Пошук

10.01.2021 07:57   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віталія Палінеўскага

У свята Хросту Пана біскуп Юзаф Станеўскі прапануе моладзі і ўсім чытачам парталу Catholic.by з дапамогаю святога Яна Паўла ІІ паглядзець на мінулы год вачыма веры, каб без страху глядзець у будучыню.

Любая моладзь, дарагія сябры!

Адышоў у гісторыю 2020 год, калі мы адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Так сталася, што гэты год прынёс усяму чалавецтву і нашаму народу нямала цяжкасцяў і выпрабаванняў.

Падводзячы яго вынікі, многія называлі гэты год самым нешчаслівым, найгоршым з усіх.

Чалавецтва, сям’я роду людскога ва ўсе часы сутыкаецца з рознымі праблемамі. Раней мы ўжо згадвалі словы святога Амброзія, які заўважыў, што тое, што нас сустракае ў жыцці, ужо было перажыта раней нашымі продкамі.

Вядома, нас больш хвалююць тыя праблемы, з якімі нам даводзіцца сутыкацца сёння. Нас хвалююць пытанні, адкуль гэтыя праблемы ўзяліся і як знайсці іх вырашэнне. Святы Ян Павел ІІ, якому быў прысвечаны мінулы Пастырскі год у Касцёле на Беларусі, што праходзіў пад дэвізам «Адчыніце дзверы Хрысту», запрашае нас паглядзець на гэта шырэй, вачыма веры, у якой мы былі ахрышчаны.

Святы сябра моладзі казаў:

«Пакуты не з’яўляюцца пакараннем за грахі ці адказам Бога на чалавечае зло. Іх можна зразумець толькі ў святле Божай любові, якая з’яўляецца галоўным сэнсам усяго, што існуе ў гэтым свеце» (З выступлення ў Ольштынскай дзіцячай бальніцы, 1991 г.).

Ён казаў, што страх і занепакоенасць перад будучыняй мы не можам цалкам пераадолець інакш, як толькі разам (З прамовы ў ААН, 1995 г.).

Нехта скажа: дзён моладзі ў дыяцэзіях не было, пілігрымак — таксама, сустрэча Тэзэ прайшла анлайн, аплаткавыя вечары не праводзіліся, не ўдалося сабрацца на парафіядах, моладзевых чуваннях і іншых традыцыйных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Касцёле для юнакоў і дзяўчат. Так, сябры, гэта праўда, але ўсё гэта абавязкова вернецца, і мы зноў будзем без страху сустракацца з нашымі аднагодкамі і аднадумцамі.

Разам з тым я дзякую вам, дарагая моладзь, за вашу любоў; за тое, што вы дазволілі, каб Бог палюбіў іншых людзей праз вас у гэтай складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, з якой мы ўсе сутыкнуліся ўпершыню.

Дарагія сябры, у свята Хросту Пана на пачатку 2021 года я, парафразуючы выказванне святога Яна Паўла ІІ, жадаю і нагадвааю вам: «Сёння свету <…> патрэбныя людзі, моцныя сэрцам, якія служаць з пакорай і любоўю, бласлаўляюць і не праклінаюць, а, бласлаўляючы, зямлю здабываюць». (З гаміліі ў Сопаце, 1999 г.).

На самым пачатку свайго пантыфікату Папа-славянін сказаў вельмі важныя для ўсіх нас і заўсёды актуальныя словы: «Чалавека <…> нельга цалкам зразумець без Хрыста. Дакладней, чалавек не можа цалкам разумець сябе без Хрыста. Ён не можа зразумець, хто ён, ні якая яго годнасць, ані яго пакліканне і канчатковы лёс» (З гаміліі ў Варшаве, 1979 г.). А праз шмат гадоў ужо пажылы Папа казаў:

«На першы погляд можа падацца недарэчным прывязваць Божую прысутнасць да пэўнага месца. Але вы павінны памятаць, што час і месца цалкам належаць Богу» (З гаміліі ў Лагеўніках, 2002 г.).

Дарагія сябры! Падчас калядных і навагодніх святаў, як гэта прынята ўжо з даўніх часоў, мы ўсе пачулі і выказалі адно аднаму шмат цудоўных пажаданняў. Завяршаючы гэты святочны перыяд Нараджэння Пана і ўспамінаючы Хрост Збаўцы, я жадаю ўсім вам і кожнаму паасобку, каб бэтлеемскае святло ніколі не згасла ў вашым жыцці. Няхай радасць Божай прысутнасці перадаецца ад сэрца да сэрца і ад дома да дома па ўсёй нашай сінявокай Бацькаўшчыне, па ўсім свеце, які прагне Хрыстовай любові.

Няхай кожны дзень Новага года будзе напоўнены гэтай Божай прысутнасцю, а таксама благаслаўленнем, шчасцем і здароўем душы і цела.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.