Пошук

04.10.2020 08:08   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява / Рinterest.com

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. З гэтай нагоды біскуп Юзаф Станеўскі свой сённяшні допіс у блогу прысвячае прадстаўнікам гэтай незаменнай і высакароднай прафесіі.

Мае дарагія сябры, вітаю вас. Асаблівыя словы прывітання я скіроўваю да ўсіх, хто сёння дзякуе Богу за дар паклікання да вельмі адказнай прафесіі, місіяй якой з’яўляецца навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі: настаўнікаў, катэхэтаў, трэнераў і выхаваўцаў.

Са святам вас! Мы памятаем і молімся за вас і разам з вамі перажываем гэтыя нялёгкія восеньскія дні. Трымайцеся!

З нагоды настаўніцкага свята дазвольце падзяліцца асабістым успамінам. Магчыма, ён заахвоціць і іншых былых вучняў добрым словам узгадаць сваіх настаўнікаў, патэлефанаваць ім і яшчэ раз падзякаваць за дадзеную ў жыццё «пуцёўку» веры, культуры і ведаў.

Ілюстрацыйнае фота / Рixabay.com

Гэта адбылося падчас маёй вучобы ў семінарыі. Набажэнствы і малітвы для семінарыстаў у капліцы былі абавязковымі: гэта — і патрэба сэрца будучага святара, і прыдатная глеба для сяўбы Божага слова. У семінарыі з малітвы дзень распачынаецца раніцай, а таксама завяршаецца малітвай увечары, калі ўжо сцямнела і трэба ўключаць электрычнае святло.

Аднойчы ўвечары ў чацвер — дзень, калі малітвы ў семінарыі праводзіліся на «мове Касцёла», на лаціне, — у капліцы раптам знікла светло. Тады мы акурат маліліся аб святарскіх пакліканнях, і малітву праводзіў ксёндз прафесар Тадэвуш Вышынскі, выкладчык дагматычнай тэалогіі і касцёльнага спеву.

Калі святло згасла, усе разгубіліся: як далей у цемры чытаць тэкст малітвы?

І раптам у змроку засвяціўся праменьчык.

Гэта быў не цуд: проста ксёндз Тадэвуш запаліў ліхтарык, які дастаў з кішэні сутаны, і працягнуў малітву. Нам, семінарыстам, было цікава, ці выпадкова святар меў пры сабе ліхтарык, і аказалася, што з гэтым звязана цэлая гісторыя, якую ён нам пазней распавёў.

Калі Тадэвуш Вышынскі быў яшчэ падлеткам, яго сям’ю саветы вывезлі ў Казахстан. Было вельмі цяжка прызвычаіцца да нялюдскіх умоў і суровага клімату. Хоць з часам снежныя дарогі сталі знаёмымі, але ў завею і ў цемры было лёгка збіцца са шляху і згубіцца ў бязмежным стэпе. Таму мама заўсёды казала Тадэвушу браць з сабою ліхтарык, каб у выпадку неабходнасці асвятляць сабе дарогу.

Аднак многія маладыя людзі не спяшаюцца прыслухоўвацца да парадаў бацькоў і старэйшых, і Тадэвуш не быў выключэннем. Ён не звяртаў асаблівай увагі на словы мамы, пакуль аднойчы ў дарозе яго не заспела ноч, а да таго ж пайшоў снег з мяцеліцай. На шчасце, матуля выйшла насустрач, і юнак паспяхова вярнуўся дадому.

«З таго часу я заўсёды нашу з сабой ліхтарык, — прызнаўся нам ужо немалады ксёндз прафесар. — І за гэтыя дзесяцігоддзі „бессэнсоўнага“, як часам здавалася, нашэння сёння ён мне акурат спатрэбіўся».

Мае дарагія сябры, ксёндз Тадэвуш Вышынскі вучыў нас, як не заблукаць і не згубіцца ў цемры бязвер’я, а калі спатрэбілася, менавіта ў яго ў кішэні знайшоўся ліхтарык.

Як жа важна вучыць і жыць у суладдзі з самім сабою: «чаму вучу — тым жыву».

Ілюстрацыйнае фота / Freepik.com

Пра гэта ў свой час казаў святы Ян Павел II: «Малады чалавек адчувальны да праўды, справядлівасці, прыгажосці і іншых духоўных каштоўнасцяў. Малады чалавек хоча знайсці сябе, таму ён шукае, часам актыўна шукае, сапраўдныя каштоўнасці і цэніць тых людзей, якія ім вучаць і жывуць імі» (Улацлавак, 6 чэрвеня 1991 г.).

Дарагія настаўнікі, паслухайце, што яшчэ святы Ян Павел II раіў як вопытны выкладчык і выхаваўца:

«Я таксама звяртаюся да вас, паважаныя настаўнікі і выхаваўцы. Вы ўзялі на сябе вялікую задачу: перадаваць веды і адукацыю давераным вам дзецям і моладзі. Перад вамі — складанае і сур’ёзнае заданне. Вы патрэбныя моладзі. Яны шукаюць прыкладаў, якія былі б для іх арыенцірам. Яны таксама чакаюць адказаў на многія фундаментальныя пытанні, якія непакояць іх розумы і сэрцы, і перш за ўсё яны патрабуюць ад вас прыкладу жыцця. Вы павінны быць для іх сябрамі, вернымі спадарожнікамі і саюзнікамі. Дапамажыце ім пабудаваць асновы для іх будучага жыцця» (Ловіч, 14 чэрвеня 1999 г.).

Ілюстрацыйная выява / Аltervista.org

Можа, хтосьці на гэта скажа: «Усе толькі павучаюць». Але багаты педагагічны вопыт Каталіцкага Касцёла, заснаванага самым вялікім Настаўнікам усіх часоў, пацвярджае, што гарманічнае выхаванне немагчымае без узаемадзеяння сям’і, Касцёла і навучальных устаноў.

Толькі разам можна выхаваць сапраўды сталую і адказную асобу, якая будзе адначасова добрым чалавекам, добрым хрысціянінам, добрым сем’янінам і добрым грамадзянінам.

Усіх вас, сённяшнія вучні, навучэнцы і студэнты, я разам са святым апосталам Паўлам заахвочваю: Няхай трывае братняя любоў. Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова. Не паддавайцеся розным чужым вучэнням. Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць. Слухайце вашых настаўнікаў. І хатняе заданне: маліцеся за нас (пар. Гбр 13, 1–18).

Ласка з усімі вамі!

Ілюстрацыйная выява / Wallpaperflare.com

Абноўлена 04.10.2020 20:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа