Пошук


Якім чынам малавядомы і маргінальны напачатку рух паслядоўнікаў Хрыста за некалькі стагоддзяў стаў галоўнай рэлігійнай сілай у тагачасным свеце?

Так гучыць падзагаловак кнігі амерыканскага сацыёлага рэлігіі Родні Старка, якая называецца «Золак хрысціянства» (The Rise of Christianity), у якой ён разглядае шэраг фактараў, адным з якіх з’яўляюцца эпідэміі. Сапраўды, для таго, каб зразумець, якім чынам хрысціянства ў першыя стагоддзі набыло такую вялікую папулярнасць, неабходна ўлічыць яго арыгінальны адказ на эпідэміі, ад якіх пакутаваў тагачасны свет.

У гэтым артыкуле пойдзе гаворка пра пандэміі ў гісторыі і пра тое, якім чынам Касцёл адказваў на іх, прыпадабняючыся да Хрыста. З гэтых прыкладаў веры і сёння можна чэрпаць натхненне, нават калі сучасным людзям давядзецца ўнесці пэўныя карэктывы, зыходзячы з рэалій нашага часу і абставін.

Жаданне першых хрысціянаў ісці да тых, хто ў патрэбе, што праявілася ў гераічным самаахвяраванні, з’яўляецца прыпадабненнем да Хрыста.

Мы не маем права быць менш ахвярнымі ў жаданні праявіць сваю любоў.

У той жа час такія дзеянні сёння, калі мы самі можам стаць носьбітамі інфекцыі, патрабуюць асаблівай разважлівасці. Калі мы глядзім на гэтыя гераічныя прыклады, няхай Дух Святы накіроўвае нас і паказвае нам, як мы можам рэалізаваць гэта на практыцы ў нашых канкрэтных абставінах. Але няхай наш уласны дух імкнецца да веры, надзеі і любові. І давайце жыць ва ўмовах нашай пандэміі з мудрасцю і прыпадабняючыся да Хрыста ў вачах свету, які глядзіць на нас.

Дыянісій, біскуп Александрыйскі

Святы Дыянісій Александрыйскі / spzh.news

Кіпрыянава чума (249–262 гг.) была смяротнай пандэміяй, у разгар якой у Рыме штодзённа паміралі па 5 тыс. чалавек. У той час, як гэтая эпідэмія моцна аслабіла Рымскую імперыю, хрысціянскі адказ на яе здабыў хрысціянам павагу і яшчэ больш паслядоўнікаў.

Дыянісій, біскуп Александрыйскі, пісаў:

«Вельмі многія з нашых братоў з вялікай міласэрнасцю і братняй любоўю, не шкадуючы сябе, падтрымлівалі адзін аднаго, без боязі наведвалі хворых, без ваганняў служылі ім, клапоцячыся пра іх дзеля Хрыста, паміралі разам; напаўняючыся чужымі пакутамі, заражаліся ад бліжніх і ахвотна бралі на сябе іх цярпенні. Многія, даглядаючы хворых і ўмацоўваючы іншых, памерлі самі, прыняўшы смерць замест іх».

Гэтае відавочнае прыпадабненне да Хрыста — прыняцце смерці для таго, каб уратаваць жыццё, — рэзка кантраставала з тымі, хто быў па-за Касцёлам.

Дыянісій працягвае:

«Язычнікі паводзілі сябе зусім інакш: хворых выганялі з дома, кідалі найбліжэйшых, выкідвалі на вуліцу паўмёртвых, пакідалі нябожчыкаў без пахавання — баяліся смерці, адхіліць якую пры ўсіх намаганнях было нялёгка» (Эўзэбій з Кесарыі, «Гісторыя Касцёла», 7.22.7–10).

Эпідэміі робяць больш інтэнсіўнай натуральную плынь жыцця. Яны ўмацоўваюць і нашае ўласнае пачуццё слабасці і няўхільнасці смерці. Яны таксама павялічваюць магчымасці праявіць любоў, якая супярэчыць культуры і абставінам. Касцёл прыняў гэты выклік у ІІ стагоддзі, здабыўшы такім чынам і прыхільнікаў, і нованавернутых. Падобная дынаміка назіралася і стагоддзе пазней.

Цыпрыян, біскуп Карфагенскі

Святы Цыпрыян Карфагенскі / orthodoxmoscow.ru

Старк лічыць, што хрысціянскае насельніцтва ў 251 годзе складала ўсяго 1,2 млн — 1,9% насельніцтва імперыі. Гэта неверагодны скачок у параўнанні з ІІ стагоддзем, хоць Касцёл па-ранейшаму ўяўляў сабою ўсяго толькі мізэрную меншасць у імперыі. Аднак, як ні парадаксальна, да далейшага росту Касцёла прычынілася яшчэ адна пандэмія.

Гэтая эпідэмія была іншаю (магчыма, гэта быў адзёр, але дакладна не вядома), аднак узровень смяротнасці быў такі ж высокі, як і стагоддзе раней. Цэлыя гарады ў Італіі былі пакінуты, некаторыя з іх назаўжды. І хрысціяне зноў адрозніліся падчас выпрабавання.

Цыпрыян, біскуп Карфагенскі, сказаў пра гэта так:

«Наколькі ж дарэчы, наколькі ж неабходна тое, што гэтая язва, што здаецца жахлівай і смяротнай, шукае справядлівасці для кожнага і выпрабоўвае чалавецтва: ці клапоцяцца пра хворых, ці людзі праяўляюць належную любоў да родных… ці не пакідаюць лекары церпячых».

Гэтыя эпідэміі «выпрабоўваюць» нас. Яны адкрываюць у нас або шлях цела (самазахаванне), або шлях Духа (самаахвяраванне). Эпідэмія ІІІ стагоддзя выявіла ў Касцёле людзей, поўных Духа, гатовых наследаваць свайго Настаўніка.

Узровень смяротнасці сярод хрысціянаў быў значна ніжэйшым, чым сярод насельніцтва ў сярэднім (магчыма, усяго каля 10%, хоць слова «ўсяго» тут не зусім дарэчы). Узаемная любоў братоў і сясцёр у Хрысце азначала, што, з аднаго боку, тыя, хто клапаціўся пра іншых, больш рызыкавалі заразіцца, але, з другога боку, у інфіцыяваных быў лепшы ўзровень выжывання.

Калі гэтыя хрысціяне рабілі сябе ўразлівымі для смерці, яны, па сутнасці, атрымлівалі жыццё.

Як толькі эпідэмія мінула, хрысціяне сталі мацнейшымі. Яны былі мацнейшымі як частка грамадства, таму што большая частка з іх выжыла. Яны былі больш устойлівымі, таму што ў іх была больш моцная надзея перад абліччам смерці. І яны былі мацнейшымі як супольнасці з-за больш моцных сувязяў паміж імі, што ўзніклі ў выніку сумесна перажытых выпрабаванняў.

Калі вы хочаце ведаць, як хрысціянства ператварылася з малавядомага і маргінальнага руху ў 6 млн вернікаў да 300 года, Родні Старк сказаў бы вам: значным фактарам былі эпідэміі.

А што сёння?

Ілюстрацыйнае фота: Twitter

Ёсць шмат рэчаў, якія адрозніваюць наш час ад папярэдніх. Да сучасных шпіталяў не існавала спецыяльных прафесійных устаноў аховы здароўя. Больш за тое, папярэднія пакаленні служылі хворым, мала ведаючы, як перадаюцца іх хваробы. Апекуны могуць быць носьбітамі хваробы, нават калі ў іх яна працякае бессімптомна.

У такіх умовах самаізаляцыя можа быць самым лепшым спосабам не заразіць тых, да каго мы імкнемся праявіць любоў.

Хоць служэнне любові можа выглядаць па-рознаму ў розныя эпохі, любоў усё роўна павінна быць мэтай — любоўю, скіраванай Духам Святым, а не нашым эгацэнтрычным пажаданнем.

Тым не менш, мы можам:

  • Звярнуць увагу на нетрываласць усяго ў свеце: слабасць нашага цела, хісткасць рынкаў, смяротнасць кожнага чалавека.
  • Абвяшчаць і маліць Хрыста-Скалу, ведаючы, што Ён адзін можа дапамагчы нам перажыць гэтую навалу.
  • Па-хрысціянску любіць сваіх суседзяў, ідучы да тых, хто мае патрэбу.

Няхай жа гэтае выпрабаванне будзе на хвалу імя Хрыста і пашырае Яго Валадарства.

Абноўлена 04.02.2021 12:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.