Пошук

19.02.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Езус разам з мытнікамі і грэшнікамі. Гравюра. Мастак Аляксандр Біда

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 9, 14–15

У сённяшнім Евангеллі праз апісанне гасціны, зладжанай для Хрыста і Яго вучняў святым Мацвеем, былым мытнікам, закранаецца тэма посту. Фарысеі і знаўцы Закону бачаць у гэтай гасціне спакусу. Нават вучні Яна Хрысціцеля здзіўлены і ўражаны. Яны пытаюцца ў Хрыста:

«Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?» (Мц 9, 14).

Фарысеі, паводле закону Майсея, захоўвалі пост па панядзелках і чацвяргах, а таксама ў Дзень Адкуплення (Jom ha-Kipurim), які лічыўся самым важным святам, днём асаблівага посту, пакаяння ды адпушчэння грахоў.

Вучні святога Яна прызвычаіліся да аскетычнага жыцця свайго настаўніка, жылі ў яшчэ большым устрыманні і абмежаванні сябе праз сціслыя пасты і пакутныя практыкі, таму не зразумелі застолле, зладжанае для Хрыста і Яго вучняў.

Асноўная праблема іх збянтэжанасці і прэтэнзій у тым, што яны не распазналі ў Хрысце сапраўднага Месію, крыніцу сапраўднай радасці і весялосці для сваіх вучняў.

Гасціна ніколі не працягваецца доўга, таму вучні Езуса выкарысталі час Яго прысутнасці, радаваліся з Ім ды святкавалі. Тым жа, хто ўбачыў у гэтай нагодзе для весялосці спакусу, Езус тлумачыць:

«Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць»(Мц 9, 15).

Пост з’яўляецца часам падрыхтоўкі да ўрачыстай сустрэчы з трыумфуючым і ўваскрослым Хрыстом. Набліжэнне да гэтай падзеі прадугледжвае пэўныя грунтоўныя намаганні, працу волі праз устрыманне сябе ад ежы, праз утаймаванне свайго цела, што, аднак, не з’яўляецца мэтай самой у сабе, а павінна дапамагчы нам уваскрэснуць з Хрыстом.

Вялікі пост у яшчэ большай ступені з’яўляецца часам працы духа праз авалодванне розуму ў яго эгаістычных праявах і памкненнях; перыядам пакаяння дзеля аднаўлення нашай тоеснасці, атрыманай з хростам, — гэта значыць часам новага адраджэння «з вышыні», з любові Бога.

Вялікі пост з’яўляецца самым адпаведным і своечасовым жыццёвым імгненнем для нашага навяртання, шляхам ад нявольніцтва да свабоды.

Вялікі пост — гэта яшчэ адна магчымасць у імя Бога падзяліцца сваімі дабротамі з патрабуючымі.

Гэтую праўду дакладна акрэслівае прарок у сённяшнім першым чытанні:

«Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?»(Іс 58, 7)

Хрысціянін — гэта чалавек, які дазваляе Богу апрануць сябе ў Ягоную дабрыню і міласэрнасць, апрануць сябе ў Хрыста, каб стаць, як Ён, слугою Бога і людзей. Вялікі пост — час, які спрыяе таму, каб мы дазволілі Хрысту паслужыць нам, але праз слуханне намі Божага слова і святыя сакрамэнты, малітву і пакутныя практыкі, праз сваю неабыякавасць і імкненне служыць бліжнім.

…Каб стацца, як Ён.

Абноўлена 19.02.2021 08:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця