Сужонкі і святары з руху «Сужэнскія Сустрэчы» падрыхтавалі свае разважанні стацый Крыжовага шляху і праз яго дзеляцца з вамі сваімі уласнымі перажываннямі «крыжовага шляху» сужэнскага і святарскага жыцця.
Мы часта бываем занадта ўпэўнены ў тым, як павінна выглядаць наша сям’я ці парафіяльная супольнаць; якім павінен быць наш сужэнскі дзень, што мой сужонак мусіць мне казаць, як сябе паводзіць, і сутыкаемся з немагчымасцю прыняць тыя цяжкасці і выпрабаванні, якія спатыкаюць нас на сужэнскім або святарскім шляху.
Але Езус, ідучы з намі ад стацыі да стацыі, паказвае нам, што мае неверагодны арсенал сродкаў, каб падняць нас з любога крызісу і дапамагчы дайсці да сапраўднай і шчырай любові, узаемаразумення і глыбокай эмацыйнай сувязі у нашых сем’ях і парафіях.
Больш за тое, Ён дае нам усе неабходныя інструменты для гэтага. Адным з іх з’яўляецца дыялог.
Дзякуем айцу Яўгену Усошыну з яго жонкай Аленай, ксяндзу Кірылу Бардонаву і ксяндзу Віталію Драздоўскаму за ўдзел і падрыхтоўку, а таксама Вользе Хілько за аўтарскую песню, якая дапамагае нам глыбей паразважаць над уласным крыжовым шляхам.
Усе сведчанні сужонкаў і святароў запісаны самастойна ў хатніх умовах на тыя тэхнічныя сродкі, якія ёсць у доступе. Таму няхай дзе-нідзе ціхі гук ці невялікія перашкоды яшчэ больш наблізяць нас да цяжкасці сапраўднага перажывання свайго крыжовага шляху.
А можа, менавіта такім ціхім голасам Езус сёння хоча нешта важнае сказаць і майму сужэнству?..
Запрашаем вас перажыць Крыжовы шлях ад «Сужэнскіх Сустрэч» разам з намі.
На Вялікую пятніцу Мукі Пана, якая сёлета прыпадае на 2 красавіка, «Сужэнскія Сустрэчы» рыхтуюць разважанні Крыжовага шляху, які запрашаюць вас перажыць у братоў капуцынаў у сталічнай парафіі святога Францішка Асізскагаў Новай Баравой.
Удзельнікі раху прапануюць таксама падчас Вялікага посту яшчэ раз перажыць анлайн Крыжовы шлях «Сужэнскіх сустрэч» мінулага года, які не страціў сваёй актуальнасці і сёння.