Пошук

23.02.2021 08:44   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Малітва Пана. Мастак Джэймс Цісо

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 6, 7–15

Святы Мацвей у сённяшнім Евангеллі пералічвае нам галоўныя і найбольш істотныя элементы, якія акрэсліваюць малітву. Гэты евангельскі ўрывак з’яўляецца свайго роду змястоўнай катэхезай пра сутнасць і значэнне малітвы.

Да гэтай тэмы можна аднесці і ўвесь шосты раздзел Евангелля паводле Мацвея, у якім абагульняюцца прамовы Хрыста розных часоў, з розных нагодаў. Пераасэнсаваныя і апрацаваныя першымі хрысціянамі і непасрэдна згаданым евангелістам яны ўтвараюць грунтоўны падмурак і нашай малітоўнай практыкі.

Малітва першых хрысціянаў заключалася пераважна ў спяванні Псальмаў і разважаннях над тэкстамі Святога Пісання. Як апавядаецца ў «Дзідахэ», малітва, паводле габрэйскай традыцыі, адбывалася тры разы на дзень і складалася з паўтарэння «Ойча наш».

Звяртаючыся да Стварыцеля, вернікі паварочваліся тварам на Усход, што вынікала з сімволікі раю. Вонкавай малітоўнай паставай было ўкленчванне і ўзношванне рук — згадка пра ўкрыжаванага Хрыста. Знак крыжа вернікі рабілі не толькі над сваім целам, але і над рознымі прадметамі. Кожную справу і падзею першыя хрысціяне заўсёды суправаджалі малітвай.

У сённяшнім Евангеллі Езус праз словы евангеліста Мацвея дае нам вельмі важную параду адносна таго, як мы павінны маліцца:

«Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць» (Мц 6, 7).Часам нам здаецца, што, чым болей мы прамовім прыгожых і ўзнёслых словаў у дасканалых мастацкіх і лексічных формах, з выразнай і прыгожай дыкцыяй, тым хутчэй — і нават неадкладна — малітва будзе пачутая і прынятая Богам. Так лічылі язычнікі, якія, звяртаючыся да сваіх бостваў, імкнуліся пераконваць іх бясконцымі аргументамі і ўгаворамі, не маючы пэўнасці, якія з аргументаў будуць пачутыя, а якія не. Язычнікі былі перакананыя, што маліцца трэба непамерна доўга, як мага гучней і заўзяцей.

Хрыстус не патрабуе такой малітвы:

«Бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго» (Мц 6, 8).Бог ведае нашыя нястачы, Ён не чакае ад нас бясконцых словаў і прашэнняў.

Ён чакае нашага скрушанага і пакорлівага сэрца, поўнага даверу і любові.

Малітва — гэта не колькасць і якасць прамоўленых слоў, а нашае засяроджанае трыванне ў еднасці з Богам. Шчыра маліцца — гэта значыць быць разам з Богам, усведамляючы Яго паўсюдную прысутнасць. Дасканала маліцца азначае з’яднацца з Ім у тым, чым Ён сам з’яўляецца, — у любові.

Прыклад такой малітвы пакідае нам Хрыстус, бесперапынна прабываючы ў еднасці са сваім Нябесным Айцом. Так малілася Багародзіца, разважаючы ўсе словы Езуса ў сваім сэрцы. Так узносілі малітву святыя Божыя, узыходзячы да вяршыняў святасці і дасканаласці. Маліцца так Хрыстус вучыць і нас.

Абноўлена 02.03.2021 22:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа