Запрашаем да ўдзелу ў вельмі простых і па-свойму творчых адвэнтавых рэкалекцыях на партале Catholic.by, якія правядзе для нас айцец Раман Шульц, дамініканін з Магілёва.
Удзел у гэтых духоўных практыкаваннях анлайн самастойны, удзельнічаць можна ў любым месцы.
Што самае важнае, галоўным рэкалекцыяністам, якога мы просім правесці гэтыя «пачуццёвыя» духоўныя практыкаванні, будзе, як спадзяемся, Дух Святы.
Спачатку коратка пра дзве крыніцы натхнення для гэтых рэкалекцый.
- Мы ведаем евангельскую прыпавесць Пана Езуса пра дзесяць паннаў, пяць з якіх былі мудрымі, а пяць — неразумнымі. Святы Ян Залатавусны, інтэрпрэтуючы гэтую прыпавесць, звяртаецца да бацькоў, чыя задача — мудра клапаціцца аб выхаванні дзяцей.
Яго погляд на гэты фрагмент Божага слова вельмі арыгінальны, бо засноўваецца на тым, што лічба 5 адпавядае пяці пачуццям, якімі з’яўляюцца зрок, слых, нюх, смак і дотык.
Таксама ён задае пытанне, ці вучаць бацькі сваіх дзяцей правільна карыстацца гэтымі пяццю пачуццямі, таму што ў залежнасці ад таго, якімі вобразамі і перажываннямі напаўняюцца пачуцці, якімі стымуламі і ўражаннямі, дзеці або набліжаюцца да Створцы, або аддаляюцца ад Яго. Святы Ян Залатавусны тлумачыць, што ад спосабу карыстацца пачуццямі залежыць тое, узрастае дзіця ў мудрасці ці аддаляецца ад яе.
Было б цудоўна, калі б удалося запрасіць да падзякі за пачуцці дзяцей і моладзь, хоць гэтае запрашэнне скіравана таксама да нас, дарослых. Я ўяўляю сабе вечаровую малітву ў сям’і, дзе малодшыя дзеляцца ўражаннямі, якія атрымалі на працягу дня: што яны з’елі, які пах звярнуў іх увагу, што яны чулі, як карысталіся пачуццём дотыку.
Любоў з’яўляецца творчай, малітва таксама патрабуе творчасці і разважання!
Пан Езус з наймалодшых гадоў напаўняў сэрца праз пачуцці тым, што дапамагала Яму ўзрастаць у мудрасці. Каб Яго наследаваць, патрэбна абвастрэнне пачуццяў, скіраванне іх да неба з удзячнасцю. Не трэба дадаваць, наколькі ў сувязі з гэтым важнае добрае суправаджэнне для мудрага выхавання пяці пачуццяў — «паннаў». Панна — гэта асоба перадусім маральна чыстая.
- Другое натхненне для гэтых рэкалекцый паходзіць ад ксяндза Эдварда Станэка. Гэты знакаміты знаўца айцоў Касцёла, кракаўскі святар, які займаўся таксама духоўным кіраўніцтвам свецкіх, кансэкраваных і духоўных асоб, распрацаваў вельмі цікавую праграму падзякі на ўвесь год.
На кожны тыдзень быў прызначаны адзін дар, за які, паводле свайго метаду, удзельнікі вучыліся дзякаваць Богу.
Я з вялікай ахвотай перапрацаваў гэтую праграму, і гэта было для мяне асабіста вельмі ўзбагачальным досведам. Напрыклад, на працягу тыдня ўзносілася падзяка за ваду, і такім чынам адкрывалася каштоўнасць гэтага дару ў розных штодзённых сітуацыях: падчас заварвання гарбаты, калі ідзе дождж, калі праходзім каля ракі ці возера. Падзяка за дар вяла да адкрывання Таго, хто яго дае, і Яго любові.
Пасля адкрыцця мудрасці св. Яна Залатавуснага і кс. Станэка я хачу запрасіць зацікаўленых дзякаваць Богу за пяць пачуццяў. Гэта не складана, можна нават сказаць, што гэта вельмі простая практыка: кожны можа паспяхова прайсці такія рэкалекцыі. Магчыма, варта выкарыстаць Адвэнт, каб такім чынам мабілізаваць наш дух да творчага і спантаннага праслаўлення Пана Бога.
На падзяку за кожнае з пачуццяў можна прызначыць пяць дзён. Разам атрымліваецца 25 дзён, ці амаль столькі, колькі працягваецца Адвэнт.
Такім чынам, падзяка завершыцца на самае Божае Нараджэнне, каб падараваць маленькаму Езусу нашы сэрцы, напоўненыя ўдзячнасцю за незлічонае мноства дароў, якіх у штодзённасці мы, можа, не заўважаем. У гэтым нам дапамогуць нашы пачуцці.
(Безумоўна, гэта прапанова: магчыма, хтосьці замест 5x5 абярэ 5x4.)
Смак
Першыя пяць дзён падзякі можна распачаць у першы тыдзень Адвэнту (або, каб дзякаваць Богу за дары, на якія звяртае нашу ўвагу пачуццё смаку.
Дастаткова засяродзіць увагу падчас ежы, каб смак страваў ці напояў абудзіў у нас захапленне перад Богам за такую вялікую разнастайнасць дароў, якія кожны дзень ад Яго атрымліваем.
Аказваецца, што для таго, каб напоўніць нашу лядоўню або каб на стол трапілі такія разнастайныя стравы, Бог прыцягнуў да ўдзелу тысячы чалавек. Трэба гэта адкрыць. Тут будзе важна звярнуць увагу на нашу малітву благаслаўлення і ўдзячнасці перад ежаю і пасля яе.
Наша практыка
На стале ў нас кефір, масла, сыр, малако. Гэта Божыя дары, якія адкрываем, прасочваючы іх шлях на стол, разважаючы. Можна сказаць, што Пан Бог разлічвае на наш розум. На пачатку мы ўсведамляем, што ёсць карова на лузе. Луг — гэта месца, на якім дзякуючы вільготнасці, сонцу, адпаведнаму надвор’ю расце трава, якую з’ядае карова. Такім чынам, у нас ужо ёсць некалькі прычын для ўдзячнасці, а менавіта за сонца, дождж, надвор’е і жывёлаў. Гэта вельмі проста, але трэба хацець заўважыць у гэтым Божую любоў і захапіцца ёю.
Чарговы крок разважання паказвае, што хтосьці падаіў гэтую карову і перадаў малако на малочную ферму. Там, у сваю чаргу, працуе цэлая каманда людзей, што выкарыстоўваюць разнастайныя прылады, якія хтосьці павінен быў прыдумаць і зрабіць. Далей мы ўсведамляем, што існуюць складаныя працэсы, у якіх малако перарабляецца ў малочныя прадукты, якія запакоўваюцца і перадаюцца ў крамы, адкуль трапляюць на наш стол, за якім мы іх з апетытам з’ядаем.
Потым, дзякуючы за смак кефіру, мы адкрываем ланцужок Божага клопату пра чалавека, пра кожнага з нас, у якім былі прыцягнуты да ўдзелу сотні, а можа, і тысячы розных людзей. Пачынаючы з працаўніка сельскай гаспадаркі, фермы, транспарту, электраэнергіі, аўтамабільнага завода. Таксама ў нас дома ёсць лядоўня, якую хтосьці сканструяваў і выпусціў, каб прадукты не псаваліся. Варта гэты ланцуг залежнасці адкрываць праз разважанне, каб у канцы выказаць Богу ўдзячнасць і праславіць Яго.
Пытанне: ці нашы смакавыя рэцэптары праслаўляюць Пана?
Можа здарыцца, што я забудуся абудзіць у сабе ўдзячнасць і захапленне падчас ежы, хоць у мяне побач з камп’ютарам і на стале ляжыць паперка з надпісам «дзякуй за дар смаку». Тады варта паразважаць і ўзгадаць пра гэта ў іншы час. Сёння я еў смачную і здаровую кашу, вараныя яйкі і гародніну — дзякуй Табе, Божа!
Многаму могуць навучыць нас дзеці, якія, як сапраўдныя філосафы, здольныя захапляцца дробязямі і дзівіцца ім. Нам патрэбная такая практычная філасофія з выкарыстаннем нашых пачуццяў, каб нанава здзівіцца Божым дарам і праславіць Таго, хто іх дае.
Тады, як сказаў калісьці кс. Эдвард Станэк, шэрая штодзённасць ператвараецца ў штодзённасць больш шчаслівую, у штодзённасць удзячную.
І яшчэ адна думка. Мы спажываем таксама Эўхарыстыю, якая з’яўляецца школай падзякі. Смак святой Камуніі: мы адкрываемся ў веры для духоўнага вымярэння, дакранаемся да таямніцы.