Пошук

06.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Вяртанне марнатраўнага сына. Мастак Пампэо Батоні

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 15, 1-3. 11-32

Прыпавесць пра марнатраўнага сына за канцэнтраванае багацце вобразаў і зместу сучасныя тэолагі і біблісты часта называюць «Евангеллем у Евангеллі».

Сваю ўвагу мы ў асноўным засяроджваем на сыне, якому айцец аддае частку маёнтка, і які, жывучы амаральна і распусна, страчвае гэтую маёмасць. Складаная і пагрозлівая сітуацыя, у якой ён апынаецца, прымушае яго задумацца над сваім жыццём і вярнуцца ў абдымкі айца.

Любоў айца становіцца выратавальнай для сына.

Марнатраўны сын не спадзяецца на спрыянне і ласку свайго бацькі, але цешыць яго тое, што нават у якасці слугі ён будзе мець непараўнальна лепшыя ўмовы. Ён спадзяецца не на прабачэнне айца і яго прыхільнасць, а на мінімальныя сродкі і ўмовы для захавання прынамсі свайго фізічнага існавання.

Абдымкі бацькоўскай любові, найлепшая вопратка, пярсцёнак на палец і сандалі на ногі, адкормленае цяля і багаты стол рассейваюць усе страхі і сумненні марнатраўнага сына, унутрана гатовага да пакаяння. Пакаянне — гэта не фармальнае перапрашэнне, але гатоўнасць прыняць адказнасць за наступствы ўчыненага.

Сын, вяртаючыся дадому, зусім не разлічвае на шчодры прыём, бо ўсведамляе, што ад сыноўства ён адмовіўся сам. Але бацька даруе свайму сыну.

На гэтае прабачэнне разлічваем і мы. У духоўнай кволасці і грахоўных падзеннях, нават у адступніцтве і забыцці Бога і Яго любові, але ў шчырым жаданні змяніць сваё жыццё праз навяртанне і пакаянне мы спадзяемся на Яго бязмежную міласэрнасць. Аднак усведамляючы і спазнаючы Божую міласэрнасць, не варта ёю злоўжываць у надзеі на лёгкае прабачэнне.

Легкадумнае стаўленне да прабачэння — памылковая крайнасць. Але ёсць і іншая крайнасць — непрыманне любові Бога, якое нараджаецца і сыходзіць з чалавечых, а не з Божых уяўленняў пра справядлівасць і правільнасць.

Такое непрыманне мы бачым у паводзінах старэйшага брата з сённяшняга Евангелля, які кіруецца чалавечай логікай фармальнасці і «літары закону», а не любові і міласэрнасці, радасці ад таго, «што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32b). Такую памылковую пазіцыю займаюць і многія хрысціяне, спяшаючыся асуджаць і дакараць грэшнікаў паводле ўласнага ўяўлення аб слушнасці і праўдзе, замест таго, каб на шляху выпраўлення і навяртання падтрымаць і дапамагчы з любоўю і міласэрнацю.

Бог не хоча смерці грэшніка, але хоча яго навяртання. Ён заўсёды жадае прабачаць, збаўляць, даваць жыццё, перамяняць зло ў дабро. Калі ён бачыць у чалавеку добрую волю, то запальвае ў ім аонь сваёй любові і міласэрнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа