Пошук

31.12.2020 08:18   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Ying Tang / Nur Photo

У апошні дзень 2020 года біскуп Юзаф Станеўскі, які нядаўна перанёс каранавірус, допіс у сваім блогу прысвячае братэрству і сацыяльнаму сяброўству, пра што піша Папа Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы, з падзякай людзям у белых халатах.

Любыя браты і сёстры,

Сардэчна вітаю вас у час падзякі Пану Богу за 2020 год і малітвы аб дараванні нам Провідам Божым новага 2021 года ад Нараджэння нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Гэта таксама час, калі ўвесь свет падводзіць вынікі 2020 года: асаблівага, высакоснага, гэта значыць даўжэйшага за звычайныя на адзін дзень, а гэта ажно 24 дадатковыя гадзіны.

З жыццёвага досведу мы ведаем, што вартасць дня ведае матуля, якая чакае сына з войска; гадзіны — цяжарная жанчына, якае нараджае на свет новае жыццё; хвіліны — пасажыр, які спазніўся на цягнік; а секунды — бягун на кароткія дыстанцыі, які прыйшоў да фінішу другім.

Як жа ляціць час для таго, хто перажывае радасць або некуды спяшаецца, і як ён цягнецца для таго, хто сядзіць у ізаляцыі або хварэе… І як жа часта здаецца, што ранейшыя часы былі лепшымі за сённяшнія. Але нараканне на свой час і захапленне мінулым назіраў ужо святы Аўгустын, які жыў больш за паўтары тысячы гадоў таму.

Дарагія сябры! На пачатку кастрычніка Папа Францішак абнародаваў энцыкліку Fratelli Tutti, прысвечаную братэрству і сацыяльнаму сяброўству. Дзякуючы працы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, мы цяпер маем магчымасць на роднай мове пазнаёміцца з тым, што піша ў ёй Святы Айцец. Сардэчна вас да гэтага заахвочваю.

Ілюстрацыйная выява: franciscanseculars.com

У энцыкліцы пра братэрства і сяброўства Папа, між іншым, разважае на тэму «Жыццё — не час, які мінае, але час сустрэчы» (гл. FT 66). На думку Папы Францішка, Бог менавіта так стварыў чалавека, што ён самарэалізуецца, развіваецца і дасягае ў гэтым паўнаты толькі праз шчыры дар самога сябе. І таму, лічыць Пантыфік, «ніхто не можа адчуць каштоўнасць жыцця без рэальных твараў тых, каго ён любіць» (гл. FT 87).

Згадзіцеся, што гэтыя словы Папы Францішка сёння, у час пандэміі, асабліва актуальныя: шчыры дар самога сябе і прысутнасць «рэальных твараў» блізкіх людзей.

Гэта адчуў і перажыў і я сам, і, напэўна, тысячы людзей з «чырвонай зоны» шпіталяў.

Цяпер хочацца выказаць самыя шчырыя словы падзякі людзям у белых халатах. Так мы зазвычай называем медыцынскіх работнікаў, хоць сёння, у час пандэміі, яны шчыльна «запакаваныя» ў адмысловыя супрацьінфекцыйныя касцюмы. Хочацца падзякаваць вам за шчодры дар саміх сябе і за тое, што мы, не бачачы вашых схаваных маскамі твараў, адчувалі ваш клопат пра каштоўнасць жыцця кожнага з нас, вашых пацыентаў.

Менавіта аб гэтым вашым сардэчным позірку у энцыкліцы Fratelli Tutti гаворыць папа Францішак, калі піша: «Бог не глядзіць вачыма, Бог глядзіць сэрцам». Таму дзякую вам за ваш «позірк сэрцам», за час сустрэчы, за ваш дар саміх сябе, за вашу барацьбу за кожнае жыццё. Мы, хворыя, не бачылі вашых твараў; напачатку было цяжка пазнаць, хто схіляецца да мяне, хто гэты «добры самаранін». За ваша ўменне бачыць сэрцам я дзякую і малюся за вас, і думаю, што да мяне далучаюцца іншыя хворыя, якіх вы лячылі, ахвяруючы сабою.

Ілюстрацыйнае фота: Reuters

Дарагія сябры, час мінае, а з ім адыходзіць у гісторыю высакосны 2020 год. Але ж час сустрэчы ў братэрстве і сацыяльным сяброўстве з цеплынёю сэрца і позіркам спачування назаўсёды застануцца ў памяці і ў сэрцах удзячных людзей. Гэты каштоўны ўспамін я ахвотна бяру з сабой у Новы, 2021 год — новы час сустрэчы.

Якім ён будзе для нас і што запамятаюць з нашай сустрэчы тыя, каго даў нам Пан, залежыць ад нас, ад таго, як мы будзем рэалізаваць сваё пакліканне да братэрства і сацыяльнага сяброўства.

Пры гэтым, паводле слоў святога Грыгорыя Вялікага, важна памятаць, што калі мы даем патрабуючым самае неабходнае, мы даем тое, што належыць ім, а не нам (пар. FT 119).

Любыя браты і сёстры, на пачатку Новага, 2021 года хочацца разам з Папам Францішкам нагадаць людзям Касцёла і яшчэ раз паўтарыць усім людзям добрай волі, што «Касцёл — гэта дом з адчыненымі дзвярыма, бо ён — маці. І падобна Марыі, Маці Езуса, мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, выходзіць са сваіх святыняў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства, каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць насенне прымірэння» (FT 276).

Гэтыя і іншыя шляхетныя намаганні, на думку папы Францішка, маюць права на рэалізацыю, калі сучаснікі зразумеюць, што «зямля ёсць пазыкай, якую атрымлівае кожнае пакаленне і павінна перадаць яе наступнаму пакаленню» (FT 178).

Аднак вельмі важна, «каб мы не страцілі здольнасці заўважаць неабходнасць перамены сэрца, звычаяў і ладу жыцця» (пар. FT 166).

Ілюстрацыйная выява: Interris.it

Заахвочваю вас, браты і сёстры, сябры, людзі добрай волі, да малітвы за нашу Бацькаўшчыну і яе народ на парозе і на працягу новага 2021 года словамі малітвы Папы Францішка, скіраванымі да Стварыцеля неба, зямлі і нас усіх аб хвале Богу на вышынях і аб супакоі людзям на зямлі, паўтараючы:

Пане і Ойча чалавечага роду,
які стварыў усіх людзей з роўнай годнасцю,
улі ў нашыя сэрцы духа братэрства.
Натхні нас марай новай сустрэчы, дыялогу, справдлівасці і міру.
Заахвоць нас да стварэння больш здаровых грамадстваў і больш годнага свету,
без голаду, беднасці, насілля і войнаў.
Няхай нашыя сэрцы адкрыюцца
для ўсіх людзей і народаў зямлі,
каб распазнаць дабро і прыгажосць,
якія Ты пасеяў у кожным з іх,
каб умацаваць повязі еднасці, супольных праектаў і агульных надзей.
Амэн.

З малітвай пры Яслях Дзіцяткі Езуса ваш брат Юзаф

Абноўлена 31.12.2020 08:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця