У актаву Нараджэння Пана, калі падчас святкавання гэтай прыгожай урачыстасці Касцёл успамінае першамучаніка Стэфана і забітых Ірадам Немаўлят мучанікаў, і мы ўзгадаем святара, які стаў мучанікам за Хрыста на нашай зямлі: езуіта Станіслава Міхальскага.
Гэты мужны пастыр загінуў 70 гадоў таму, у свята Божага Нараджэння 1950 года ў Вішневе каля Валожына. Ён стаў ахвярай насілля чорных сіл — савецкіх змагароў з рэлігіяй, якія не мелі іншых аргументаў, як толькі забойствы і разбурэнні.
Гэтую трагічную і адначасова гераічную гісторыю расказвае малады беларускі святар ксёндз Артур Ляшнеўскі, салезіянін.
«У вёсцы Вішнева на Валожыншчыне, дзе карані маёй сям’і, да 1950 года працаваў айцец Станіслаў Міхальскі SІ.
Гэта быў цудоўны, святы святар.
Ведаю аб гэтым, бо мая бабуля і прабабуля апавядалі пра яго і маліліся да яго як да мучаніка. Ведаючы пра небяспеку смерці, ён не кінуў Вішнева (хоць другі сабрат, які быў у Вішневе, з’ехаў). Быў вялікім пакутнікам ад рук камуністаў, якія жорстка здзекваліся з яго і давялі да мучаніцкай смерці.
Калі я падрос, то запытаўся, чаму мы гэта робім на магіле гэтага святара? Яна сказала, што калі мы былі шляхцічамі, наш маёнтак Шыльвы Бор канфіскавалі камуністы. Нас аб’явілі кулакамі, прадзеда збілі да смерці і ён памёр. Прабабуля з васьмю дзецьмі без нічога засталася жыць у склепе — адзінай пабудове, якую не забралі. У тую зіму айцец Станіслаў хадзіў па калядзе і збіраў сродкі на рамонт даху касцёла, які працякаў. Ведаючы нашу сям’ю, зайшоў і да нас.
Убачыў беднату і дзяцей сіротаў. Пасля каляды прабабуля пачала здымаць белы абрус са стала, а пад абрусом а. Станіслаў пакінуў усе грошы, што назбіраў на дах… Ён не прызнаўся, што пакінуў грошы, і сказаў, што калі Бог іх даў, то купіце карову і збожжа. Дзякуючы гэтым грошам, як са слязьмі казала прабабуля, мы з голаду не памерлі, бо на гэта яна гадавала дзяцей.
Бабуля распавядала, як здзекваліся камуністы са святара: зімой яго заганялі у возера ля касцёла і не дазвалялі выходзіць, урываліся падчас Імшы, выхоплівалі келіх, налівалі ў яго самагонку, лілі ў горла і прымушалі скакаць у арнаце…
Мае продкі і я лічым яго святым. На малітоўніках маёй бабулі, яе сястры і іх маці была наклеена фотакартка з кс. Станіславам у труне, пасля малітваў яны яе цалавалі і казалі, што гэты святар святы! Яго магіла — гэта месца малітвы», — кажа ксёндз Артур Ляшнеўскі.
У адным са сваіх лістоў да іншага езуіта, у мінулым — яго выкладчыка ў семінарыі, на пачатку 1946 года айцец Станіслаў шчыра піша, што вельмі хацеў бы быць у супольнасці разам з сабратамі, але адначасова просіць, каб мог застацца ў Вішневе і там несці святарскае служэнне, хоць умовы сапраўды вельмі цяжкія, бо інакш мноства людзей будуць пакінутыя без святара. Будучы мучанік піша, што хоча наследаваць Добрага Пастыра, які аддае жыццё за сваіх авечак.
Айцец Станіслаў Міхальскі нарадзіўся 1 мая 1912 года ў вёсцы Мэлнін Познаньскага ваяводства (Польшча). Яго бацькоў звалі Юзаф і Юзэфа. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1928 г. ён уступіў у Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). З 1930 г. у Пінску (тады Польшча) вучыўся ў калегіі, якую скончыў, атрымаўшы дыплом 12 мая 1935 года.
З 1935 да 1938 года вывучаў філасофію ў духоўнай семінарыі ў Кракаве, а з 1938 да 1944 — тэалогію ў духоўнай семінарыі ў Вільні.
Аднак вучоба мела нечаканы і трагічны перапынак.
24 сакавіка 1942 разам з іншымі духоўнымі асобамі быў арыштаваны нацыстамі і пэўны час правёў у вязніцы на Лукішках. 30 кастрычніка 1942 года разам з іншымі вязнямі быў вывезены на зямельныя работы ў лагер пад Коўнам (Каўнас). З лагера выйшаў толькі ў ліпені 1944 года, калі савецкае войска займала Літву, і, перайшоўшы лінію фронту, 5 жніўня 1944 вярнуўся ў Вільню, дзе рыхтаваўся да апошніх экзаменаў па тэалогіі.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у Вільні 3 кастрычніка 1944 года з рук Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. У 1944–1945 гадах служыў як вікарый у Вішневе, з 1945 стаў пробашчам вішнеўскай парафіі, а пазней таксама парафіі ў Багданаве.
Загінуў 25 снежня 1950 года, пахаваны пры касцёле ў Вішневе.
Асаблівая падзяка кс. Артуру Ляшнеўскаму SDB за пераказанае сведчанне пра а. Станіслава Міхальскага і перададзеныя фотаздымкі, а таксама Раісе Зянюк з Інстытута гісторыі Акадэміі Навук за біяграфічныя звесткі пра а. Станіслава Міхальскага.