне эпілептыка па просьбе чалавека з натоўпу — бацькі адзінага сына, апанавага духам: той хапае яго, змушае крычаць, трасе аж да пускання пены, з цяжкасцю адпускае, змучыўшы (пар. Лк 9, 37–43).
Усе гэтыя чатыры апісанні ў Евангеллі паводле святога Лукі паказваюць праявы і дзеянні злога духа, які завалодаў чалавекам. Аднак калі злы дух пакідае апантанага чалавека, карэнне зла і яго згубнай дзейнасці надалей застаецца ў іншых чалавечых сэрцах: нават у сэрцах тых, хто стаў сведкам выразнага Божага дзеяння, і праяўляюцца ў спусташальных сумневах, якія раз’ядноўваюць; у сляпым упартым бязвер’і.
«Некаторыя з іх казалі: Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад яго знаку з неба».
Сатана любіць блытаніну і бязладдзе. Ён з задавальненнем скасаваў бы ўсе межы паміж дабром і злом, паміж праўдай і хлуснёй, любоўю і падманам, цнатлівасцю і распустай, сумленнасцю і выкарыстальніцтвам. Д’ябальская стыхія — гэта хаос, яго мэта — слепата чалавека да праўды.
Бог жа любіць празрыстасць і праўду. Мы як вучні Хрыста імкнемся да еднасці з Ім, да адкрытасці на Яго гаючую ласку, мы можам выразна адрозніць дабро ад зла і праўду ад хлусні.
У Божым святле і праўдзе зло становіцца выразна бачным ва ўсёй сваёй непрыстойнасці і гнюснасці, супраціўнай Богу.
У сённяшнім Евангеллі Езус катэгарычна заяўляе: «Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідвае» (Лк 11, 23). Што азначаюць гэтыя словы для нас, паслядоўнікаў і вучняў Хрыста?
Перш за ўсё, гэтыя словы з’яўляюцца заклікам да еднасці з самім сабой, з Езусам і нашымі бліжнімі. Быць у еднасці з сабою азначае бесперапынна змагацца са злом, перамагаць сатану, спакусу і грэх.
«Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства» (Лк 11, 20), — кажа Езус. Гэта значыць, што праз еднасць з нашым Збаўцам мы дакранаемся да крыніцы пераможнай моцы і Божай сілы. Сузіраем тое, што будуе нас, наш Касцёл і нашае ў ім братэрства. Імкнучыся да еднасці, мы становімся саўдзельнікамі будавання Божага Валадарства на зямлі паміж Богам і чалавекам, якое асаблівым чынам праяўляецца ў братэрскай еднасці.
Папа Францішак у адным са сваіх казанняў (17 мая 2018 г. падчас святой Імшы ў Доме святой Марты), разважаючы аб братэрскай еднасці, заўважыў, што сапраўдная еднасць падобная да той, якую Езус мае з Айцом. Менавіта пра гэтую еднасць гаворыцца ва ўрыўку Евангелля паводле святога Яна (пар. Ян 17, 20–26), дзе Хрыстус моліцца аб адзінстве паміж сваімі вучнямі. Гэтая збаўчая еднасць вядзе да вечнасці.
«Падумаем пра вялікае пакліканне, якое мы маем: пакліканне да еднасці з Езусам, з Айцом, — заклікае нас Святы Айцец Францішак, — гэтым шляхам мы павінны ісці. Мы павінны быць людзьмі, якія яднаюцца і заўсёды спрабуюць ісці шляхам еднасці».
Перспектыва Божага Валадарства і вечнасці ясна адкрываецца перад вернікамі на шляху змагання са злом і хлуснёю сатаны.
У час Вялікага посту варта быць асабліва ўважлівымі да спакусы сатаны і яго намагання аддзяліць нас ад Хрыста, раз’яднаць і падзяліць.
Супрацьстаяць злу — гэта значыць уважліва слухаць слова Хрыста і імкнуцца прабываць у праўдзе. «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32).