Пошук

05.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Прыпавесць пра вінаграднік. Мастак Ян Лёйкен

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 21, 33–43. 45–46

Прыпавесць з сённяшняга Евангелля пра падступных вінаградараў з’яўляецца метафарай гісторыі збаўлення. У вобразе гаспадара дома і вінаградніка бачыцца сам Бог — шчодры Валадар стварэння, які, аддаючы чалавеку ўсе магчымыя сродкі тут, на зямлі, укладае творчасць, веды і сваё сэрца ў клопат аб рэалізацыі вечнага плану — збаўлення чалавека. Аднак чалавек глядзіць на Бога з падазронасцю і недаверам: ці сапраўды Бог дае мне ўсё? Такія сумневы мелі месца яшчэ ў Раі (пар. Быц 3, 1 і наст.), што і парушыла гармонію ўзаемаадносін чалавека з Богам.

Сённяшняе Евангелле напоўнена прыгожымі вобразамі, якія дапамагаюць нам раскрыць глыбокі змест прыпавесці і зрабіць належныя высновы для нас асабіста.

Калі вобраз любячага Бога прачытваецца ў гаспадары дома, то вінаграднік — алегорыя Ізраэля: народа, абранага Богам сваёй асаблівай уласнасцю, найкаштоўнейшым скарбам, прадметам гонару і радасці (пар. Зых 19, 5).

Агароджа — Закон Божы, дадзены праз Майсея. Вычасанае давіла — ахвярнік, на якім чалавек, пазбаўлены крывадушнасці і фармалізму, мусіць ачысціцца ад эгаізму і беззаконня, ахвяруючы Богу сапраўдную вернасць і міласэрнасць (пар. Іс 1, 10-20; Ос 6, 6). Вежа — алегорыя святыні, у якой Бог заўсёды прысутнічае сярод свайго народа.

«І, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў». У гэтых словах паказаны вялікі давер і надзея на плённасць супрацоўніцтва чалавека з Божай ласкай дзеля павелічэння і памнажэння любові да Бога і бліжняга (пар. Дрг 6, 4 і наст.; Лев 9, 18; Іс 58, 6 і наст.).

Набліжэнне збору ўраджаю і пасланыя слугі — алегорыя трываласці ў веры і вернасці Богу прарокаў, мучанікаў і вернікаў ажно да смерці (пар. Гбр 11, 36–40).

Бог засаджвае свой вінаграднік, пачынаючы ад Абрагама і патрыярхаў, праз Майсея, каралёў і прарокаў, у чаканні плёну справядлівасці і вернасці, з надзеяй на пазнанне сапраўднага Бога ўсімі народамі (пар. Зых 19, 5-6).

Кожны чалавек пакліканы працаваць у гэтым вінаградніку. Кожны атрымлівае «крэдыт даверу» ад Бога, які можна рэалізаваць альбо змарнаваць.

Час Вялікага посту ставіць перад намі пытанне: як я выкарыстоўваю Божыя дары і распараджаюся імі ў служэнні Богу і бліжняму?

Бог прамаўляе да нас праз свайго Сына (пар. Гбр 1, 1 і наст.), давяраючы нам свой найвялікшы скарб і ласку. Езус прыходзіць у свет не як мсціўца за нашыя беззаконні і змарнаваныя дары, але ў духу сардэчнай любові, як наш брат (пар. Гбр 2, 11 і наст.; Лк 1, 78 і наст.), каб вярнуць да Айца ворагаў і бунтаўнікоў, нават коштам укрыжавання і смерці на Крыжы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця