Пошук

11.11.2020 11:11   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святы Марцін Турскі. Выява: Вlogspot.com

11 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін аднаго з найбольш папулярных хрысціянскіх святых — Марціна Турскага, або Марціна Літасцівага, якога ўшаноўваюць і католікі, і праваслаўныя.

Само імя Марцін звязана з імем старажытнарымскага боства вайны Марса. Пэўным чынам гэта знайшло адлюстраванне таксама і ў жыцці святога Марціна, які нарадзіўся каля 316 г. у Паноніі, на тэрыторыі сучаснай Венгрыі, у язычніцкай сям’і. Яго бацька, які выбраў сыну такое імя, быў рымскім трыбунам — вайсковым афіцэрам.

Адмаўленне святога Марціна ад зброі. Мастак Сімонэ Марціні. Выява: Wikimedia.org

У 15-гадовым узросце Марцін сам паступіў на службу ў армію імператара Канстанціна ІІ. Тое, колькі часу ён правёў на вайсковай службе, да сённяшняга дня з’яўляецца прадметам спрэчак даследчыкаў: адны кажуць, што 25, іншыя — што толькі 5. Дакладна вядома адно: найбольш знакамітая падзея яго жыцця адбылася менавіта падчас вайсковай службы.

Нейкаму жабраку, які прасіў міласціны пры гарадской браме французскага горада Ам’ена, Марцін аддаў палову свайго плашча.

Уначы яму з’явіўся Хрыстус, апрануты ў палову плашча Марціна, які казаў анёлам: «Гэта Марцін ахінуў Мяне сваім плашчом».

Марцін ахвяруе свой плашч жабраку. Мастак Луі-Ансэльм Лонга / ok.ru

Пад уплывам гэтай падзеі Марцін прыняў хрост і пакінуў войска, таму што лічыў, што вайсковая служба супярэчыць хрысціянскай веры.

Пасля гэтага вялікай задачай для яго стаў клопат пра навяртанне ўласных бацькоў, што яму ўдалося зрабіць неўзабаве пасля сыходу з войска. Выканаўшы гэтую задачу, Марцін скіраваўся да святога Гілярыя, біскупа Пуацье, і стаў яго вучнем, а пазней — дыяканам. Праз нейкі час ён пасяліўся ў пустэльні на астраўку Галінарыя ў ваколіцах Генуі, дзе вёў выключна аскетычнае жыццё. Там да яго пачалі далучацца шматлікія вучні.

У 361 годзе пустэльнік Марцін заснаваў першы ў Галіі кляштар у Лігужэ, які стаў славутым абацтвам, што існуе да сённяшняга дня. Аднак праз дзесяць гадоў пасля гэтага жыццё манаха крута змянілася. Людзі выбралі яго біскупам Турскім, хоць ён не жадаў гэтага.

Паводле жыццярысаў, Марціна запрасілі ў Тур для таго, каб памаліцца над адной хворай жанчынай, але нечакана абвясцілі біскупам.

Дакументы пацвярджаюць, што ў 371 годзе ён прыняў біскупскае пасвячэнне.

Абацтва святога Марціна ў Лігужэ. Фота: tripadvisor.fr

Аднак нават стаўшы пастырам дыяцэзіі, Марцін працягваў весці суровае манаскае жыццё, што выклікала незадаволенасць іншых біскупаў у суседніх дыяцэзіях. У кляштарах, якія ён засноўваў, манаскае жыццё было спалучана з місіянерскай працай, і Марцін сам здзейсніў нямала місіянерскіх падарожжаў.

Ён распачаў хрысціянізацыю Галіі і праводзіў яе вельмі рупліва і сістэматычна, набыўшы вядомасць як «вясковы апостал». Былога вайскоўца Марціна не расчароўвалі паражэнні і няўдачы: ён працягваў паслядоўна рэалізоўваць вызначаныя мэты дзеля дабра і збаўлення душаў.

Ужо пры жыцці біскупа Турскага пачалі лічыць «чалавекам Божым».

Яго сучаснік Сульпіцый Север апісвае нямала цудаў, здзейсненых па малітве Марціна, а таксама паведамляе, што дзякуючы яму шмат былых язычнікаў прыняло хрысціянства. Паводле сведчанняў, руплівы місіянер нястомна вёў духоўнае змаганне з нячыстымі духамі, якія нападалі на яго тым часцей, чым больш душ адкрывалася для збаўчай ласкі Хрыста.

Выява: tatmitropolia.ru

У сваіх запісах Сульпіцый адзначае, што біскуп Турскі загадзя ведаў час сваёй смерці і прадказаў братам, што ўжо блізкі момант яго адыходу. Між тым у супольнасці Касцёла ў Кандах узнік канфлікт, і Марцін скіраваўся туды, каб вярнуць мір і згоду, хоць ведаў пра набліжэнне сваёй апошняй гадзіны. Пэўны час ён заставаўся ў гэтай мясцовасці на зліве рэк Луары і В’ены. Паспяхова вырашыўшы канфліктную сітуацыю, Марцін збіраўся вярнуцца ў Тур, але раптоўна пачаў траціць сілы.

Апошнім зямным прытулкам біскупа Турскага стаў адзін з касцёлаў, куды прыйшлі ягоныя браты і са слязьмі малілі не пакідаць іх. У адказ Марцін узнёс малітву да Найвышэйшага са словамі:

«Пане, калі я яшчэ патрэбны Твайму народу, не адмаўляюся ад працы. Няхай станецца Твая воля». Сульпіцый захапляецца такой паставай пастыра, які не баяўся смерці, але ў той жа час не адмаўляўся ад жыцця і быў гатовы працягваць сваё нялёгкае служэнне.

Смерць святога Марціна. Мастак Сімонэ Марціні. Выява: Wikimedia.org

Марцін Турскі памёр 8 лістапада 397 года, і з Кандаў яго цела па Луары было перапраўлена ў Тур, дзе 11 лістапада адбылося пахаванне біскупа.

Практычна адразу яго пачалі ўшаноўваць як святога, і такім чынам Марцін стаў першым хрысціянскім святым на Захадзе, які не памёр мучаніцкай смерцю.

Пра яго вялікую папулярнасць сведчаць тысячы прысвечаных яму святынь і мясцовасцяў, якія называюцца ў яго гонар. Для сярэднявечнай Францыі, а таксама для Германіі Марцін стаў галоўным нацыянальным святым.

Фігура святога Марціна ў Хёхцкім замку (Франкфурт-на-Майне, Германія). Фота: Wikipedia.org

Яго рэліквіі знаходзяцца ў базыліцы ў Туры, спецыяльна пабудаванай у яго гонар, якая на працягу стагоддзяў была рэлігійным цэнтрам Францыі, а мантыя святога стала дзяржаўнай святыняй франкскіх каралёў. Жыццярыс святога Марціна Турскага, складзены яго сучаснікам Сульпіцыем Северам, стаў узорам усёй агіяграфічнай літаратуры ў Касцёле на Захадзе.

Яго прыклад натхніў на аскетычны подзвіг мноства пакаленняў хрысціянаў.

Святы Марцін Турскі з’яўляецца апекуном усёй Францыі, а таксама некалькіх дыяцэзій на тэрыторыі Аўстрыі, Германіі і Францыі. Яго лічаць асаблівым заступнікам дзяцей, коннікаў і кавалерыі, кавалёў, краўцоў, млынароў, ткачоў, падарожных, вязняў, жабракоў і жаўнераў. На абразах святы Марцін прадстаўлены ў біскупскім адзенні або ў вобразе жаўнера, які аддае палову плашча жабраку.

Святы Марцін, біскуп Турскі. Мастак Сімонэ Марціні. Выява: Wikimedia.org

Абноўлена 11.11.2020 13:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця