Пошук

08.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Спроба скінуць Хрыста са скалы. Мастак Джэром Надал

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 4, 24–30

На працягу свайго публічнага служэння Езус аддаваў перавагу бедным, хворым і церпячым. Да гэтай катэгорыі ён дадаваў таксама язычнікаў, якім было неабходна аздараўленне ў святле праўдзівага вучэння.

У асноўным служэнне Хрыста здзяйснялася за межамі роднага горада, дзе Яго ведалі як «сына цесляра». Езус не выклікаў асаблівай увагі да сябе ў Назарэце, пакуль не пачаў выконваць сваю прароцкую місію — гаварыць і дзейнічаць ад імя Бога.

Многім людзям складана прыняць, калі хтосьці з іх асяроддзя раптам «вырастае» над імі. Цяжка акрэсліць, што гэта: зайздрасць альбо адсутнасць пакоры.

Але ў любым выпадку гэта азначае, што з самаацэнкай у такіх людзей не ўсё добра. Фамільярнае стаўленне да Езуса, абясцэньванне, абагульненне і прыраўноўванне да сябе, да «аднаго з нас», да таго, хто добра вядомы, — усё гэта закрывае нерухомай глыбай сэрцы і розум землякоў Збаўцы для дзеяння Божай ласкі, не даючы ім убачыць у сваім суайчынніку Месію.

Згадка ў сённяшнім Евангеллі прарока Іллі, які чыніць цуды ў Сідоне, ці прарока Елісея, які ацаляе сірыйца Наамана, з’яўляецца выразным сведчаннем веры язычнікаў у цудаздольнасць ізраільскіх прарокаў.

Вера і для нас з’яўляецца найкаштоўнейшым Божым дарам, які адкрывае нашыя сэрцы і нашыя вочы на Бога і Яго ласку. Прыклады са Старога Запавету з сённяшняга Евангелля падштурхоўваюць абраны народ, да якога звярталіся прарокі, убачыць і стаць сведкамі Божай моцы і сілы, што здзяйсняецца тут і цяпер.

Ілля і Елісей былі адкінутыя сваімі землякамі — тыя не прынялі іх паслання і місіі. Адкінутым стаўся таксама Хрыстус, бо дакараў суайчыннікаў у адсутнасці веры. Гэта і ёсць кантэкст слоў Езуса: «Ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне» (Лк 4, 24).

У гэтым кантэксце словы Хрыста з сённяшняга Евангелля становяцца больш зразумелымі: збаўленне даступнае кожнаму чалавеку, аднак магчымае яно тады, калі пачынаецца з веры ў Хрыста Месію.

Жыхары Назарэта не проста не прымалі словаў Хрыста; яны нават «напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго» (Лк 4, 29). Іх уяўленні пра Месію — велічную каралеўскую асобу з заможнага роду — не супадалі з асобаю Езуса, якога ведалі як «сына цесляра». Яго заклік да навяртання і паглыблення веры ўспрымаўся зласліва і варожа, выклікаў раздражнёнасць і гнеў.

Напрыканцы сённяшняга евангельскага ўрыўку мы чуем словы: «Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў» (Лк 4, 30).

Гэтыя словы вельмі выразна кажуць, што закрытасць, абыякавасць да Бога і Яго слоў пакідаюць нас у самоце, пазбаўляюць аздараўляльнай Божай ласкі на дарозе да нашага збаўлення.

Час Вялікага посту — час унутранай цішыні. Варта прыслухацца да Бога і Яго слова асабліва ў гэты святы час і зрабіць сур’ёзны і грунтоўны рахунак сумлення.

Ці прашу я ў Бога аб дары памнажэння сваёй веры? Як я ўспрымаю і слухаю Яго слова? Ці адкрыта маё сэрца для дзеяння і дароў Божай ласкі?

Абноўлена 08.03.2021 07:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.