Пошук

16.02.2021 12:23   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: laityfamilylife.va

У сваім блогу напярэдадні Вялікага посту, які распачнецца ўжо заўтра, 17 лютага, адказны за душпастырства моладзі ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі прапануе адказаць на некалькі пытанняў, каб зрабіць добрыя велікапосныя пастановы.

Любыя браты і сёстры,

усім нам знаёмая фраза: «Касцёл — гэта мы». Але ж мы такія розныя!

Святы Ян Павел II казаў, што багацце Касцёла менавіта ў яго разнастайнасці, а ў яго еднасці — сіла. Пётр нашага часу Папа Францішак кажа, што Касцёл — гэта супольнасць грэшнікаў, якая імкнецца да святасці. А святы Аўгусцін тлумачыць:

«Вы [усе] пакліканыя не таму, што святыя, а святыя, таму што пакліканыя».

Мае дарагія сябры, на пачатак перыяду Вялікага посту — часу навяртання — прапаную некалькі пытанняў для роздуму, на якія варта шчыра сабе адказаць або нават прыняць адпаведную велікапостную пастанову.

Аб пакліканні

Калі я (біскуп ці святар, кансэкраваная асоба або свецкі вернік) скажу: «Я для Касцёла столькі зрабіў, прысвяціў так шмат часу, ахвяраваўся, і што з гэтага маю? Не бачу ўдзячнасці!» — значыць гэта не пакліканне.

Калі перастаем даваць, а шукаем выгоды і разлічваем штосьці за гэта атрымаць — гэта не пакліканне.

Калі любім — дорым, а калі перастаем дарыць — можа, перасталі любіць?

У той момант, калі пачынаем лічыць, мераць, гандлявацца, пакліканне скончылася. Там ёсць толькі жаданне справядлівай узнагароды.

Стаць у праўдзе

Усе мы грэшныя. Дык чаму ж працягваем руку па камень, калі бачым грэх іншага чалавека? Адкуль гэтае абурэнне? У рэшце рэшт, проста так атрымалася, што грэх брата быў выкрыты, а мой застаўся схаваным.

Ці мы ведаем дакладна, чый грэх большы: ці мой, ці майго брата? Хто з нас больш атрымаў ад Бога дапамогі?..

Усе мы грэшныя. Кожны з нас. Дык навошта кідаць у іншых камяні? Чаму б не даць іншаму чалавеку шанц? Ці, можа, усё гэта робіцца ў імя праўды альбо хрысціянскай любові?..

У нас не ўсё атрымліваецца

Ён не мог навярнуць фарысеяў і садукеяў, юдэйскіх правадыроў і святароў. Ён таксама сустрэўся з няўдачамі сярод звычайных людзей. Ён пацярпеў паразы нават са сваімі сваякамі. Здрадзіў яго не толькі Юда. І ўсё ж Ён усё жыццё прысвяціў дапамозе тым, хто мае патрэбу, і кіраваўся самымі бескарыслівымі матывамі.

Ён — гэта Езус, наш Пастыр.

У нас таксама не ўсё атрымаецца ў жыцці. Нават калі ў нас самыя чыстыя намеры і мы робім усё, што толькі ад нас залежыць.

Не будзем нервавацца і расчароўвацца: трэба толькі верна трываць у любові да Бога і бліжняга!

Жыць Евангеллем

Калі мы дорым людзям тое, што «адрываем ад сэрца», яны могуць запытацца: «І гэта ўсё?..»

Калі мы прысвячаем людзям свой час, нават за кошт сваіх абавязкаў, ахвяруючы адпачынкам, сном, яны могуць сказаць: «Яму няма чаго рабіць…»

Калі мы максімальна добрасумленна стараемся выканаць свае абавязкі, людзі могуць падумаць, што мы такім чынам імкнемся зрабіць добрую кар’еру.

І чым больш мы будзем працаваць, служыць; чым больш будзем старацца жыць сумленна, тым часцей нас могць палічыць «дзіўнымі», «несучаснымі»…

Мае дарагія сябры! Ці вынікае з гэтага, што мы павінны пазбягаць паводзіць сябе так, як вучыць нас Евангелле Хрыста?

Вядома ж, не. Інакш станем, як тыя фарысеі, якія робяць усё толькі для таго, каб людзі бачылі. Проста ведайце, што ў жыцці так ужо склалася, і няхай гэта нікога з нас не знеахвочвае.

У якасці суцяшэння скажу вам і сабе: заўсёды знойдзецца сярод людзей, якія побач з намі, яшчэ адна Магдалена, яшчэ адзін Ян, якія ўбачаць нас у праўдзе і будуць ў захапленні ад нашай Велікапоснай дарогі навяртання. І, канечне ж, Езус, які цудоўна бачыць нашыя сэрцы і нашыя намеры.

Фота: slowo.grodnensis.by

З малітвай і благаслаўленнем на Вялікі пост навяртання і жыцця паводле Евангелля

+ Юзаф

Абноўлена 16.02.2021 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.