Пошук

10.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Казанне на гары. Фрагмент. Мастак Карл Блох

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 5, 17–19

Бог хоча быць побач з чалавекам. У сённяшнім першым чытанні з Кнігі Другазаконня Майсей пацвярджае гэтую праўду:

«Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго?» (Дрг 4, 7).

Бог абірае нас і адкрываецца перад намі: «Ён абвясціў слова сваё Якубу, пастановы свае і прысуды Ізраэлю. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, яны не ведаюць прысудаў Ягоных» (Пс 147, 19-20).

Кульмінацыяй адкрыцця Богам сябе чалавеку з’яўляецца Богаўцелаўленне. Евангеліст Мацвей, завяршаючы апісанне нараджэння Божага Сына, падкрэслівае: «А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока» (Мц 1, 22).

Прысутнасць Езуса Хрыста сярод нас становіцца адзінай крыніцай нашага ўзбагачэння і прасвятлення, нашага прабывання ў трывалай і непарыўнай еднасці праз асвячальную ласку і багацце дароў. Прысутнасць Езуса сярод нас з’яўляецца выкананнем Яго плану і волі.

У Старым Запавеце Бог адкрывае людзям сваю волю праз закон і прарокаў. Езус жа вучыць нас, што Яго заданне заключаецца ў выкананні аб’яўленай Божай волі, якая спраўджваецца ва ўсёй паўнаце праз Яго і ў Ім. У Езусе Хрысце спраўджваюцца і закон, і прарокі.

Ні закон, ні прарокі не значылі б нічога, калі б іх наяўнасць не набліжала чалавека да Хрыста.

Яны былі б мёртвымі літарамі, бессэнсоўнай і бязглуздай традыцыяй, калі б іх выкананне не стала своеасаблівым «поручнем», указальнікам і арыенцірам збаўлення праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце.

«Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць» (Мц 5, 17). Езус стаў адным з нас, каб, абапіраючыся на закон і прарокаў, зберагчы чалавеку жыццё. Пры адсутнасці законаў у сэрцы чалавека пачынае панаваць бязладдзе і хаос. Захаванне ж закону ўмацоўвае і акрэслівае чалавечую асобу і яе каштоўнасць.

Калі мы наследуем Хрыста ў сваім жыцці, то і для нас закон і прарокі з’яўляюцца ўказальнымі і непарушнымі ўмовамі, бясспрэчным і безумоўным наказам, выразам Божай волі на шляху нашага збаўлення. Гэтаму вучыць нас Езус: «Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё» (Мц 5, 18).

Закон выконваецца не толькі праз абсалютнае падпарадкаванне яму, але — і перш за ўсё! — праз выкананне яго з выразным праяўленнем бескарыслівай, вольнай ад прадузятасці, любові. Калі ж захаванне закону не з’яўляецца праявай любові, то пераўтвараецца ў «пустое дзеянне», уласцівае чалавеку без сэрца і душы.

Без любові немагчыма выканаць закон па-сапраўднаму, немагчыма быць верным Божай волі.

«Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным» (Мц 5, 19).

Любоў — гэта дасканалае выкананне закона, які накіроўвае чалавека да Нябеснага Валадарства. Аб гэтай любові сведчыць і навучае Езус.

Любоўю, у якой выконваюцца закон і прарокі, з’яўляецца Ён сам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа