Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
Хрыстовае Казанне на гары, з якога ў сённяшнім Евангеллі прыведзены невялікі ўрывак, утрымлівае ў сабе ўсю сутнасць вучэння Езуса. Варта выдзеліць самую важную думку ў словах Хрыста:
«Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае»(Мц 5, 20).
На чым жа базуецца справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў? На тым, што яны дасканала і дакладна ведаюць прадпісанні Закона, вельмі скрупулёзна і педантычна нагадваюць пра іх іншым, звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам іх крануць (пар. Мц 23, 4).
Езус жа кажа: нічога не вартыя сотні ахвяраў, калі ім не спадарожнічае поўнае любові і міласэрнасці стаўленне да іншага чалавека: «Калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой» (Мц 5, 23).
Хрыстус прапаведуе сваім паслядоўнікам імкненне да тоеснасці і непарыўнасці Божага закону і жыцця чалавека: вучэнне павінна спраўджвацца ў жыцці хрысціяніна, а жыццё хрысціяніна павінна ўкараняцца ў вучэнні. Згодна з гэтым сцвярджэннем, натуральная пастава хрысціяніна — гэта адкрытае, чулае сэрца, здольнае на прабачэнне.
На любові да бліжняга і ўменні бязмежна і шчыра прабачаць грунтуецца сапраўдная хрысціянская пабожнасць, бо нашмат прасцей праслаўляць Бога ў малітве ці нават праз шматлікія ахвяры, чым зрабіць крок прабачэння ў кірунку да бліжняга і прымірыцца з ім.
Аднак ці правільна рабіць у жыцці толькі тое, што лягчэй? Езус наказвае нам: «Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе» (Мц 5, 25).
Перастаць крыўдаваць на людзей няпроста. Мы самі часта адчуваем сябе вінаватымі перад Богам, а часта — перад людзьмі, але дэманструем, баронячы сябе, сустрэчныя прэтэнзіі, разлічаныя на нашае апраўданне. Толькі скарыўшыся і ўтаймаваўшы нашую пыхлівасць, ганарыстасць і самалюбства — усё, што перашкаджае нам жыць у еднасці не толькі з Богам і бліжнімі, але і з сабой, — мы можам стаць на шлях прабачэння і прымірэння.
Адкінем жа ад сябе ўсё, што нас падзяляе і адасоблівае!
Немагчыма быць сапраўдным хрысціянінам і не прабачаць.
Гэта няпроста і немагчыма без Божай ласкі, але непазбежна і абавязкова для тых, хто крочыць за Хрыстом.