Над пытаннем разважае ксёндз доктар Сяргей Сурыновіч.
Гэтае пытанне часта ўзнікае ў вернікаў, якія сутыкаюцца ў штодзённым жыцці з непрадбачаным ці незаслужаным цярпеннем, хваробай або нават смерцю.
Што кажа на гэтую тэму Святое Пісанне? У Старым Запавеце пад «карай», часцей за ўсё, маецца на ўвазе дзеянне Бога, якое вынікае як рэакцыя на грэх. Гэтая рэакцыя скіраваная на падаўленне зла, яна суб’ектыўна ілюструецца дзеючымі асобамі біблейскага апавядання і аб’ектыўна ўспрымаецца чытачамі Божага слова як Божы гнеў.
Апісанне Божага гневу ў Старым Запавеце можна сустрэць у шматлікіх праявах: אף חרון, charon-af — выбух гневу, עברח, ebrah — абурэнне, רזגז, rogez — хваляванне, קצף, kezef — раздражненне, חמה, hemah — лютасць, זעף, zaaf — шаленства, זעם, zaam — праяўленне лютасці...
Прычынамі Божага гневу і, як наступства, Божай кары, у Старым Запавеце, часцей за ўсё, з’яўляецца ідалапаклонства (пар. Дрг 6, 15; 9, 19, 20, 17; 2 Сам 17, 18; Пс 77, 56-66 і інш.), нараканні на Бога (пар. Ліч 11, 1), няўдзячнасць (пар. там жа, 11, 10), непавага да святых рэчаў (пар. 2 Сам 6, 7), непаслухмянасць (пар. Зых 4, 14), прыгнёт бедных (пар. Зых 22, 23; Іс 9, 16).
Божы гнеў мае розныя праявы — ад катаклізмаў і агню да ўздзеяння як на цэлы народ Ізраэля, так і на канкрэтных людзей.
У Старым Запавеце Божы гнеў заўсёды законны і абгрунтаваны. Гнеў Бога з’яўляецца не спантанным выяўленнем злосці і страты самакантролю, пра што пасля можна пашкадаваць, а вынясеннем прысуду ў выніку спакойнага, кампетэнтнага і вычарпальнага вывучэння ўсіх абставінаў справы; справядлівым адказам на праявы і наступствы граху.
Але не варта спяшацца рабіць адназначную выснову, што Бог нібыта карае чалавека за грахі. Бог ненавідзіць грэх — гэта праўда! У той жа час здзяйсненне граху належыць да свабоднага выбару чалавека, а лагічныя наступствы гэтага выбару з’яўляюцца не столькі карай Бога і праявай Яго гневу, колькі вынікам ганебнай дзейнасці і амаральных учынкаў чалавека.
Вучэнне Касцёла адназначнае: Бог ніякім чынам, непасрэдна ці пасрэдна, не з’яўляецца прычынай зла (пар. ККК 311).
Згодна з Божым планам, чалавецтва павінна быць святым і дасканалым, якім з’яўляецца Ён сам.
Бог адкрыў нам спосаб здабыць Яго спрыянне — праз пакаянне і навяртанне да Яго, бо Ён «узыходзіць у цемры як святло для праведных, ласкавы, міласэрны і справядлівы» (пар. Пс 112 (111), 4).
Стары Запавет утрымлівае апавяданні не толькі пра Божы гнеў і кару грэшніка — трэба дадаць, у чалавечым разуменні, праз сродкі мовы, мыслення, пазнання, абмежаваныя і выключна чалавечыя.
Гаворка ідзе пра выпрабаванні людзей бездакорных, справядлівых і верных Богу. Для многіх такія выпрабаванні непасільныя і нават становяцца спакусай у рэчышчы паходжання іх ад любячага Стварыцеля. Самы бездакорны прыклад падобнага выпрабавання справядлівага — Кніга Ёва.
Спазнаўшы сапраўдныя выпрабаванні — падзенне і нядолю ў чалавечым разуменні, няўдачы і хваробы, гора і прыніжэнні, Ёў ужо, па сутнасці, гатовы змірыцца па-сапраўднаму, прызнаць поўную ўладу Бога над сабой і Яго абсалютны суверэнітэт у свеце. Гэта ўжо не рэлігійнасць, гэта рэальнае прыняцце ўлады над сабой рэальнага Бога, які перайначвае жыццё чалавека. З такога поўнага і безумоўнага аддання сябе Богу і пачынаецца сапраўдны шлях праведнасці.
Магчыма, Ёву, які жыў праведна, не хапала ўпэўненасці. Магчыма, ён хацеў быць заўважаным Богам, каб нагадаць Яму пра сваю праведнасць. Пра тое, што ён, Ёў, не атрымаў ад Яго, ад Бога, на якога так спадзяваўся, чаканага ўзнагароджання. Хацеў нагадаць Богу правілы гульні.
Але, як бачым, Бог падрыхтаваў яму іншую ўзнагароду. Бог гатовы размаўляць з чалавекам — але пра сапраўднае, а не пра ўмоўныя правілы гульні, уяўленыя людзьмі па чалавечым разуменні, па крытэрыях спадзяванняў на сістэму ўзнагарод і пахвал.
Дапушчэнне Богам фізічнага і маральнага зла — таямніца.
Бог тлумачыць гэта праз свайго Сына, Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, каб перамагчы зло. Вера дае нам упэўненасць, што Бог не дапусціў бы зла, калі б не атрымаў з яго дабро шляхамі, якое спазнаем ва ўсёй паўнаце толькі ў вечным жыцці (пар. ККК 324).
У гэтым кантэксце можна разважаць і пра выпрабаванні сучаснага свету, якія датычацца як грэшніка, так і праведніка.
Пошасць каранавірусу ў сваім аддаленым і ілюзійным вобразе параўнальная з падзеямі біблійнага патопу (пар. Быц 6-7). Але існуюць вельмі істотныя адрозненні, на якія варта звярнуць увагу.
У Старым Запавеце, з традыцыйнага пункту гледзішча, падзеі патопу раскрываюць шляхі кіравання свету Стварыцелем, ілюструючы, што нішто ў свеце не адбываецца выпадкова. Бог пасылае на зямлю патоп толькі таму, што сам чалавек скрыўляе шляхі свае на зямлі, напаўняючы яе разбоем, гвалтам і распустай.
У сучасным свеце чалавецтва само пасылае на зямлю своеасаблівыя «патопы», аддаляючыся ад Бога і знішчаючы навакольны свет.
Папа Францішак у закліку да католікаў ва ўсім свеце ўзяць удзел з 16 па 24 мая 2020 г. у экалагічнай ініцыятыве «Тыдзень Laudato si’» прамовіў вельмі простыя, але ў той жа час глыбокія і важныя словы: «Які свет мы жадаем пакінуць тым, хто прыйдзе пасля нас, падрастаючаму пакаленню?» У гэтым пытанні схаваны адзін з адказаў нашаму пакаленню пра магчымыя прычыны не толькі эпідэміі, але і будучых катаклізмаў і іншых пагроз прыроды, якія патэнцыйна напаткаюць чалавецтва, калі яно не зменіцца і не будзе клапаціцца пра стварэнне, пра дар нашага добрага Бога Стварыцеля.
Дзе сёння знаходзіцца каўчэг Ноя, хто абраны ў яго ўвайсці?
Галоўным арыентырам для сучасніка з’яўляецца Крыж з укрыжаваным Збаўцам.
Праз Яго мы знаходзім выратаванне і збаўленне ў лодцы Касцёла, дзе сустракаемся з нашым Стварыцелем і Яго ласкай. Гэта самыя высокія моманты ў жыцці чалавека — моманты усведамлення блізкасці да Яго, сустрэчы з Ім.
Таямніца кожнага выпрабавання заключаецца ў тым, што, прагнучы Бога, мы знаходзім Яго — ачышчаючыся ад усяго, што пошуку, знаходжанню і збліжэнню перашкаджае. Бог не чужы чалавеку, не карае яго і не помсціць, але ў кожнай сітуацыі і выпрабаванні дае шанц выратавання.