Пошук

24.02.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
«Ёна прапаведвае ніневіцянам». Гравюра, фрагмент. Мастак Гюстаў Дарэ.

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 11, 29-32

Знакі адыгрываюць вельмі важную ролю ў жыцці сучаснага чалавека. Іх мэта не толькі ў тым, каб накіроўваць чалавека да больш камфортных умоў дзейнасці і функцыянавання, але перш за ўсё, каб перасцерагаць ад няшчасцяў і нават ад смерці.

Сучаснікам Езуса таксама былі патрэбныя знакі.

Для першых вучняў Хрыста сапраўдным знакам стала Яго блізкасць, у якой выразна прачытваўся надыход месіянскай эры праз прысутнасць Божага Сына сярод людзей.

Але фарысеям і знаўцам Закону для прыняцця відавочнасці гэтага факту не хапала ўпэўненасці і элементарнай веры.

У сённяшнім Евангеллі Езус паўстае перад намі ў палеміцы з людзьмі свайго пакалення, якіх называе «нягодным пакаленнем» з той прычыны, што яны не вераць відавочнаму і шукаюць больш глабальнага і пераканаўчага знаку, чым той, якім ёсць сам Настаўнік з Назарэта.

Адказ Езуса «сляпому» і нявернаму пакаленню, якое не хоча бачыць ў Яго прысутнасці ласкавасці і дабрыні Бога, міласэрнасці і ласкі Айца, які паслаў дзеля збаўлення свету свайго ўмілаванага Сына:

«Не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны»(Лк 11, 29).

Патрабаванне іншага знаку — толькі прычына адхіліць сапраўднае запрашэнне Хрыста, адмовіцца перамяніць свае сэрцы. Прызвычаенае ды жыцця ў сваёй інтэрпрэтацыі Закону, гэтае пакаленне не гатовае жыць цудам жывой прысутнасці Бога.

Пакаленне гэтае нягоднае не толькі таму, што не прымае прапанаваную ласку, пасланую Нябесным Айцом праз свайго Адзінароднага Сына. Яно да таго ж выкарыстоўвае ўсе абставіны і сродкі, каб абараніць свой лад жыцця, свае звычаі, бачанне свету, уласныя выгоды і пасады, — усё знаёмае і прывычнае, у чым Месіі няма месца.

Любымі спосабамі гэтае пакаленне імкнецца назваць Хрыста ашуканцам, абвінаваціць у хлусні, абылгаць і нават асудзіць за блюзнерства супраць Закону.

Пакаленне гэтае нягоднае, бо мае сэрца злое і акамянелае. Пакаленне, якое не ў стане зведаць навяртанне і змяніць сваё жыццё.

Езус — сапраўдны знак не толькі праз сваю асобу, але і праз сваю навуку, сваю збаўчую дзейнасць. Фарысеі і знаўцы Закону ігнаруюць словы Хрыста і Яго навуку, застаюцца сляпымі да шматлікіх публічна здзейсненых Ім цудаў і чынаў.  Гэтак як сучасны чалавек няспынна шукае і прагне сенсацый, так і яны патрабуюць ад Хрыста незвычайнага знаку.

Словы Езуса пра знак Ёны — словы пра ўласнае ўваскрасенне.

З кожным днём Вялікага посту мы набліжаемся да прачытання гэтага найважнейшага знаку нашай веры, які патрабуе нашага ўласнага навяртання і адкрытых для Бога сэрцаў.

Абноўлена 02.03.2021 22:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.