Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
Прадстаўленыя ў сённяшнім Евангеллі два выпадкі з жыцця мытніка Левія — пакліканне Левія і арганізаванне ім гасціны для Езуса, — адбыліся не адначасова. Евангеліст Лука аб’ядноўвае гэтыя падзеі дзеля дыдактычнай мэты, каб паказаць: Хрыстус знаходзіцца сярод нас, каб шукаць і збаўляць грэшнага чалавека, лячыць усіх, а асабліва тых, хто найбольш патрабуе Яго ацалення.
Мытнік Левій — чалавек, якім у габрэйскай супольнасці пагарджаюць з-за ягонага занятку, — становіцца вучнем Хрыста і Яго паслядоўнікам.
Ладзячы гасціну ў сваім доме, Левій запрашае на яе ўсіх, з кім яго звязвае праца, гэта значыць іншых мытнікаў. У Евангеллі падкрэсліваецца факт запрашэння гэтых «іншых», якіх фарысеі называюць грэшнікамі.
Гэтае запрашэнне для новага вучня Езуса важнае не толькі як імкненне пачаставаць сваіх знаёмых з дрэннай рэпутацыяй, але перадусім падзяліцца радасцю пазнання Хрыста і Яго вучэння.
Гэта пацвярджае і сам Хрыстус:
«Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў» (Лк 5, 31-32).
Пакінуўшы ўсё, устаўшы і пайшоўшы за Езусам, Левій, якому выпала сустрэць Хрыста і пачуць ад Яго словы закліку, перажывае ўнутранае перамяненне. Знікае заслона зямных каштоўнасцяў, якая абмяжоўвала ягоны свет. Адкрываюцца неабсяжныя далягляды Божай праўды пра самога сябе, пра бліжняга, пра свет у перспектыве збаўлення.
Імгненная перамена ў выніку сустрэчы з Хрыстом становіцца імгненным адказам на заклік «ідзі за Мною».
Гэты заклік не губляе актуальнасці і сёння. У час Вялікага посту ён напаўняецца асаблівым сэнсам хрысціянскага быцця адносна кожнага з нас.
«Ідзі за Мною». Перш за ўсё для нас гэта заклік да ўнутранага навяртання і спараджэння плёнаў хрысціянскага жыцця, што закрасуюць Божай хвалою ў нас саміх, ва ўсіх нашых штодзённых справах, ва ўсіх людзях, якіх мы сустрэнем на сваім шляху і падзелімся з імі багаццем гасціны, нашым досведам сустрэчы з Езусам.
«Ідзі за Мною» — гэта заклік да перамены сябе ўнутры і звонку.
Гэта значыць, што кожны наш учынак павінен выглядаць для нашых бліжніх адбіткам Хрыстова следу, станавіцца пераканаўчым заклікам да справядлівасці і жыцця ў святле Божай навукі.
«Ідзі за Мною» — гэта заклік да святога перажывання Вялікага посту як магчымасці скласці ў ахвяру Богу сваё жыццё да рэшты: са сваімі перамогамі і няўдачамі, з радасцю і смуткам, з сілай і слабасцю, з перакананасцю і сумневамі, з кожным днём і кожнай хвілінай.